Пачалося пасяджэнне ВС па справе ліквідацыі "Бацькаўшчыны".
Прычына – перанос VIII З'езду беларусаў свету на наступны год праз абмежаванні, накладзеныя сусветнай каранавіруснай пандэміяй, за які прагаласавала Вялікая Рада ЗБС "Бацькаўшчына".
Пры гэтым рашэнне аб пераносе з’езду прымалася пасля кансультацый з Мінюстам: якім чынам правесці гэтую працэдуру, каб не парушыць ні заканадаўства, ні Статут. Менавіта Мінюст пацвердзіў, што Вялікая Рада мае ўсе паўнамоцтвы прыняць такое рашэнне, пасля чаго пытанне пераносу было вынесенае на пісьмовае галасаванне сябрам Вялікай Рады.
Раней, цягам пазапланавай праверкі Згуртавання "Бацькаўшчына", распачатай Мінюстам у першай дэкадзе ліпеня, арганізацыя атрымала два папярэджанні:
– першае – за не выкладзеную на сайт zbsb.org, але дасланую ў Мінюст справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова;
– другое – за тое, што ў перыяд з 14 да 22 ліпеня "Бацькаўшчына" не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў.
Ліквідацыя парушэнняў не ўяўлялася магчымай праз тое, што ранкам 14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус, пасля чаго памяшканне было апячатана Следчым камітэтам. Да гэтага часу невядома, што менавіта было сканфіскаванае на офісе Згуртавання. Сёння, 20 жніўня арганізацыя атрымала адказ ад Следчага камітэту, з якога вынікае, што ў дачыненні да Згуртавання распачата справа «па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК».
Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»