Зусім хутка наступяць Каляды і Новы год – светлыя і радасныя святы, якія мы так любім адзначаць з нашымі блізкімі, у коле сям’і і сяброў. Аднак у нашай краіне за кратамі знаходзіцца шмат людзей, з якіх толькі адных палітычных вязняў ужо больш чым сотня.
Сярод зняволеных ёсць палітыкі і журналісты, праграмісты і блогеры, бізнесмены і творцы, медыкі і настаўнікі – прадстаўнікі абсалютна розных прафесій, таму што сёння кожны з тых, хто адкрыта выказвае сваю палітычную пазіцыю, прагне волі і развіцця нашай краіне, можа ў любы момант апынуцца ў вязніцы. І ўсё недарэмна! Перафразуючы знакаміты выраз, яны сядзяць за кратамі, каб жыла Бацькаўшчына.
Беларусы як ніколі раней ад жніўня гэтага года дэманструюць усяму свету, а найперш адно аднаму, незвычайную салідарнасць і ўзаемападтрымку. Мы ведаем, шмат хто з вас, дарагія нашыя чытачы і сябры, піша вязням, дапамагае валанцёрам і робіць шмат карыснага і важнага ў гэты складаны час, але таксама разумеем, што ёсць і стома, і выгаранне, брак часу і сіл.
Але давайце не забывацца, што ўсе гэтыя выпрабаванні зробяць нас яшчэ мацнейшымі, яшчэ бліжэйшымі адно да аднаго. Таму мы звяртаемся да вас з заклікам: напярэдадні Калядаў і Новага года дашліце віншаванне ці ліст падтрымкі зняволеным. Далучайце да гэтай справы сваіх сваякоў, суседзяў і дзетак, бо нішто так не грэе сэрца, як шчыры дзіцячы малюнак. Гэты просты жэст ад кожнага з нас падтрымае людзей у зняволенні.
Мы моцныя ў сваёй салідарнасці!
Будзьма разам!
Спіс адрасоў палітвязняў глядзіце тут.