Згуртаванне «Бацькаўшчына» ў межах дзейнасці кампаніі «Будзьма беларусамі!» працягвае аказваць дапамогу Чэрвенскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сёння ў гэтую ўстанову мы перадалі сродкі індывідуальнай абароны, а менавіта:
- 400 аднаразовых медыцынскіх халатаў;
- 400 пар бахілаў;
- 400 пар нарукаўнікаў;
- 900 пар аднаразовых пальчатак.
«Не сакрэт, што жыхары дамоў-інтэрнатаў — адна з найбольш уразлівых групаў насельніцтва падчас пандэміі, хоць пра гэта асабліва не гавораць на дзяржаўным узроўні. Там пастаянна знаходзіцца шмат людзей, і няма магчымасці трымаць сацыяльную дыстанцыю. Персаналу такіх установаў надзвычай патрэбныя сродкі індывідуальнай абароны, для іх гэта цяпер фактычна пытанне выжывання. Таму мы — грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» — стараемся аказаць дапамогу наколькі гэта магчыма», — гаворыць Ніна Шыдлоўская, каардынатар ГКК «Будзьма беларусамі!», старшыня Рады ЗБС «Бацькаўшчына», сузаснавальніца крамы budzma-krama.by.
Ніна Шыдлоўская
Нагадаем, што ў межах дабрачыннай акцыі «Дапаможам разам», абвешчанай крамай беларускіх адметнасцяў budzma-krama.by, 50% сродкаў ад усёй прададзенай з 4 па 31 мая прадукцыі будуць пералічаныя Чэрвенскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.«Мы даўно сябруем з Чэрвенскім домам-інтэрнатам, таму і захваляваліся, як яны спраўляюцца ва ўмовах пандэміі, — працягвае спадарыня Шыдлоўская. — Даведаліся, што ёсць захварэлыя — і дзеткі, і персанал. Таму ўжо другі раз перадаём ім сродкі індывідуальнай абароны: тыдзень таму завезлі 1000 аднаразовых масак, а цяпер змаглі дапамагчы трошкі болей. Але і гэтага яшчэ недастаткова! Таму мы працягваем у краме budzma-krama. by дабрачынную акцыю «Дапаможам разам» у падтрымку Чэрвенскага дома-інтэрната. Але, на жаль, дапамога патрэбная не толькі Чэрвенскаму дому-інтэрнату. Такіх установаў па ўсёй Беларусі нямала, і мы шчыра спадзяемся, што знойдзецца шмат неабыякавых людзей, якія падтрымаюць нашу ініцыятыву і па меры сваіх магчымасцяў акажуць дапамогу. І тут ад кожнага шмат не трэба, галоўнае — толькі жаданне дапамагаць!»
Заклікаем усіх неабыякавых далучыцца да нашай ініцыятывы і аказаць дапамогу дамам-інтэрнатам і падобным установам. Дапамагчы можна наступнымі спосабамі:
— перадаць аднаразовыя касцюмы, маскі і іншыя неабходныя сродкі абароны непасрэдна ў дамы-інтэрнаты;
— пералічыць грошы праз дабрачынны фонд «Добра тут», які займаецца падтрымкай дамоў-інтэрнатаў для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця;
— далучыцца да дабрачыннай акцыі «Дапаможам разам» ад крамы budzma-krama.by, а менавіта набыць да 31 мая што-небудзь прыгожае і адметнае ў нашай краме і такім чынам падтрымаць тых, хто не можа дапамагчы сабе сам.
Будзьма неабыякавымі! Дапаможам разам тым, каму гэта цяпер сапраўды патрэбна!