Радзім Гарэцкі – “Будзьма беларусамі!” – 90:10. У Мінску прайшло пасяджэнне Малой Рады “Бацькаўшчыны”

5 снежня ў Мінску адбылося пасяджэнне Малой Рады “Бацькаўшчыны”, падчас якога была зацверджаная справаздача дзейнасці Згуртавання за 2018 год.

На самым пачатку сустрэчы прысутныя ўрачыста павіншавалі з надыходзячым 90-гадовым юбілеем сябра Рады Радзіма Гарэцкага і з 70-годдзем яго паплечніцу і жонку Галіну, у якой юбілей быў якраз у дзень пасяджэння. У часе сваёй прамовы Радзім Гаўрылавіч высока ацаніў вынікі дзейнасці “Бацькаўшчыны”, надзвычай цёпла адазваўся пра кіраўніцтва і прызнаўся, што Згуртаванне, арганізацыя, якую ён сам узначальваў на працягу васьмі гадоў, займае вельмі важнае месца ў яго душы.

Пасля ўрачыстай часткі кіраўніцы Згуртавання Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская агучылі вынікі працы за мінулы год. А зроблена было нямала.

Цягам 2018 года “Бацькаўшчына”, акрамя традыцыйных падтрымкі сувязі з арганізацыямі беларускай дыяспары за мяжой і асвятлення іх дзейнасці, брала ўдзел у грамадскіх акцыях, рабіла захады па ўдасканаленні існуючага заканадаўства, звярталася з прапановамі ў дзяржаўныя ўстановы аб унясенні зменаў у школьныя навучальныя праграмы ў дачынені да беларусаў замежжа, спрыяла ўсталяванню помнікаў, выдавала кнігі і, вядома, каардынавала дзейнасць грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Гэтак, цягам году спецыялісты Згуртавання быў прааналізаваныя законы “Аб беларусах замежжа”, “Аб сродках масавай інфармацыі” і “Аб грамадзянстве”, статут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кодэксы Рэспублікі Беларусь “Аб культуры” і “Аб адукацыі”. Заўвагі і прапановы былі накіраваны ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта.

Аналіз школьнай праграмы прадметаў гуманітарнага цыклу выявіў нязначную ўвагу да ролі нашых замежных суайчыннікаў, а месцамі нават і няўхвальнае да іх стаўленне з той прычыны, што яны эмігравалі. Вынікі гэтага аналізу разам з прапановамі былі накіраваны ў шматлікія дзяржаўныя ўстановы: Нацыянальны інстытут адукацыі, Міністэрства адукацыі, Адміністрацыю прэзідэнта, Палату прадстаўнікоў. І з атрыманых адказаў вынікае, што гэтыя прапановы прынамсі будуць накіраваныя да разгляду сябрам працоўных груп для дапрацоўкі падручнікаў.

Таксама на зварот дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім (між іншага, таксама сябра Рады “Бацькаўшчыны”) і Ганны Канапацкай быў падрыхтаваны аналіз выпадкаў выкарыстання беларусамі замежжа бела-чырвона-белага сцяга за апошнія некалькі гадоў. Яго вынікі будуць улічаныя пры разглядзе праекта закона “Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь“.

“Бацькаўшчына” паспрыяла ў справе ўстаноўкі помніка Антона і Івану Луцкевічам, які быў адкрыты напярэдадні 25 сакавіка. Ініцыятаркай і натхняльніцай пытання была Маргарыта Пярова з Пецярбургу.

Акрамя гэтага Згуртаванне актыўна працягвала выдавецка-асветную дзейнасць, выдаючы кнігі ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, а таксама паспрыяўшы выхаду кніг Радзіма Гарэцкага “Апантаны Бацькаўшчынай” і Пётры Мурзёнка “Колеры”.

Ініцыяваная Згуртаваннем грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, якая ў гэтым годзе адсвяткавала 10-гадовы юбілей, па-ранейшаму ладзіла шматлікія літаратурныя і музычныя сустрэчы ў шчыльным супрацоўніцтве з Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

Вынікам рэгулярнага правядзення рэгіянальных мерапрыемстваў (прэс-клубы, ток-шоў, дыскусійныя клубы, “Школа мэраў”) на працягу некалькіх гадоў стала відавочнае паляпшэнне сітуацыі з ростам колькасці мясцовых грамадскіх ініцыятываў і рэакцыі на іх мясцовых адміністрацый. Пра гэта сведчыць і даследаванне лабараторыі “Новак” “Узаемадзеянне грамадзянскай супольнасці і дзяржавы на мясцовым узроўні”, зробленае на замову кампаніі “Будзьма беларусамі!” і СІМПА. Вынікі даследавання неўзабаве будуць апублікаваныя.

Пры канцы года “Будзьма!”, як і ў ранейшыя гады, выдала новы выпуск хітовага календара “Не маўчы па-беларуску” і аднайменнага камплекта паштовак. Сапраўдны поспех меў выхад новага раману Віктара Марціновіча “Ноч”, сталага і вострага калумніста сайту кампаніі.

Сябры Малой Рады адзінагалосна ўхвалілі справаздачу.

Гісторык Леанід Лыч выступіў з прапановай зладзіць у 2019 годзе канферэнцыю, прысвечаную 75-годдзю паваеннай эміграцыі.

Пісьменнік і грамадскі дзеяч Павел Севярынец заклікаў сяброў Рады завітаць у Курапаты, каб падзякаваць грамадскім актывістам, якія працягваюць пратэставаць супраць забудовы ахоўнай зоны месца масавых расстрэлаў у часы сталінскіх рэпрэсій.

Пры канцы пасяджэння Малая Рада ўхваліла прапанову правесці Вялікую Раду праз пісьмовае апытанне і даручыла Управе Згуртавання да 20 снежня распрацаваць апытанне аб прапановах у новую дзяржаўную праграму “Беларусы ў свеце”, што будзе прынята ў 2020 годзе.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”