Прах Змітрака Бядулі вярнуўся на радзіму

Праз 77 гадоў пасля смерці прах выбітнага беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі вярнулі ў Беларусь.

— У нас было шэсць спробаў раней, усе пачыналіся паспяхова, працягваліся з цяжкасцямі і заканчваліся нічым. Гэтым разам усё атрымалася, — кажа сын пісьменніка Яфім Плаўнік.

Пісьменнік памёр 3 лістапада 1943 года ў эвакуацыі ў Казахстане. Быў пахаваны на вялікіх могілках ля Уральска.

Пытаннем перапахавання Бядулі займаецца Фонд Марыі Магдалены Радзівіл, які ўзначальвае Аляксандр Сапега. Спадар Сапега асабіста адправіўся ва Уральск, горад, дзе быў пахаваны Бядуля.

— Могілкі, дзе быў пахаваны Бядуля, велізарныя, мы спачатку спрабавалі самі знайсці магілу, але пасля давялося звярнуцца да мясцовых. — расказвае спадар Сапега. — Ля магілы Бядулі нядаўна ўпала дрэва, яно магло пашкодзіць надмагілле, якое і само па сабе знаходзілася не ў найлепшым стане.


02-c7d0ea2ceeb476ac166b0c0c612dbad5.jpg

Аляксандр Сапега на могілках


Першы дзень працы быў цалкам аддадзены на дэмантаж надмагілля — некалі велічная па савецкіх мерках пліта цяпер выглядала кепска: не хапала многіх літараў і лічбаў у гадах жыцця. Цяпер надмагілле перавезенае ў Беларусь, і яго перададуць Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры.

— Як высветлілася, труна Бядулі знаходзілася не зусім пад помнікам, дакладней, ужо амаль пад нагамі людзей, якія праходзілі побач, — расказвае спадар Аляксандр. — Урачыстасцяў у працэсе эксгумацыі мала. Але мы паклікалі святара, які правёў службу і прапанаваў павесіць мемарыяльную шыльду на храме могілак, а таксама адзначыць месца былога пахавання.

Няпростай задачай было знайсці цынкавую труну, без якой перавезці рэшткі немагчыма. Увогуле, па словах спадара Сапегі, казахскі бок як мог дапамагаў беларускаму: папяровая праца, якой шмат, ішла хутка. Шмат у чым дапамагала беларуская дыяспара Уральска, што знайшла нават ордэн, якім быў уганараваны Бядуля.


10-e55a204728685a0b1f4cbb976e58f37c.jpg


Перапахаванне пісьменніка адбудзецца ў Мінску. Па словах супрацоўнікаў Музея і Фонду Марыі Магдалены Радзівіл, ужо знойдзенае «годнае месца», але працэс узгаднення ідзе няхутка, таму падрабязнасці не агучваюцца. Зразумела, што само перапахаванне будзе ўрачыстым і стане падзеяй. Таксама фрагменты надмагілля ўвойдуць у экспазіцыю «Беларускай хаткі», філіяла музея, што месціцца ў доме, дзе пісьменнік жыў.

— Мы плануем зрабіць невялікую сцежку славы, каб уганараваць памяць тых, хто жыў у «Беларускай хатцы», — кажа дырэктар Музея гісторыі літаратуры Міхаіл Рыбакоў. — Пачнём акурат са Змітрака Бядулі.


12-7941f2ab460021aa83b609f51d3007b0.jpg

Аляксандр Сапега і Яфім Плаўнік


— Я пахаваў бацьку амаль 80 гадоў таму, — кажа Яфім Плаўнік. — Таму тое, што адбываецца цяпер, не магу ўспрымаць як пахаванне. Тады хаваў тату Коласаўскі тэатр, які быў у той час на гастролях ва Уральску. Атрымалася гэткае тэатральнае дзейства. Быў высокі пастамент з прыступкамі, усё пакрытае чырвонай тканінай. Цяпер я вельмі ўдзячны ўсім, хто спрычыніўся да вяртання праху ў Беларусь. Нарэшце гэта атрымалася зрабіць.

Юрась Ускоў, budzma.by
Фота – Юры Камісараў, bellitmuseum.by