З’явілася інфармацыя пра 5 самых прадаваных кніг на стэндзе «Белкнігі» падчас XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы. Лідарам продажаў названа 3-е перавыданне раману «Мова» Віктара Марціновіча.
«Мова» — другі беларускамоўны раман Віктара Марціновіча пасля «Сцюдзёнага выраю».
З анатацыі:
Мінск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэння Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, бесклапотнага насалоджвання. Шопінг-рэлігіі i cold sexy. Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадстве суцэльнага дабрабыту не стае як вады і паветра. Сентыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам смяротнага пакарання ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем мінскага падполля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі.
Разам яны спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.
Ці можаце вы ўявіць Беларусь без Беларусі?
Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеянне гэтага лінгвістычнага баевіка.
Нагадаем, што кніга гэтая ўпершыню пабачыла свет у 2014 годзе пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і яшчэ да моманту выхаду выклікала шырокі рэзананс.