Міжнародная грамадская арганізацыя “Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»” 6 ліпеня атрымала ліст Міністэрства юстыцыі з паведамленнем аб пачатку правядзення “кантрольных мерапрыемстваў па вывучэнні дзейнасці [арганізацыі] на прадмет адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статута”.
Дакументы за апошнія тры з паловай гады, пералік назваў якіх займае аж тры старонкі, неабходна прадаставіць у Міністэрства да 13 ліпеня. Асноўная частка дакументаў тычыцца працы выбарных органаў Згуртавання, але ёсць і такі пункт: “документы, касающиеся организации МОО ЗБС «Бацькаушчына» школ, курсов по изучению белорусского языка, культуры и истории Беларуси”. Відаць, ён выкліканы адной з асноўных мэтаў, замацаванай Статутам: “спрыянне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы, любові да роднай зямлі”.
Раней пазапланавая праверка распачалася ў дачыненні да іншых грамадскіх арганізацый – РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр”, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, аб’яднанняў “Экадом”, “Звяно”, “Руху за Свабоду”.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” заснавана ў 1990 годзе, зарэгістравана ў 1991 (сёлета, у снежні, будзе трыцаць гадоў з даты афіцыйнага пачатку дзейнасці), супрацоўнічае з беларускай дыяспарай болей чым з 20 краін свету, спрыяе захаванню гісторыі і набыткаў беларусаў замежжа, наладжванню сувязяў паміж Беларуссю і яе суайчыннікамі. Дзякуючы шматгадовым захадам Згуртавання, у 2014 годзе быў прыняты закон “Аб беларусах замежжа”. “Бацькаўшчына” неаднаразова выходзіла з прапановамі ў дзяржаўную праграму і іншыя заканадаўчыя акты па наладжванні эфектыўнага супрацоўніцтва з беларускім замежжам і выкарыстання яго магутнага патэнцыялу ў развіцці краіны. Адным з самых значных і пазнавальных мерапрыемстваў Згуртавання ёсць З’езды беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Важным накірункам аб'яднання з'яўляецца навукова-даследчы. У серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” пабачылі свет 50 кніг, прысвечаных жыццю і дзейнасці беларусаў замежжа.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”