15–16 ліпеня ў Мінску прайшоў Сёмы з’езд беларусаў свету Міжнароднай грамадскай арганізацыі “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у якім узялі ўдзел 228 дэлегатаў, з якіх 115 дэлегатаў – прадстаўнікі беларускага замежжа з 20 краін.
Вынікам двухдзённай працы дэлегатаў стала прыняцце дакументаў, якія актуалізуюць агульнанацыянальныя пытанні. Праблемы, узнятыя ў гэтых дакументах, тычацца кожнага беларуса, незалежна ад месца пражывання і сферы дзейнасці. Таму аргкамітэт З’езда неўзабаве размесціць прынятыя дакументы на арганізацыйным сайце і дашле іх па суполках беларусаў замежжа, грамадскіх арганізацыях і дзяржаўных установах Беларусі. Акрамя таго, на падставе гэтых матэрыялаў далей будуць фармулявацца прапановы з боку Згуртавання “Бацькаўшчына” да дзяржаўных інстытуцый краіны, а таксама будзе складзены план дзейнасці самога Згуртавання на наступныя чатыры гады.
Выніковыя дакументы, прынятыя З’ездам:
- выніковая рэзалюцыя Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”;
-
рэзалюцыя “Справа захавання і ўмацавання незалежнасці Беларусі – справа ўсіх беларусаў”;
-
рэзалюцыя “Беларуская мова – аснова беларускай нацыі і падмурак дзяржаўнасці Беларусі”;
-
зварот Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб забеспячэнні прававых, арганізацыйных, фінансавых і іншых умоў для развіцця стратэгічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і беларусаў замежжа”;
-
прапановы да дзяржаўнай стратэгіі “Беларусь – дыяспара” на перыяд да 2025 года;
-
зварот да кіраўніка гарадской акругі г. Калінінграда “Аб наданні імя Францішка Скарыны вуліцы ў г. Калінінградзе”;
-
зварот да мітрапаліта Кандрусевіча і ўладаў сталіцы аб размяшчэнні парэшткаў княгіні Магдалены Раздзівіл у Чырвоным касцёле ў Мінску
-
вітанне Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “Бацькаўшчына” дэлегатам Шостага з’езда Сусветнага Кангрэса татараў.
Гасцямі З’езда былі вядомыя беларускія культурныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі міністэрстваў і Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вышэйшых навучальных устаноў, праваслаўнай, рыма-каталіцкай, грэка-каталіцкай канфесій, Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, мусульманаў Беларусі.
У першы дзень З’езда з вітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і старшыня Рады Ніна Шыдлоўская. Выступілі прадстаўнікі дзяржаўных устаноў: міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік.
На з’ездзе былі агучаныя вітанні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, ФНКА “Беларусы Расіі”, часопіса “Культура. Нацыя” і інш.
З дакладамі па асноўнай тэме З’езда “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця” – выступілі доктар гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Валянцін Голубеў, кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Гардзіенка і доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства (Польшча) Алег Латышонак.
Са справаздачным дакладам па дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выступіла Старшыня Рады Ніна Шылдоўская.
У другі дзень З’езда праца ўдзельнікаў была арганізаваная па секцыях: “Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы”, “Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах” і “Беларуская мова і культура – аснова нацыянальнай дзяржаўнасці”. Праца секцый насіла больш практычны характар у межах акрэсленых тэмаў, а высновы, зробленыя падчас працы секцый, былі ўлічаныя ў выніковай рэзалюцыі.
Пасля зацвярджэння выніковых дакументаў адбыліся выбары кіруючых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”: кіраўніком Згуртавання абраная Алена Макоўская, а ў склад Вялікай Рады ўвайшло па 50 прадстаўнікоў з Беларусі і суполак беларускага замежжа. На першым пасяджэнні новаабранай Вялікай Рады старшынёй Рады абраная Ніна Шыдлоўская.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Фота – Яўген Ерчак, Аляксандр Кісялёў
Болей фота на budzma.by