Памёр сябра Рады «Бацькаўшчыны», слынны публіцыст і літаратурны крытык Адам Мальдзіс

Яму было 89 гадоў.

Адам Мальдзіс нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Расолы на Астравечыне. У 1956 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Ад сярэдзіны 1950-х пачаў выступаць у друку з артыкуламі і рэцэнзіямі як даследчык беларускай літаратуры і культуры XIX стагоддзя. У 1962 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры ім. Я. Купалы АН БССР. Напісаў і абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Яго кніга “Творчае пабрацімства” (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі змяшчае мноства новых фактаў, здабытых у айчынных і польскіх архівах. У кнізе “Падарожжа ў XIX стагоддзе” (1969) ім пададзены партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху. Выдаў даследаванні “Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя” (1972), “Таямніцы старажытных сховішчаў” (1974), “На скрыжавані славянскіх традыцый” (1980), “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў” (1982), “З літаратуразнаўчых вандраванняў” (1987), “Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў” (1988). Сумесна з літоўскай даследчыцай Альмай Лапінскене выдаў манаграфію “Перазовы сяброўскіх галасоў»”(1988), дзе ўпершыню было паказана літаратурнае ўзаемадзеянне двух народаў ад старажытнасці да нашага часу. Пазней выйшлі яго кнігі “І ажываюць спадчыны старонкі: Выбранае” (1994), “Белорусские сокровища за рубежом” (2010) і многія іншыя.

Прафесар Адам Мальдзіс адкрыў таямніцы знікнення шматлікіх рэліквій нашай зямлі – рукапісаў, абразоў, карцін, старажытных бібліятэк, партрэтаў, гравюр, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Часам дзякуючы ягоным намаганням іх удавалася вярнуць на радзіму. У 1964 годзе ён адшукаў у Ягелонскай бібліятэцы так званы “Полацкі сшытак” – нотны зборнік з больш як двума сотнямі твораў свецкай музычнай культуры беларускіх зямель XVII стагоддзя. У 1974 годзе распавёў пра абставіны знікнення найгалоўнай беларускай святыні – Крыжа Еўфрасінні Полацкай, – пошукамі якога займаўся да самай смерці. Знайшоў шмат слуцкіх паясоў, якія былі вывезеныя з Беларусі. Адам Мальдзіс адкрыў асобу кампазітара і грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, а таксама даказаў, што знакамітыя паланэзы кампазітар пісаў менавіта ў смаргонскім Залессі, а не ў Польшчы.

Грамадская дзейнасць прафесара Мальдзіса не абмяжоўвалася пошукам нацыянальных рэліквій. Напрыклад, ён дамогся, каб у мінскім метро станцыі аб’яўлялі на беларускай мове. Неўзабаве па-беларуску пачалі аб’яўляць прыпынкі і ў наземным транспарце сталіцы. У 2011 годзе Адам Іосіфавіч прапанаваў аб’явіць агульнанацыянальную падпіску на збор твораў пісьменніка пад дэвізам “Чытаем разам Уладзіміра Караткевіча”, якую ў выніку падтрымала дзяржава. У траўні 2015 года Адам Мальдзіс выступіў з прапановаю аб “кананізацыі Францыска Скарыны трыма Цэрквамі: праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай” – і разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі ў чэрвені 2016 года заклікаў надаць імя Скарыны Нацыянальнаму аэрапорту. Адам Мальдзіс заступаўся за астравецкія дубы, якія прадстаўнікі мясцовых уладаў хацелі ссекчы для будаўніцтва новага мікрараёна.

Адам Мальдзіс – ганаровы грамадзянін Астраўца. Ад 2010 года – ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Біяграфічны цэнтр Кембрыджскага ўніверсітэта ў 1997 годзе прызнаў беларускага прафесара Чалавекам года ў галіне культуралогіі і ўзнагародзіў медалём Гонару. Прафесар Мальдзіс узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, іншымі медалямі, а таксама некалькімі ганаровымі адзнакамі суседніх краін. З’яўляецца ганаровым грамадзянінам Польшчы.

Мальдзіс быў блізкім сябром Уладзіміра Караткевіча і пакінуў пра яго цёплыя ўспаміны.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра смуткуе і выказвае спачуванні сваякам, блізкім і калегам Адама Мальдзіса, а таксама ўсім, хто яго ведаў. Гэта вельмі вялікая страта для беларускай навукі і культуры.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС «Бацькаўшчына»