Па любімых месцах Мiнска з Аленай Анісім

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і сябра Вялікай Рады "Бацькаўшчыны" Алена Анісім з асаблівымі пачуццямі ўспамінае студэнцкія гады. Паводле яе слоў, менавіта тады для яе і пачаўся свет грамадскай, а пасля і палітычнай дзейнасці.


01-get_img.jpg

Алена Анiсiм: «У студэнцтве часта хадзілі сюды падчас перапынкаў ці пасля лекцый. Маглі проста пасядзець адпачыць тут, падвучыць нешта перад экзаменамі»


ФІЛФАК БДУ: «ЁН БЫЎ ДЛЯ МЯНЕ ЦЭНТРАМ СУСВЕТУ»

- Філалагічны факультэт не проста знакавае, але нават легендарнае месца. Зараз у гэтым будынку на вуліцы Чырвонармейскай знаходзіцца гістарычны факультэт. У 90-х гадах філфак пераехаў на вуліцу Карла Маркса. Само тагачаснае размяшчэнне філфака было дзіўным. Побач была Ленінская бібліятэка, ці, як тады называлі, Ленінка, 4-я сярэдняя школа. Ніжэй - паркі Горкага і Янкі Купалы. Зусім побач - Аляксандраўскі сквер.

Пры паступленні ў мяне была дылема. Мой бацька быў філолаг, а маці - матэматык. У школе я вучылася на выдатна. Тады вельмі модным быў радыётэхнічны тэхнікум, зараз гэта каледж. І ўжо збіралася паступаць туды, сабрала ўсе неабходныя даведкі. Бацька паехаў са мной у Мінск. Мне было 13 гадоў, і ён недзе пабойваўся адпускаць мяне ў такім узросце адну. Ён не быў супраць, але сказаў мне некалькі фраз: «Алена, вырашай сама. Але калі ты пойдзеш туды, то пасля будзеш працаваць з машынамі. Мне здаецца, цябе лепш працаваць з людзьмі». І я яго паслухала. Такім чынам, скончыла 10 класаў, прычым з залатым медалём. Пачала думаць, куды ж паступаць. Ваганняў, што я пайду ў настаўнікі, у мяне не было. Але я любіла і матэматыку, і літаратуру. Выбіраючы паміж дзвюмя дысцыплінамі, разважала так: літаратуру, мову я змагу выкладаць, растлумачыць дзецям. Але ці змагу я так выкладаць матэматыку, каб вучні зразумелі і выдатна гэты прадмет ведалі? У выніку вырашыла паступаць на філалагічны факультэт. Тым больш у 9-м класе падавала сваё сачыненне ў выглядзе верша на абласны конкурс і перамагла. Гэта таксама адыграла сваю ролю, што я пайшла на філфак. І аб гэтым ніколі не пашкадавала. У нас выкладалі выдатныя, легендарныя педагогі, ды і амаль усе мае аднакурснікі былі асобамі з вялікай літары. Так, старастам нашай групы быў Вінцук Вячорка. Шмат хто з нашага курса сталі дастаткова выбітнымі людьмі. Пры гэтым многія паступалі і па чатыры разы. Я лічу, што гэта было правільна. Бо, нягледзячы ні на што, людзі пацвярджалі сваё жаданне мець дыплом менавіта гэтага факультэта і потым працаваць філолагам ці настаўнікам. Гэта вялікі плюс у параўнанні з сённяшняй сістэмай адукацыі. У людзей была мэта, і яны яе дасягалі. Зараз дзеці вар’іруюць баламі, спяшаючыся жыць, тым самым адхіляючыся ад сваёй мэты і жадання.

Увогуле з маім студэнцтвам звязана шмат прыемных успамінаў. Мы былі маладыя і вельмі амбітныя. На другім курсе пачыналася выкладанне славянскай мовы. Польскую тады не выкладалі. І мы пайшлі вывучаць чэшскую. Адначасова я пайшла ў «Спутнік», каб стаць гідам-перакладчыкам. Я сагітавала яшчэ некалькі дзяўчат. Мы атрымлівалі вельмі цікавы досвед, мелі магчымасць падарожнічаць.

Яшчэ я любіла ездзіць у будаўнічыя атрады. Аднойчы мы паехалі на цагляны завод ў Бярэзінскі раён. Прычым у нашым атрадзе былі адны дзяўчаты. Там акрамя завода было пасяленне. І аднойчы ноччу да нас заляцелі хлапцы пэўнага віду. Вядома, мы вельмі спалохаліся. Але ўсё абышлося. А як мы чакалі пасылак з дому! Праца была фізічная, цяжкая. Гэта развівалася ў зверскі апетыт. І калі нам прысылалі вялікія кавалкі сала, яны літаральна разыходзіліся за некалькі вечароў.

Адным з самых адметных момантаў было тое, што на філфаку арганізававалі цікаўнае студэнцкае ўтварэнне  - «Майстроўня». Мы адрадждалі беларускую абраднасць, святы. Вывучалі народныя песні, ладзілі Каляды, гуканне Вясны, Купалле. З «Мастроўняй» паставілі п’есу «Цар Максіміліян». Што тычыцца абрадавых святаў, кіраўніком у нас была Ларыса Сімаковіч. Зараз яна працуе ў філармоніі. Неяк павезлі чэшскіх турыстаў у Сочы. Раптам яны падыходзяць да мяне з часопісам і кажуць: «Хеленка, падзівіся, там ты». Гэта быў часопіс саюзнага ўзроўня «Свет сацыялізма». Там размясцілі здымкі са святкавання Купалля. І мы з Ларысай Сімаковіч былі на першым плане ў вяночках.

Выдатна, што зусім побач з нашым факультэтам знаходзілася тагачасная Ленінская бібліятэка. Тут быў аддзел рэдкай кнігі. Мы, студэнты, тады на свае вочы ўбачылі Міколу Ермаловіча, які распрацоўваў «Старажытную Беларусь». Менавіта ён даставаў з небыцця назву «Літва» ў тым яе гістарычным значэнні, якое было.

Таксама побач з філфакам размяшчалася гасцініца «Кастрычніцкая» (зараз там «Прэзідэнт-атэль»). Тады яе называлі «цыкоўка». Збоку быў уваход у рэстаран. Там было некалькі залаў. У адзін прыходзілі віп-асобы, а ў другі пускалі ўсіх жадаючых. І мы, студэнты, маглі дазволіць сабе схадзіць туды.

Фізкультурныя заняткі праходзілі ў нас у парку Горкага. Таксама вельмі прыгожае месца. Ну а побач знаходзіцца Купалаўскі парк. Часта бывала там студэнткай і калі ўжо працавала ў Таварыстве беларускай мовы. У свой час там праходзілі паэтычныя чытанні. У дзень нараджэння Янкі Купалы ў парку збіралася моладзь, літаратары, паэты.

Знакавай для мяне з’яуляецца і вуліца Кастрычніцкая, дзе я жыла з трэцяга курса. Побач - стадыён «Дынама». Некалькі разоў хадзілі на футбольныя матчы. У 1982г. трапілі на гульню мiнскага «Дынама». Прыемна, что менавіта ў тым годзе каманда стала чэмпіёнам СССР.

Такім чынам, філфак быў для мяне цэнтрам сусвету. І ўжо ад яго разыходзіліся промні. Менавіта з філфака сцежка прывяла на вуліцу Румянцава, дзе быў «Спутнік». Пасля я пачала працаваць у Акадэміі навук, але гэтая сцежка зноў прывяла мяне на Румянцава ўжо ў ТБМ.


АЛЯКСАНДРАЎСКІ СКВЕР: «ТУТ АДЧУВАЛА НАСТАЛЬГІЮ»

- Аляксандраўскі сквер вельмі асаблівы. У студэнцтве часта хадзілі сюды падчас перапынкаў ці пасля лекцый. Маглі проста пасядзець адпачыць тут, падвучыць нешта перад экзаменамі. У нейкай ступені гэта была і настальгія па доме. У вёсцы ж усюды прырода. А тут горад. Але гэты зялёны сквер даваў кампенсацыю.

Яшчэ ў гэтым скверы знаходзіцца ўрадавая трыбуна. З яе савецкае беларускае кіраўніцтва прымала святочныя парады. Само дзеянне адбывалася на месцы, дзе зараз знаходзіцца Палац Рэспублікі. Я таксама аднойчы прымала удзел у адным з юбілейных відовішчаў. Памятаю, што мы былі ў вельмі лёгкай форме. А было даволі халодна. Але нам усё роўна было вельмі цікава, мы адчувалі гонар.

Як раз непадалёк ад гэтай пляцоўцы раней хадзіў тралейбус №2. Аднойчы мы як майстроўцы пайшлі калядаваць у дом на Карла Маркса, дзе жыла шмат пісьменнікаў, у тым ліку Ніл Гілевіч і Уладзімір Караткевіч. А пасля з Каляднай зоркай рушылі напрасткі да Палаца прафсаюзаў. Нас сустрэлі міліцыянты. Мы пачулі, як яны перадаюць адзін другому, што тут нейкае антысавецкае шэсце ідзе. Мы не ведалі як рэагаваць. А нас было больш за 100 чалавек. Некаторых схапілі. Нам сказалі разыходзіцца, інакш пахапаюць усіх. І мы кароткімі перабежкамі рушылі да тралейбуса і паехалі да мастакоў. Там далей адзначалі Каляду. Усё, што накалядавалі, пайшло на пачастункі.

А галоўнае, што менавіта тут знаходзіцца наш знакаміты Нацыянальны акадэмічны Купалаўскі тэатр. Для любога філфакаўца, асабліва студэнта беларускамоўнага аддзялення, гэты тэатр - вельмі знакавае месца. Мы глядзелі шмат спектакляў, ведалі і любілі акцёраў. Гэта было натуральным дапаўненнем нашага філфакаўскага жыцця. Калі ўжо былі настаўнікамі, імкнуліся дзецям перадаваць павагу да тэатра.

Памятаю, як хацела трапіць на легендарны спектакль «Тутэйшыя», які аднавілі у 90-я гады. Білетаў не было. Але мне сказалі, што можна паспрабаваць набыць іх у касе каля філармоніі. І, напэўна, зважаючы, што я гавару па-беларуску, мне далі білеты ў ложу.

У свой час быў такі праект, калі ў спектаклях Купалаўскага тэатра ўдзельнічалі акцёры з іншых краін. Я хадзіла на пастаноўку, дзе галоўную ролю іграў ірландскі акцёр. Гэта было цудоўнае спалучэнне: беларуская п’еса, беларускія акцёры, а галоўны герой - ірландзец, які прамаўляў па-англійску. І пры гэтым ніякага моўнага бар’еру. Былі незабыўныя ўражанні. Вось гэта - сапраўднае мастацтва.

Наогул, размаўляць па-беларуску для меня заўсёды было натуральна. Я вырасла ў вёсцы. Па-беларуску размаўлялі ўсе навокал. Да таго ж у маёй школе ўсе падручнікі былі на беларускай мове. Дадатковым стымулам не адракацца ад сваёй мовы былі і мае аднавяскоўцы. Калі хто-небудзь ад‘язджаў, напрыклад, вучыцца ў горад, а праз нейкі час вяртаўся і вітаў словам «здрасте», старэйшыя людзі казалі: «Ага, ужо гарадскую булачку з’еў». Нягледзячы на тое, што бацька выкладаў рускую і нямецкую мовы, на дзень народзінаў дарыў мне зборнікі Якуба Коласа, паэмы Янкі Купалы. І ў 8-м класе я ведала паэму «Бандароўна» Купалы на памяць. У свой час тата вучыў і французскую мову. З малых гадоў вучыў і мяне на ёй чытаць. Таму я лічу, што свет шматмоўны і кожная мова мае сваё месца.

На шчасце, зараз многія стараюцца размаўляць на роднай мове. Але, каб у поўнай меры вярнуць павагу да беларускай мовы, неабходна, каб роднай мовы не цураліся ўлады. Калі ўлада не размаўляе на мове свайго народа, яна тым дыстанцыруецца і да ёй адпаведна ўзнікае пэўны недавер.

Прыклад з майго нядаўняга досведу. Праходзіў чарговы кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый. І да мяне падыходзілі людзі не толькі таму, што я старшыня таварыства, а таму, што дэпутат. Для людзей было вельмі важна, што на такім форуме прысутнічаў прадстаўнік ад ўлады. Сёння грамадства павінна зразумець, што ўлада наша.

Юлія Гунашвілі, "Белгазета",
фота Аляксандры Зотавай