У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла кніга ўспамінаў вядомай беларускай мастачкі Тамары Стагановіч-Кольбы, дачкі Аляксандра і Марыі Стагановічаў.
“Абрэзкі з мінулых гадоў” – менавіта так называецца гэты важкі том, які налічвае больш за 500 старонак і ўяўляе сабой завяршэнне своеасаблівай “сямейнай сагі” Стагановічаў, калі браць пад увагу кнігі, што выдаваліся раней – “Успаміны пасла” (2011) Аляксандра Стагановіча, які быў вядомым беларускім грамадскім і палітычным дзеячам і кніга яго жонкі Марыі “Мае ўспаміны” (2012).
“Успаміны пасла” былі ў асноўным прысвечаныя апісанню грамадскіх падзеяў, якім Аляксандру Стагановічу давялося быць сведкам – а гэта і ўдзел у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і выбары ў польскі сейм, пасля арышты і шасцігадовае зняволенне, жыццё пад акупацый і затым актыўны ўдзел у справах беларускай эміграцыі, у тым ліку ў статусе намесніка прэзідэнта Рады БНР... Кніга яго жонкі Марыі “Мае ўспаміны” знаёміла чытачоў з іншымі аспектамі жыцця Стагановічаў – унутранымі справамі сям’і і сваяцкімі стасункамі. Акрамя гэтага нататкі Марыі Стагановіч утрымлівалі апісанні народных звычаяў, тэксты народных песняў і рэцэпты традыцыйнай беларускай кухні. На жаль, запісаныя ўспаміны Марыі Стагановіч сканчаліся раней за з’яўленне дзяцей, вайну і эміграцыю. Затое цяпер пра ўсё гэта можна даведацца з кнігі “Абрэзкі з мінулых гадоў” яе дачкі Тамары.
Успаміны Тамары Стагановіч-Кольба ахопліваюць перыяд з яе дзяцінства ў 1930-я гады на Наваградчыне да смерці мужа і падарожжа ў Ізраіль у 2012 годзе. Эмацыйны, гранічна шчыры, дэтальны і па-дзіцячы непасрэдны аповед пра вайну і ад’езд з бацькамі ў Нямеччыну, пра ўкраінскую гімназію ў лагеры для перамешчаных асобаў і вызваленне брата з канцлагера, пра побыт у ЗША і сваю няпростую гісторыю кахання, не пакіне абыякавым кожнага, хто возьме гэтую кнігу ў рукі. Важнае месца ва ўспамінах займае апісанне этапаў прафесійнага станаўлення мастачкі, удзел у выставах, у тым ліку і ўражанні ад наведвання з выставай Мінску ў 1994 годзе.
Асоблівую ўвагу на сябе звяртае мова ўспамінаў. Украінская гімназія, скончаная Тамарай Стагановіч у Нямеччыне, украінскае паходжанне яе мужа Аляксандра і доўгае жыццё ў Злучаных Штатах Амерыкі наклалі адбітак як на лексіку і словаўтварэнне, гэтак і на сінтаксіс аповеду. Беларуская мова “Абрэзкаў з мінулых гадоў” пераліваецца нязвыклымі адценнямі і ў сукупнасці з іншымі вартасцямі кнігі дорыць сапраўднае свята для ўсіх аматараў мемуарнага жанру.
Інфармацыйны аддзел МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”