Добрая навіна для тых, хто ўпадабаў “Дзённікі і запісы” Рыгора Барадуліна, але даўным-даўно “праглынуў” папярэднія выпускі і цяпер сумуе без улюбёнай чытанкі.
Дзякуючы нястомнасці ўкладальніцы Наталлі Давыдзенка супольная серыя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў” пабагацела на яшчэ адну кнігу раней невядомай спадчыны дзядзькі Рыгора.
Шосты выпуск ахоплівае перыяд 1992–1993 гг., які ў памяці многіх беларусаў застаўся, з аднаго боку, як час глыбокага крызісу і шалёнай інфляцыі, а з іншага – як эпоха нечуванага ўздыму грамадскай актыўнасці. Зрэшты, фінансавыя і арганізацыйныя праблемы не абмінулі таксама і беларускіх пісьменнікаў з выдаўцамі, таму ўважлівы чытач адразу адзначыць для сябе амаль поўную адсутнасць пісьменніцкіх справаздач з замежных паездак у параўнанні з папярэднімі тамамі. Затое на долю менавіта гэтай кнігі выпаў гонар змясціць зацемкі з той самай вандроўкі, пра якую Рыгор Барадулін сапраўды шчыра марыў – падарожжа ў Іерусалім, “адзінае вандраванне, куды імкнецца душа мая”.
Менавіта ў гэты насычаны актыўнай грамадскай дзейнасцю перыяд жыцця Рыгора Барадуліна, паміж ўдзелам у соймах Беларускага Народнага Фронту, пасярод дзён, запоўненых клопатам аб уладкаванні Беларускага ПЭН-Цэнтра і працай над падрыхтоўкай да выдання шматлікіх збораў твораў (у тым ліку рэпрэсаваных пісьменнікаў, з творчасцю якіх маладая Беларусь толькі рыхтавалася пазнаёміцца), яму якраз і было нададзена ганаровае званне – яго імя дасёння замыкае спіс народных паэтаў Беларусі.
Таксама з дзённікаў можна даведаца пра акалічнасці працы пісьменніка ў новым для сябе накірунку – працы над стварэннем дакументальных фільмаў. І ў якасці сцэнарыста, і ў якасці чальца здымачнай групы.
Як і ў мінулыя гады, запісы паэта не абмяжоўваюцца простай фіксацыяй адзнакаў эпохі. Шосты выпуск утрымлівае больш за сто вершаў, якія раней не выдаваліся ў зборніках.
Са словаў укладальніцы Наталлі Давыдзенка, плённая праца над наступнымі выпускамі дзённікаў Барадуліна ў самым разгары, таму ўсім ахвотным варта паспяшацца з набыццём кнігі, пакуль яна не зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС”Бацькаўшчына”