"Проза" Янкі Юхнаўца ў "Бібліятэцы Бацькаўшчыны"

Як і абяцалі – яшчэ да зімовых святаў у "Бібліятэцы Бацькаўшчыны", серыі "Спадчына: агледзіны", выйшаў зборнік прозы Янкі Юхнаўца. Том больш як на паўтысячы старонак адмыслова да 100-годдзя ад нараджэння пісьменніка ўклалі вядомыя даследчыкі беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. 

Што ў кнізе? Апавяданні і дзённікавыя зацемкі. Бескампраміснасць цалкам пазбаўленай уплыву беларускай савецкай літаратурнай традыцыі "падакупацыйнай" (з лёгкай рукі Лявона Юрэвіча – у шэраг да "акопнай" і "партызанскай") вайсковай прозы. Адмысловасць формаў мастацкага выяўлення, праз якую нават калегі-эмігранты ўжывалі на адрас Юхнаўца эпітэты "сюрэалістычны", "дзікі" і папікалі або, наадварот, выказвалі захапленне апакаліптычнасцю выяўленых карцінаў. Самабытнасць мастацкай мовы, якая ставіць аўтара ў адзін шэраг да Вацлава Ластоўскага і Янкі Станкевіча.

А таксама тры прадмовы-спробы з розных бакоў падступіцца да таямнічай аўтарскай творчай кухні і не менш таямнічай, у побытавых варунках мала адрознай ад "цьмянасці" ў творчасці, асобы самога Юхнаўца, чалавека, які па сваёй смерці ў 2004 годзе не займеў надмагілля, бо запавёў развеяць свой попел над Нью-Ёркам. 

Прадмовы ад нью-ёркца і ўкладальніка кнігі Лявона Юрэвіча, ад беларуса з Бельску Яна Чыквіна і ад менчука Антона Рудака.


02-252489481_4647075178682161_8641775600383079528_n.jpg


Янка Юхнавец нарадзіўся 3 лістапада 1921 года ў вёсцы Забродак пад Бягомлем у сялянскай сям’і. Да нямецка-савецкае вайны скончыў сярэднюю школу. Бацькоў ды пяцярых малодшых братоў спалілі карнікі ў гады вайны, сам Янка Юхнавец быў арыштаваны СД і вывезены ў Нямеччыну летам 1944 году. У Нямеччыне вучыўся ва Украінскім вольным універсітэце ў Мюнхене. Трапіў у лагеры перамешчаных асобаў (Рэгенсбург, Міхельсдорф, Розэнгайм), у якіх знаходзіўся ў 1945—1949 гадах. Жыў у Баварыі, працаваў на сельскай гаспадарцы. Дэбютаваў у друку ў 1948 годзе (часопісы «Шыпшына» і «Сакавік»). Янка Юхнавец памёр 6 студзеня 2004 г.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС "Бацькаўшчына"