„На ўсе вякі Зямлі – Радзіме песень жыць!“ Сяргей Панізнік узгадвае Міхала Забэйду-Суміцкага

Да 120-годдзя з дня нараджэння Салаўя беларускага мацерыка Міхала Іванавіча Забэйды-Суміцкага (14.06.1900 – 21.12.1981).


У 1970-х гадах быў напісаны мною верш „На ўсе вякі“ (Гашма), у якім выляталі салаўі са слоў Забэйды і выяўлялася Радзіма з-пад крыла ашчадных і цярплівых сноў Забэйды. Я радаваўся, узгадваючы славутага спевака, што „яшчэ адна вясна яго знайшла!“ Але 6 студзеня 1978 г. я змаркоціўся, калі атрымаў ад Міхала Іванавіча ліст з такімі словамі: „Моцна хварэю і не ведаю, ці яшчэ адна вясна мяне знойдзе“. Знайшла! І знайшоўся гэты верш у перакладзе на англійскую мову Алены Таболіч. Потым ён быў змешчаны у зборніку вершаў на беларускай мове і ў перакладах на англійскую і французскую мовы пад назвай „На ўсе вякі...“ (2011).


1972.jpg

Міхал Іванавіч у сваёй кватэры 3.08.1972.


Пазней з верша ўзнікла песня „Салаўіная страла“, створаная кампазітарам Алегам Чыркуном, і ў 2006 г. яна была змешчана на старонках спеўніка „Дабравест“ (Песні на словы Сяргея Панізьніка). Я па-дабравестаўску цяпер гукаю так: На ўсе вякі Зямлі – Радзіме песень жыць! / І будзем, будзем нашу памяць варушыць, / Забэйдавымі салаўямі даражыць, / Запевамі вясны з палёў Забэйды.

А першыя запевы з палёў Забэйды я, курсант факультэта журналістыкі Львоўскага ваенна-палітычнага вучылішча, знайшоў у архівах Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэкі АН Украіны імя Васіля Стэфаніка. Сярод іншых неверагодных знаходак для беларуса са школьнай адукацыяй, мяне асабліва ўзрушыў архіў польскага часопіса „Sygnaly“. З гэтым дэмакратычным выданнем зналіся беларусы Вільні, рыхтуючы артыкулы для публікацый. З дзесяткаў ілюстрацый да іх (выявы Галубка, Чарота, Машары, Максіма Танка, Маракова, Ясакара, Гушчы, Знаёмага, паштоўка правадыра паўстання Каліноўскага...) трапіла на вочы і такая: „Міхась Забэйда-Суміцкі, саліста оперы“. На адвароце фотакарткі надпіс: „Вельмі паважанай пані Марысі Шутовічанцы на памятку аб канцэрце 5 мая 1938 г. у Вільні. М.Забэйда. 5-V-1938“.


u-vilni.jpg

Міхал Забэйда-Суміцкі з Рыгорам Шырмам, Канстанцінам Галкоўскім, Людамірам Рагоўскім. Вільня, 8.05.1938. Максім Танк выглядае з апошняга шэрагу


Пра Забэйду мне яшчэ ў Мінску цікава распавёў наведнік Прагі пісьменнік Язэп Семяжон. Прайшоў некаторы час, і калі на канцэрце ў філармоніі выступаў піяніст Альфрэд Голечэк з Прагі, я асмеліўся ў перапынку запытацца ў яго пра Забэйду. Чэх з радасцю адказаў, што ён часта выступае са спеваком на канцэртах і даў няпэўны яго адрас. 18 лістапада 1966 г. я напісаў далікатны ліст паважанаму прафесару і праз некаторы час атрымаў адказ ад паўсюль знанага ў Празе жыхара.

Перапіска з дзядзькам Міхалам доўжылася некалькі гадоў. Вось 13 лютага 1974 г атрымаў з Прагі ліст. Прывяду толькі адну цытату: „Твой верш «І застануся песняй» мне вельмі спадабаўся. Спадабаўся ён і Янку Шпаку, які сказаў: «Малайчына Панізнік». Узяў твой адрас. Будзе табе пісаць“. З Янкам Шпаком – навукоўцам, перакладчыкам, трымаю сувязь да гэтага часу.


autohraf.jpg

Партрэт Міхася Забэйды-Суміцкага з аўтографам


Творчы і жыццёвы шлях Спевака я пранікнённа вывучаў, і таму мог дазволіць прамаўляць у вершы нібыта ад яго імя:


„...бо цэлы свет я пераліў у песні,
а песні ў жылы ураслі мае,
каб азываць шчаслівыя прадвесні
і пазнаваць радзінныя кругі…
І хай я застануся толькі песняй
якую не стрымалі берагі“.
(З верша „І застануся песняй“, прысвечанага Міхалу Забэйду-Суміцкаму)


А берагі жыцця нашага суайчынніка былі ого якія высокія і разлеглыя. Накручаны яны на планету вось як: ад Маладзечна (1914–1915) да Смаленска (1918), ад Усць-Калманскага каля Барнаула да Харбіна (1929–1932). А яшчэ былі такія прыстані: Шанхай, Ганконг, Сінгапур, Бамбей, Каломба, Порт-Саід, Венецыя і Мілан. Алнаго разу Міхал Іванавіч пахваліўся падарункам міланскага прафесара Фернанда Карпі з аўтографам італьянца ў перакладзе: „Майму даражэйшаму вучню сеньёру Міхалу Забэйду на добры ўспамін і з найлепшымі пажаданнямі. Фернанда Карпі“.


hradcany.jpg

Міхал Іванавіч на фоне Градчанаў, 16.05.1973 г.


Пасля Італіі першае выступленне на Бацькаўшчыне ў 1935 г. адбылося ў Ружанах. Потым Забэйду сустракалі Баранавічы, Брэст, Беласток, Вільня, Варшава. У 1940 г. з варшаўскіх пакутаў яго ўратавала Прага. Пісаў Міхал Іванавіч: „Удалася мне песня Б.Сметаны «Кдо в златэ струны заграт зна...» З яе зместа вынікае: «Той народ не загіне, пакуль яму вяшчун спявае; бо песня ў небе народжана – і ў смерць жыццё ўлівае». Слухачы акупаванай немцамі Прагі зразумелі сэнс песні і дамагаліся паўтору... А потым мяне клікалі ў гестапа“.

М.І. Забэйда-Суміцкі выступаў у Рызе ў 1937–38 гг. А ў верасні 1943 г. беларускія актывісты Латвіі зладзілі выступленні спевака ў Рызе, Даўгаўпілсе, Краславе, Індры, Лудзэ, Зілупэ, Пасіене. Акампаніятарам на гастролях была настаўніца спеваў у І-ай Рыжскай беларускай школе Вольга Васільеўна Бароўская, жонка Уладзіміра Пігулеўскага. А 28 верасня латышы запрасілі пражскага госця выступіць з канцэртам ва ўніверсітэцкай зале Рыгі. Прагучала 15 твораў у яго выкананні.


na-vulicy.jpg


Дзівосы, але праз 20 гадоў Міхал Іванавіч зноў правёў вялікае творчае турнэ. У 1963 г. па запрашэнні Міністэрства культуры БССР ён здзяйсняў гастрольную паездку па Беларусі. На дзесяці мовах свету гучалі песні на канцэртах у Мінску, Гродне, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Баранавічах, Віцебску, Магілёве, Гомелі. Архіў нагадаў надпіс на адвароце гастрольнага фотаздымка, дзе заснятыя Максім Танк, Янка Брыль, Ларыса Александроўская, Язэп Семяжон, Міхась Забэйда-Суміцкі, Пімен Панчанка, Янка Скрыган, Рыгор Цішчанка: „Дарагі і паважаны Міхась Іванавіч! Мы, студэнты БДУ імя В.І. Леніна і ўся моладзь зямлі беларускай, выказваем Вам сардэчнае дзякуй за тыя незабыўныя дні, калі мы чулі Ваш цудоўны голас, бачылі Вас на сваёй роднай бацькаўшчыне!!! Гэтыя хвалюючыя хвіліны сустрэчы мы захаваем у сваім сэрцы на ўсё жыццё і будзем расказваць аб іх сваім децям, як аб найдаражэйшым падарунку. Ад душы жадаем Вам доўгх год жыцця і вялікага шчасця! Мінск, 15 мая, першы канцэрт. Мікола Пашкевіч, Вячаслаў Рагойша, Леанід Акаловіч“.

Узрушыла мяне і такое выказванне самога спевака, вычытанае ў кнізе „Мастацтвам за мір“ (1962): „Паводле таго, што я чытаў пра сябе ў друку, павінен быў нарадзіцца, прынамсі, у трох, ці нават чатырох месцах: гэта – Шэйпічы, Несцяровічы і проста на лузе – на сенакосе!“


zabejda-zydlicki-karatkievicy.jpg

Ідуць Міхал Іванавіч і яго госці Валянціна і Уладзімір Караткевічы, Вацлаў Жыдліцкі, 1.07.1973 г.


Гэты мой верш быў напісаны з маркотнымі думкамі, але створаны ён быццам ад імя несцяровіцкага гаспадара...


Несцяровіцкі сенакос

Я – у выраю, сумным выраю...
Толькі песня і можа вырвацца,
легчы крыламі на пакос --
несцяровіцкі, дзе я ўзрос.

Тут на ростані, пражскай ростані
толькі песня адчуе вёрстамі
шлях да роднай маёй зямлі,
дзе гняздуюцца жураўлі,

сена косіцца... Песня просіцца
з-пад сіроцкага ў Празе просінца [просінец (чэшс.) – снежань.]
на курган-гару пераплыць.

Сенакос ідзе. Мне там быць!
Песня родная – міраносіцца:
шлях мой здолее азарыць.

У 1990 г. пры Нацыянальным культурна-асветным цэнтры імя Ф.Скарыны дзякуючы старанням Адама Мальдзіса ўслед за Аб’яднаннем сяброў польскай культуры было створана Аб’яднанне сяброў чэшскай і славацкай культур імя М.І. Забэйды-Суміцкага. Яго спадкаемцамі ў Празе выказалі быць Вацлаў Жыдліцкі, Міласлаў Зіма, Надзея Кастэцкая. Адным з першым мерапрыемстваў Аб’яднання быў вечар, прысвечаны Забэйду, у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яго праводзіла доктар Ірына Шаблоўская, выступалі Ганна Сурмач, Іван Шпак, Надзея Батурыцкая, Янка Саламевіч. Пазней мне пры Доме дружбы даверылі выконваць абавязкі старшыні таварыства „Беларусь – Чэхія“.


partret.jpg

І яшчэ пра адно вяртанне Забэйды-Суміцкага. У Львове я пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй газеты „Голас Радзімы“. І вось аднаго разу перадаў для публікацыі матэрыял, атрыманы з рук дзядзькі Міхася ў Празе. Гэта была манаграфія Міколы Шчаглова „Беларускі салавей (Міхась Забэйда-Суміцкі)“. Даследаванне апублікавалі ў нумарах 5–10 за 1994 год. Быў змешчаны мой уступны артыкул „Яшчэ адно вяртанне Забэйды-Суміцкага“, а ў тэкстах Мікалая Мікалаевіча Шчаглова-Куліковіча (4.04.1893 – 31.03.1969) – паэта, этнографа, кампазітара, педагога, дырыжора, аўтара операў, сімфоній, вакальных твораў – чытач знйшоў цікавыя дадаткі: вершы Алеся Салаўя, Янкі Сіпакова, Сяргея Грахоўскага, Максіма Танка, Віктара Шведа, Рыгора Барадуліна... Сам жа Шчаглоў скончыў сваё даследаванне такімі словамі: „Беларусь ніколі не забудзе свайго салаўя“. У такім спадеве я прачытаў і радкі паэта Віктара Шведа: Дык хай далей чулліва так / Старонку родную ўслаўляе / Заўсёды малады мастак / І яго песня маладая.


pasla-kancerta-praha.jpg

У Празе пасля канцэрту спевака


А наступны год, 1995-ы, зафіксаваны на скрыжалях гісторыі такімі радкамі. 29 мая 1995 г. Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі правяло вечарыну, прысвечаную 95-годдзю беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. На запрашальніку быў надрукаваны верш Наталлі Арсенневай „Салавей“, які пачынаўся такімі радкамі:


З выраем звонкім, што зь ветрам плыве,
Зноў ты да нас прыляцеў, салавей,
Роднаю песьняй нас песьціць...


Мною былі прадстаўлены архіўныя матэрыялы, якія падарыў мне ў Празе знакаміты Салавей. А на выступленні Адам Мальдіс прапанаваў адкрыць мемарыяльную дошку ў Празе на доме, дзе жыў Забэйда-Суміцкі, і выдаць пра яго кнігу успамінаў.


praha.jpg

У Празе пасля канцэрту спевака


Успаміны не міны. Любоўю былі напоўнены хвіліны выступленняў і на вечары, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Спевака. У Доме дружбы выступалі Віктар Скарабагатаў з „Беларускай капэлай“, Алесь Бажко, якому Забэйда дапамог калісьці паступіць на вучобу ў Варшаўскую кансерваторыю. Лагодна размаўлялі Надзея Батурыцкая, Ганна Запартыка, Адам Мальдзіс. Сяргей Грахоўскі і я чыталі вершы-прысвячэнні Забэйду-Суміцкаму. Мне пашчасціла быць яго госцем у Празе, слухаць жывы голас і даўнія кружэлкі, перапісваць яго вялізны архіў. Мы блукалі па Празе, сустракаючы ўдзячных вучняў славутага педагога. Над Влтавай лунала рэха Скарыны, каля Рэгравага саду нібыта чуліся крокі Купалы. А ў 1973 г. на развітанне дзядзька Міхал падарыў мне на памяць аб нашым супрацоўніцтве чэшскі погар-келіх. На ўдзчнасць за гэты звонка-светлы дарунак і быў напісаны новы верш. Бо сам Забэйда-Суміцкі незабыўны. Яго песенная душа, кружляючы па розных землях, гасцюючы сярод розных народаў, сваёю існасцю атуляе Беларусь. Голас нашага славутага земляка яшчэ будзе служыць Радзіме.


Келіх Забэйды

Сыходзілі дні з маладога папасу.
Крутымі шляхамі планіда вяла.
І маміна кварта сіроцкага квасу
паўнюткай ніколі ў руках не была.

У вырай узнёсся ўзнадзеены голас,
ў сумоўе народаў як свой узляцеў, –
каб родную песню выводзіць у колас...
І срэбраны келіх яго не пусцеў.

Высокая слава скубла адзіноту.
Спазнаў Салавей: дзе бяда, дзе віна…
Не чула Радзіма апошнюю ноту.
Быў срэбраны келіх дапіта да дна.

Ад нас не затулена пражскае сонца, –
на келіхі-вежы паважна глядзіць.
А золатам промніка ў срэбнае донца
пастукае Памяць – імя загудзіць.

Яшчэ запяе нам Забэйда-Суміцкі!
Над матчынай квартай абсыпецца гром.
Збярэцца раса ля самотнай сунічкі.
Напоўніцца келіх жывым серабром.


Пра вечарыну ў Доме дружбы, прысвечаную 100-годдзю спевака, Святлана Берасцень (у газеце „ЛіМ“ 7.07.2000) пісала: „Застаецца спадзявацца, што 110-я ці 120-я гадавіна будзе адзначана з большым размахам, ва ўрачыстай абстаноўцы, з адкрыццём помніка Забэйду на яго роднай Пружаншчыне“. Магу дадаць: хто будзе блукаць па Пружаншчыне, то каля Шэйпічаў напаткае вялізны валун з памятнай мемарыяльнай дошкаю ў гонар земляка.


rehravy-sad.jpg

У Рэгравым парку...


А Келіх духоўнай існасці Забэйды напаўняецца жывым срэбрам. 25 красавіка 2018 г. у Маладзечне прайшла Навукова-краязнаўчая канферэнцыя „Міхась Забэйда-Суміцкі і беларуская песня“. У бібліятэку імя Максіма Багдановіча запрасіў на сустрэчу цікавых асобаў супрацоўнік бібліятэкі, краязнавец, літаратар, выдавец Міхась Міхайлавіч Казлоўскі. Да выступоўцаў Вячаслава Чамярыцкага, Алеся Горбача (аўтар даследавання „Песняй даваў людзям радасць“. „Тэхналогія“, 2007 г.), Сяргея Чыгрына, Віктара Шніпа, Уладзіміра Мароза далучыўся і я сваім вершам „Скіба спатолі“, прысвечаным навучэнцу Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, дзе ёсць такія радкі:


Вы госць адвечны для Маладзечны, для Шэйпіч – глыба.
Уявім: песня плыве з прадвесня – спатолі скіба з выявай німба.


А скібу спатолі сусветнавядомага тэнара падтрымлівалі Канстанцін Галкоўскі, Людамір Рагоўскі, Рыгор Шырма, Мікола Шчаглоў, пражская суседка Надзея Кастэцкая, Максім Танк, Сяргей Грахоўскі... Пра творчыя ўздымы нашага героя і паэт Сяргей Крывец калісьці выказаўся: „Так, мы горды і рады за сваю песню. Мы горды і рады за свайго спевака“. „Сваім“ лічыў Забэйду і чэх Владзіслаў Марцінец: „І тую пераможную красу і зачараванне Вашымі песнямі магу вытлумачыць толькі так: цудоўныя музычныя паэмы перажывае, адчувае і творыць шляхотнай адухоўленасцю, гарачым сэрцам мастак, чала каторага дакрануўся геній“.


– Забэйда – Су – мі – і – цкі! Гэй-й, да –
лёкае рэха коціцца...


Так вось нагадваў нам, як песня матчына лашчыцца, Рыгор Барадулін, яшчэ адзін геній нашай вякоўнай зямлі.

Сяргей Панізнік,
фота з архіву Сяргея Панізніка