Паўла Севярынца паставілі ў магілёўскай турме на ўлік як экстрэміста

Сям'я перастала атрымліваць ад яго лісты, напісала жонка палітыка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Суд над Паўлам працягваецца, працэсы ідуць кожны дзень і ідуць у даволі хуткім тэмпе, а гэта значыць, што праз пару тыдняў мы можам даведацца прысуд.

На працэсе Павел маўчыць. Ён не гаворыць ні-чо-га, не адказвае на пытанні. Ён падкрэсліваў гэты момант некалькі разоў у лістах. Кажа, што ўсё, што хацеў, ён сказаў у сваіх кнігах. Гэта вельмі важна для яго.

Яшчэ з навінаў: Паўла паставілі на ўлік як экстрэміста.

Гэта ў тэорыі цягне за сабой цэлы комплекс мер, які падбіраецца да кожнага індывідуальна, наколькі я зразумела з апісанняў іншых родных. Патрэбна гэта толькі для таго, каб ламаць чалавека ў турме.

У выніку нам ад Пашы перасталі прыходзіць лісты ўвогуле. У яго камеры правялі такі шмон, што з матрасам выставілі за дзверы не толькі яго, як "экстрэміста", але і ўсіх астатніх сукамернікаў, намякаючы, што церпяць яны вось з-за гэтага аднаго», — паведаміла Вольга.

Суд над Паўлам Севярынцам і сябрамі «Еўрапейскай Беларусі» пачаўся 12 траўня ў Магілёве ў закрытым рэжыме. На тых, хто прыйшоў падтрымаць вязняў, а таксама журналістаў у першы дзень суда міліцыянты і АМАП зладзілі сапраўднае паляванне, некалькі чалавек затрымалі і адправілі на суткі за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года на шляху дахаты з пікета па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Спачатку палітык 75 сутак правёў на Акрэсціна, дзе на знак пратэсту парэзаў сабе рукі. Потым яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Яму прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя масавых беспарадкаў».

novychas.by