Як правіла, аб беларускія выданні «пісьменнікаў мінулых гадоў» можа добра ўвэдзгаць пальцы – столькі льюць бронзы на квадратны сантыметр выдавецкай плошчы, што яна міжволі застаецца на эпітэліі пасля прачытання. А то і ў горле дырынчыць, аж хочацца адкашляцца. Новая кніжка Лявона Юрэвіча «Масей Сяднёў: pro et contra» – акурат спроба кашлянуць і падумаць, што з міфаў пра Сяднёва можна са спакойным сумленнем адпрэчыць.
Колькасць нашай бронзы, безумоўна, выкліканая адвечным негалоўным відам спорту – сацыяльным канструяваннем рэальнасці, якое, пры наяўнасці адсутнасці нейкіх істотных змен у наваколлі, замяняе магчымасць ускараскацца на вяршыню п’едэстала. Вакол прадстаўнікоў эміграцыі бронзы заўжды было асабліва шмат, што звязана з адчуваннем пэўнай калектыўнай віны за дзесяцігоддзі замоўчвання іх наробку ў савецкі час. Нейкі флёр ад таго некрытычнага прымання застаецца і дагэтуль – тады, калі ў тых жа «Запісах БІНІМ» апублікаваныя, без перабольшвання, тысячы самых розных, у тым ліку вельмі кантраверсійных, дакументаў, датычных шмат каго з эміграцыі. Дзясятак гадоў чытаючы вышэйзгаданы часопіс, я не раз сустракаў недвухсэнсоўна адмоўнае стаўленне да аднаго з найвядомейшых літаратараў замежжа – Масея Сяднёва. Цяпер гэтыя ацэнкі, згадкі, водгукі і палемічныя выказванні фактычна цалкам увайшлі ў кнігу Лявона Юрэвіча і высвечваюць асобу Сяднёва як прафесіянала ў галіне мастацкага тролінгу і дэканструкцыі.
Не памятаю, ці выходзіла на Беларускай службе Радыё Свабода публікацыя «невядомых фактаў» пра Масея Сяднёва, былога дырэктара РС, але калі такая з’явіцца, то адным з найбольш відавочных фактаў будзе той, што амаль усе супрацоўнікі Беларускай службы хацелі зрабіць свайму кіраўніку «цёмную».
Сяднёў улазіў ва ўсе тэксты з глыбокім рэдагаваннем, перайменаваў на радыё Менск у Мінск; заклікаў менш негатыўна ставіцца да савецкага ладу; захапляўся супрацоўнікамі Рускай службы Свабоды і схільны быў лепш прыцягваць да працы іх, чым кагосьці з беларусаў; перапісваў гатовыя тэксты ад заслужаных журналістаў; рэгулярна заварочваў гатовыя тэксты (пры іх немалым дэфіцыце). «Свінствы Сяднёва», паводле вызначэння Янкі Запрудніка, выклікалі ў супрацоўнікаў трывалы неўроз, які можна лёгка адсачыць праз мюнхенска-амерыканскую перапіску.
Знаходзячыся ў Амерыцы, Сяднёў лірычным вершам «Вызваленне» ўнёс пэўную бадзёрасць у літаратурныя колы радкамі пра «юнкерсы» і «месершміты»:
Маліўся сіле агнявой
і дню, што лёс мой перайначыў.
Я самалёту кожнаму над галавой
жадаў найлепшае ўдачы.
Як звязаныя ніцямі душы,
і ў лёце не гублялі яны згоды.
І крылле іх у сонечнай вышы
гарэла водблескам мае свабоды.
Але гэтым эпатажнасць яго не скончылася. Неўзабаве ён напісаў рэзанансны тэкст пра тое, што ў прынцыпе ўся беларуская літаратура, улучна з класікамі Коласам-Купалам, дастаткова другарадная ў сусветным маштабе з’ява, правінцыйная і непараўнальная з рускай культурай. Літаратурную супольнасць беларускай эміграцыі артыкул Сяднёва прывёў у стан шоку. Што да іншых ацэнак, то можна даведацца, напрыклад пра аповесць Максіма Гарэцкага «Дзве душы» як «рэч слабую, блізу нечытэльную» (ліст да Янкі Запрудніка ад 17.07.1974). Вершы Алеся Салаўя, паводле яго, – «дзіцячыя, вучнёўскія, гімназіяльныя, не становяць сабой блізу ніякай вартасці ні з гледзішча мастацкага, ні з гледзішча ідэйнага» (с.52) і «за іх прост-такі сорамна перад нашым слухачом» (с.55). «Каліноўскі – гэта польская гісторыя. У яго не было ніякай беларускай праграмы». «Касцюшка. Ну пашто мы робім з яго нейкага беларускага героя? Як і Каліноўскі, Касцюшка змагаўся за Польшчу, а не за Беларусь». «Не трэба ствараць ілюзіі беларускай дзяржаўнасці ў мінулым, ілюзіі, што мы яе мелі, знаходзячыся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Гэта не так». «Караткевіч – добры пісьменнік, але – зноў жа – у сваіх гістарычных творах ідэалізуе не нашу, а, па сутнасці, чужую гісторыю – дзеі шляхты, гэта значыць, палякаў. У гістарычных творах Караткевіча мы не бачым уласна беларусаў» (с.132–134).
Дажыўшы да незалежнасці Беларусі, Сяднёў прыязджае ў Мінск і, ужо пры Лукашэнку, выступае з дакладам на канферэнцыі, дзе даводзіць, што малітву «Ойча наш» увогуле не трэба перакладаць на беларускую мову, трэба пакінуць яе ў арыгінале – то бок па царкоўна-славянску. Бо ў іншым выпадку «губляецца дух самой малітвы, тут парушаны рытм, строй арыгінальнай царкоўнаславянскай мовы, плаўнасць яе і паэтычнасць».
Цытаты можна доўжыць далей, але і без гэтага відавочна: новая кніга Юрэвіча падкладае неслабую бомбу ў падваліны беларускай літаратуры. І тое, што бомба не ўзарвалася дагэтуль, можа тлумачыцца толькі няспраўным заводным механізмам. Вось жа, наладжваем яго і чакаем гуку раскручанага вентылятара.
Ціхан Чарнякевіч, “Будзьма беларусамі!”