Наталля Гардзіенка: Беларускае замежжа ў гісторыі і сучаснасці

Традыцыйна сцвярджаецца, што па-за межамі Беларусі жыве каля 3 мільёнаў беларусаў. Пачатак 1990-х гадоў стаў важнаю вяхою ў гісторыі беларускага замежжа. Геапалітычныя змены на постсавецкай прасторы, з’яўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь прывялі да ўзнікнення новых беларускіх дыяспараў. Дагэтуль беларускае замежжа складалася або з грамадаў, створаных паваеннымі эмігрантамі, або з жыхароў этнічных беларускіх тэрыторыяў, што апынуліся ў складзе Польшчы, Літвы, Латвіі. Ад пачатку 1990-х на мапе свету сталі з’яўляцца “новыя” беларускія дыяспары, найперш у былых саюзных рэспубліках. У той жа час новая хваля эміграцыі ў заходнім кірунку зрабіла значны ўплыў на існаванне “старых” дыяспараў у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш. У выніку беларускае замежжа зрабілася больш разнастайным і паводле геаграфіі, і паводле характару, і паводле ўзросту грамады.

Цягам апошніх 27 гадоў гэтая разнастайнасць няспынна павялічваецца. Ідзе натуральны працэс заняпаду адных суполак і з’яўлення новых. За чатыры гады, што прайшлі ад мінулага з’езду, у беларускім замежжы з’явіліся новыя арганізацыі, прыкладам, Беларускі культурны рух Малдовы або Беларускі культурны цэнтр імя Янкі Купалы ў той жа краіне. Можна казаць і пра новыя з’явы, мерапрыемствы ці ініцыятывы замежных беларусаў апошніх гадоў, сярод якіх Фестываль беларусаў на Байкале, новая драўляная беларуская царква ў Лондане, заснаванне курсаў “Мова нанова” ў розных беларускіх асяродках замежжа, святкаванні “дзён вышыванак”, “дзён закаханых” і г.д. Формы беларускай прысутнасці ў свеце робяцца больш разнастайнымі.

Пры гэтым цягам апошніх гадоў, напрыклад, беларускія арганізацыі Літвы, Латвіі, Эстоніі адзначылі сваё 25-годдзе, а найстарэйшыя арганізацыі Вялікабрытаніі, Канады, ЗША сёння падбіраюцца да 70-гадовых юбілеяў. Аднак і тыя “старыя” дыяспары цяпер ужо функцыянуюць пераважна дзякуючы прадстаўнікам “новай” хвалі эміграцыі 1990-х–2000-х гадоў. Захоўваючы свае традыцыі, яны дзейнічаюць у іншых умовах, у іншым стагоддзі, з іншымі ўдзельнікамі і стаяць перад новымі выклікамі. Тым не менш разуменне сутнаснай рознасці паміж “старымі” і “новымі” структурамі беларускага замежжа важнае сёння як для метраполіі, так і для саміх сучасных замежных беларусаў.


“Старыя” і “новыя”

Паміж “старымі”, пераважна заходнімі, беларускімі асяродкамі і “новымі”, пераважна постсавецкімі, – істотная розніца ў саміх падставах стварэння нацыянальных структураў. Дыяспары ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Бельгіі ствараліся вымушанымі, палітычнымі, эмігрантамі з выразным антыкамуністычным светапоглядам, агульнай памяццю пра ўціск беларусаў у міжваеннай Польшчы або рэпрэсіі ў БССР. Стваральнікі “новых” беларускіх структураў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза знаходзіліся з іншага боку “жалезнай заслоны”, мелі агульны для ўсіх вопыт жыцця ў “сацыялістычнай” дзяржаве і апынуліся ў замежжы найчасцей не з уласнага жадання, а праз змену геапалітычнай сітуацыі.

Паваенныя эмігранты сутыкнуліся з абсалютным няведаннем прымаючых грамадстваў пра Беларусь і беларусаў, а часам нават насцярожаным стаўленнем да сябе як да эмігрантаў наогул. На постсавецкай прасторы ж Беларусь і беларусы былі добра вядомыя і мелі пераважна станоўчы імідж у мясцовых грамадствах, што адбівалася на працэсах заснавання структураў дыяспараў.

Для паваенных эмігрантаў стварэнне нацыянальных арганізацый, пошук суродзічаў былі часта натуральнай умовай выжывання: свае маглі дапамагчы ўладкавацца, атрымаць жытло, працу і г.д. Да таго ж у колах інтэлігенцыі было ўсведамленне асаблівай місіі паваенных эмігрантаў – захаванне і рэпрэзентацыя несавецкай Беларусі, яе культуры і мовы. Для ўдзельнікаў “новых” постсавецкіх дыяспараў далучэнне да беларускіх суполак часта было “вяртаннем да каранёў”, аднаўленнем памяці пра продкаў, зваротам да забытай нацыянальнай мовы.

У асяродках паваенных эмігрантаў вялікую ролю адыгрывалі рэлігійныя структуры. Яны выступалі аб’яднаўчым фактарам шмат якіх беларускіх грамадаў яшчэ і таму, што часта рэлігійная свядомасць у беларусаў была большаю, чым нацыянальная. Савецкая атэістычная рэчаіснасць значна зменшыла важнасць рэлігіі для беларусаў на постсавецкай прасторы і, адпаведна, каштоўнасць нацыянальных рэлігійных структураў у тым ліку і для эмігрантаў хвалі 1990-х – 2000-х. Магчыма, часткова і таму ў сённяшніх асяродках замежных беларусаў такую папулярнасць набыло святкаванне Купалля і Дзядоў.

“Старыя” дыяспары ствараліся ў часы “халоднай вайны”, у ізаляцыі ад Бацькаўшчыны і нават пры варожым яе стаўлення да сябе. “Новыя” беларускія грамады з’явіліся ў кардынальна іншых умовах і адпачатку арыентаваліся на кантакты з Беларуссю, яе афіцыйнымі і/ці грамадскімі структурамі.

Гэта толькі некаторыя істотныя адрозненні “старых” і “новых” дыяспараў, якія накладаюць адбітак і на агульную сітуацыю ў сучасным беларускім замежжы. Нягледзячы на тое, што ў “старых” дыяспарах амаль завяршылася сёння змена пакаленняў за кошт апошняй хвалі эміграцыі, чый менталітэт істотна адрозніваецца ад менталітэту паваенных эмігрантаў, пэўныя традыцыі тых “заходніх” беларускіх грамадаў дагэтуль істотна адрозніваюць іх ад асяродкаў на постсавецкай прасторы.

Разам з тым, у “старых” і “новых” беларускіх дыяспараў можна знайсці багата агульнага і ва ўмовах існавання, і ў формах дзейнасці, і ў праблемах, з якімі яны сутыкаліся і працягваюць сутыкацца. І ў сувязі з гэтым важнае значэнне мае вывучэнне, асэнсаванне досведу папярэднікаў для ўдзельнікаў сучасных беларускіх замежных асяродкаў, а таксама і для метрапольных беларусаў.


Праблема асіміляцыі

Традыцыйнай праблемай усіх дыяспараў з’яўляецца асіміляцыя, страта нацыянальнай ідэнтычнасці. Дыяспара існуе, пакуль супольнасць захоўвае сваю адрознасць, адметнасць у мясцовым грамадстве. Разам з тым, сёння праблема захавання нацыянальнай адметнасці аднолькава актуальная і для беларусаў замежжа, і для суродзічаў у Беларусі. У глабалізаваным свеце, дзе чалавек мае магчымасці значна больш ездзіць, кантактаваць з прадстаўнікамі іншых культураў, пачувацца “грамадзянінам свету”, сама каштоўнасць захавання нацыянальнай ідэнтычнасці размываецца. А калі згадаць, што сёння менавіта нацыянальная самасвядомасць (а не рэлігійная, як часта ў паваенных эмігрантаў) з’яўляецца матывавальным фактарам далучэння беларусаў да нацыянальных арганізацый у замежжы, то можна сцвярджаць, што праблемы з нацыянальнай ідэнтычнасцю ў жыхароў Беларусі наўпрост уплываюць і на стан беларускіх асяродкаў у замежжы. Для прыкладу, цягам 1993–2016 гг. больш за 33 тысячы народжаных у Беларусі атрымалі амерыканскае грамадзянства. Пры гэтым колькасць тых, хто далучыўся да беларускіх арганізацый у ЗША, вымяраецца ў найлепшым выпадку некалькімі тысячамі чалавек. Іншыя губляюцца ў новым грамадстве не толькі для дыяспары, але часта і для самой Беларусі. І гэткая ж сітуацыя, бадай, па ўсіх кірунках эміграцыі з Беларусі.

Зрэшты, калі звярнуцца да досведу “старых” дыяспараў, можна сказаць, што і ў сярэдзіне ХХ ст. далёка не ўсе эмігранты, і нават не палова, далучаліся да беларускіх нацыянальных арганізацый. І з пераменным поспехам вялася “ўсведамляльная” праца ў дачыненні да суродзічаў, прытым і прадстаўнікоў “папярэдніх” хваляў эміграцыі (міжваеннай ці нават яшчэ з часоў Расійскай імперыі).

Сёння можна сказаць, што вырашэнне праблемы захавання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў – супольная задача і замежжа, і Беларусі. І роля беларусаў замежжа тут можа быць надзвычай важнай. На пачатку 1990-х, у часы беларускага Адраджэння, прыбылыя на Першы з’езд беларусаў свету суродзічы з ЗША, Аўстраліі, Канады, Вялікабрытаніі, што захавалі сваю мову і самасвядомасць, былі выдатным прыкладам для беларусаў на Бацькаўшчыне, стымулам аднаўлення цікавасці да нацыянальнай культуры. Гэтаксама і сёння прыклад нацыянальна свядомых актыўных замежных беларусаў можа быць дадатковым фактарам пашырэння беларушчыны ў самой Беларусі.

Супрацьстаянне працэсам асіміляцыі, захаванне нацыянальнай самасвядомасці ў прадстаўнікоў другога і трэцяга пакалення беларусаў дыяспары – важная і складаная задача для любой нацыі. Вопыт “старых” беларускіх дыяспараў сведчыць, што без мэтанакіраванага ўцягнення дзяцей і моладзі ў нацыянальную дзейнасць, без нацыянальнай адукацыі ўжо другое пакаленне беларусаў страчваецца для дыяспары. Прыклад арганізацый, заснаваных паваеннымі эмігрантамі, выразна гэта даказвае – вельмі невялікі адсотак дзяцей эмігрантаў захаваў сувязі з грамадою, і без новай хвалі эміграцыі дзейнасць беларускіх арганізацый у Вялікабрытаніі, Канадзе, ЗША на гэты момант фактычна спынілася б, як амаль замерла яна сёння ў калісьці вельмі актыўнай беларускай Аўстраліі.


Замежжа і Беларусь

Безумоўна важным фактарам існавання беларускага замежжа з’яўляецца сувязь яго з Бацькаўшчынай. Чым большая адарванасць дыяспары ад метраполіі, тым складанейшыя ўмовы выжывання нацыянальных структураў у замежжы і магчымасці паразумення паміж геаграфічна (і не толькі) раздзеленымі суродзічамі. Той самы вопыт “старых” дыяспараў сведчыць, што абыякавасць ці нават варожасць уладных структураў да замежных суродзічаў спрыяе не толькі негатыўнаму стаўленню да замежных суачыннікаў у беларускім грамадстве, але і правакуе з’яўленне феномену “падзеленай нацыі”, прадстаўнікі якой адчужаныя адно ад аднаго на светапоглядным узроўні. А яшчэ гэта вядзе да ўзнікнення сітуацыі, калі патрэбная ўжо своеасаблівая рэабілітацыя вобразу замежнага беларуса ў грамадстве метраполіі, тлумачэнне, што беларус у ЗША, Канадзе, Літве, Украіне, Расіі – такі ж прадстаўнік агульнай беларускай нацыі, як і суродзіч у Беларусі. І найперш гэта павінныя ўсвядоміць уладныя структуры ў Беларусі.

Але… Мы ад з’езду да з’езду паўтараем як мантры, што метраполія мае зразумець важнасць і вартасць замежных беларусаў, праводзіць сістэмную палітыку і г.д. Але ёсць тое, што залежыць ад канкрэтных асобаў і іх актыўнасці, ад нас з вамі. Гісторыя беларускіх структураў у розных краінах свету пацвярджае: усё залежыць ад асобаў.


Памяць і архівы

Скажу толькі пра адзін важны момант, пра памяць. Менавіта супольная памяць лучыць людзей у нацыі. Памяць пра ўдзельнікаў і падзеі ў беларускіх асяродках у розных краінах – не толькі важны фактар гуртавання тых грамадаў, але і частка агульнай гістарычнай памяці ўсіх беларусаў, частка супольнага вопыту выжывання. Захаванне гэтай памяці, вывучэнне вопыту – агульная задача беларусаў замежжа і Беларусі.

І ў сувязі з гэтым неабходна сказаць пра архівы і супольную адказнасць суродзічаў і замежжа, і метраполіі за захаванне культурнай спадчыны замежных беларусаў як часткі агульнай нацыянальнай культуры. Архівы арганізацый і паасобных дзеячаў маюць звярнуць на сябе асаблівую ўвагу. Гэта датычыць як традыцыйных, так і электронных архіваў.

З 1990-х гадоў у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва пачалося збіранне архіваў замежных беларусаў. У 2014 г. гэта аформілася ў з’яўленне адмысловай навукова-творчай ініцыятывы “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа”. Цягам апошніх гадоў нам актыўна перадаюцца архівы беларускіх дзеячаў і арганізацый з ЗША, Канады, Аўстраліі, Польшчы, Расіі.

Архівы – гэта не могільнікі папераў. Хто валодае архівамі – валодае гісторыяй. Сабранае ў архіве будзе спрыяць не толькі захаванню памяці пра вас для нашчадкаў, але і справе папулярызацыі дзейнасці і спадчыны беларускага замежжа ў Беларусі. На мінулым з’ездзе вы маглі бачыць выставу “У літарах і вобразах”, заснаваную пераважна на калекцыях нью-ёркскага Беларускага інстытута навукі і мастацтва. Цяпер гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў нас у Мінску. Да гэтага з’езду мы падрыхтавалі дзве выставы ўжо на фондах нашага БДАМЛМ: “Зора і Вітаўт. Да 90-годдзя дзеячаў беларускай эміграцыі ў ЗША Зоры і Вітаўта Кіпеляў” і “За пчалою Скарыны: друкаваная спадчына беларускай эміграцыі на Захадзе”. І гэта толькі асобныя прыклады дзейнасці па папулярызацыі беларускага замежжа, якая робіцца на падставе сабранага намі. Сумесна са Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” друкуюцца кнігі, рыхтуюцца публікацыі, ладзяцца мерапрыемствы. І мы запрашаем суродзічаў з усіх асяродкаў беларускага замежжа перадаваць нам дакументы і матэрыялы, звязаныя з вашай дзейнасцю, атрымліваць кансультацыі па захаванні і ўпарадкаванні архіваў. Гэта тое, што мы з вамі самі рэальна можам зрабіць і адказнасць за што нельга перакласці на кагосьці іншага. Захаванне нашай супольнай спадчыны залежыць менавіта ад нас з вамі. А гэта хоць і невялікая, але надзвычай важная справа ў працэсе захавання беларусаў як нацыі. Давайце рабіць яе разам!

Наталля Гардзіенка
VII з’езд беларусаў свету 15-16 ліпеня 2017 г.