Памёр сябра Вялікай Рады ЗБС “Бацькаўшчына“, прафесар Леанід Лыч, слынны беларускі гісторык, доктар гістарычных навук. У лютым яму б споўнілася 92 гады. Апошнія тыдні ён знаходзіўся ў цяжкім стане ў бальніцы, хварэў на каранавірус.
Прафесар Леанід Лыч стаяў ля вытокаў “Бацькаўшчыны”, і праз усе гады існавання Згуртавання, ад 1990 года, быў адным з самых актыўных яго сябраў.
Леанід Міхайлавіч Лыч нарадзіўся 8 лютага 1929 года ў сельскай сям'і ў в. Магільнае на Уздзеншчыне. Пасля вайны навучаўся ў Мінскім статыстычным тэхнікуме, ваенным вучылішчы, скончыў гістарычны факультэт Башкірскага педагагічнага інстытута ва Уфе (1957). З 1958 г. працаваў настаўнікам. З 1962 года – у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук БССР, дзе прайшоў шлях ад старшага лабаранта да галоўнага навуковага супрацоўніка (2016), доктара гістарычных навук, прафесара. Быў старшынём Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992—1996).
Адзін з аўтараў кніг: “Гісторыя Мінска” (1967), “Нарысы гісторыі Беларусі”, “Гісторыя культуры Беларусі” (1996) ды інш.; аўтар кніг і манаграфій, сярод якіх “Беларуская нацыя і мова” (1994), “Назвы зямлі беларускай” (1994), “Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты” (2010), “Нацыянальна культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання нямецкага акупацыйнага рэжыму” (2011), “Краязнаўства ў кантэксце сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі” (2013), “Беларусы на мяжы нацыянальнай катастрофы” (2015) і інш.
Прафесар Лыч шмат пісаў пра важнасць беларускай мовы і абароны нашай культуры, даследаваў пытанні сацыяльна-класавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку ў Беларусі ў XIX—XX ст., міжнацыянальныя адносіны ў краіне ў XX стагоддзі, нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва, праблему культурнага жыцця на тэрыторыі пад юрысдыкцыяй акупацыйных уладаў, а таксама прычыны цяжкасцяў этнакультурнага жыцця беларускага народа ў выніку правядзення супярэчнай яго інтарэсам дзяржаўнай моўнай палітыкі.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні сваякам, блізкім і калегам Леаніда Лыча, а таксама ўсім, хто яго ведаў. Гэта вельмі вялікая страта.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”