Мікола Купава: «Бел-чырвона-белы сцяг непадсудны, гэта прызнаны народам нацыянальны сімвал»

Генеральная пракуратура Беларусі паабяцала прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкай сімволікай. Нібыта ідучы насустрач “неабыякавым грамадзянам”, якія звярнуліся ў гэта ведамства з адпаведным хадайніцтвам. Мы вырашылі пацікавіцца, як да такой ініцыятывы ставіцца Мікола КУПАВА – аўтар эталона дзяржаўнага бел чырвона-белага сцяга, прынятага Вярхоўным Саветам у 1991 годзе. Тым больш для нашай сустрэчы была яшчэ адна, куды больш прыемная, нагода – 75-годдзе мастака.


kupava-1-696x464.png

Мікола Купава ў “кампаніі” з князем Альгердам


Генеральная пракуратура Беларусі паабяцала прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкай сімволікай. Нібыта ідучы насустрач “неабыякавым грамадзянам”, якія звярнуліся ў гэта ведамства з адпаведным хадайніцтвам. Мы вырашылі пацікавіцца, як да такой ініцыятывы ставіцца Мікола КУПАВА – аўтар эталона дзяржаўнага бел чырвона-белага сцяга, прынятага Вярхоўным Саветам у 1991 годзе. Тым больш для нашай сустрэчы была яшчэ адна, куды больш прыемная, нагода – 75-годдзе мастака.

– Спадар Мікола, найперш скажыце, як вы сябе пачуваеце пасля перанесенага ў снежні каранавіруса? Здаецца, і ў бальніцы давялося паляжаць?

– Так, у мінскай шостай бальніцы, якая пераабсталявана пад каранавірусных пацыентаў. Цяпер пачуваюся нармальна. Мне пашанцавала, што я не запусціў хваробу: патэмпературыўшы некалькі дзён, выклікаў “хуткую” і адразу трапіў у бальніцу. Дзякуй дактарам, там было вельмі добрае лячэнне, кіслародныя апараты даступныя. Палячыўся, падыхаў кіслародам два тыдні, а потым мяне завезлі ў Аксакаўшчыну на падмацаванне. Арганізм цалкам аднавіўся. Пакуль я лячыўся, сын перахварэў дома. Таксама, здаецца, без наступстваў.




– Я застаў вас за працай. На мальберце – нейкая старасвецкая бітва вымалёўваецца. Што за баталія?

– Бітва пад Хацінам 1621 года, дзе сустрэліся войска Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, з аднаго боку, і турэцка-татарская армія – з другога. Аб’яднаным войскам кіраваў наш суайчыннік вялікі гетман Ян Караль Хадкевіч – і разбіў туркаў. Сёлета мы адзначаем 400-я ўгодкі той бітвы. Восенню мы, мастакі, плануем зладзіць выставу, запрасіўшы палякаў, украінцаў і літоўцаў. Значэнне Хацінскай бітвы не меншае, чым Грунвальдскай, уся Еўропа тады з палёгкай уздыхнула. Тагачасны Папа Рымскі нават распарадзіўся штогод служыць у касцёлах імшу ў гонар перамогі Хадкевіча, і яна служылася – па ўсёй Еўропе – аж да канца ХІХ стагоддзя.

– Над войскам Яна Хадкевіча відны бел-чырвона-белыя сцягі, якія Генеральная пракуратура Беларусі днямі паабяцала прызнаць экстрэмісцкімі і фашысцкімі. Калі будзе прыняты адпаведны заканадаўчы акт, за выкарыстанне сцяга будзе ўведзена крымінальная адказнасць. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Як да нябачанага дасюль дурноцця. Як можна забараніць сцяг, за якім – стагоддзі гісторыі? Пры чым тут нейкія немцы, пры чым паліцаі? Упершыню бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся на гравюры 1444 года! На той гравюры – бітва з туркамі пад Варнай, у якой таксама ўдзельнічалі войскі ВКЛ. Бел-чырвона-белыя сцягі масава паказаны на славутай карціне “Бітва пад Оршай 1514 года”. У 1917-м, яшчэ да абвяшчэння БНР, вайскоўцы- беларусы былой царскай арміі ўпрыгожвалі свае мундзіры бел-чырвона- белымі стужкамі і значкамі. Таму Клаўдзій Дуж-Душэўскі ў 1918-м, ствараючы сцяг для БНР, нічога не выдумляў, ён проста ўзяў правераны стагоддзямі сімвал. Помню, як у 1990 годзе ў Полацку ўладыка Філарэт па нашай просьбе ўрачыста асвяціў бел чырвона-белы сцяг, які праз год стаў дзяржаўным. Бел-чырвона-белыя палоскі, якія сімвалізуюць кроў Хрыста, абавязкова прысутнічаюць на епіскапскім аблачэнні. Дык што, Генеральная пракуратура цяпер і Хрыста будзе судзіць?!

– Пракуратура тлумачыць, што з просьбай прызнаць нацыянальны сцяг экстрэмісцкім да яе звярнуліся “100 неабыякавых грамадзян”. Але толькі за адны суткі петыцыю ў абарону сцяга падпісалі 50.000 чалавек.

– Гэта яшчэ раз сведчыць, што бел-чырвона-белы сцяг прыняў увесь народ. Генеральная пракуратура павінна зразумець, што нашы нацыянальныя сімвалы непадсудныя, яны аб’ектыўна існуюць у нашым жыцці незалежна ад палітычнага надвор’я на вуліцы.

– Вы ж аўтар эталона дзяржаўнага бел-чырвона-белага сцяга. Помніце, як ён ствараўся?

– Як такое забудзеш? У параўнанні з працай аўтара эталона дзяржаўнага герба мая была больш сціплай – трэба было выбраць дакладны чырвоны колер (ён жа мае розныя адценні) і вызначыць прапорцыі шырыні тканіны ды яе даўжыню. Помню, як да нас у камісію Вярхоўнага Савета прыходзілі спецыялісты з Мінскага камвольнага камбіната, усё ўдакладнялі, каб тут жа запусціць сцягі ў вытворчасць. Іх жа для ўсёй краіны патрэбна было безліч.

– Нядаўна ў букіністычнай краме мне трапілася на вочы аздобленая вамі кніга для дзяцей “Сіняя світа налева пашыта”. Я звярнуў увагу, што на малюнках там някідкія, але заўважныя бел-чырвона-белыя сцягі, а год выдання – 1986. Як вам удавалася нават у савецкі час прапагандаваць нацыянальную сімволіку?

– Вось жа неяк удавалася. Што да згаданай вамі кніжкі, то там была цэлая гісторыя. “Крамолу” на яе старонках заўважыў сам загадчык аддзела культуры ЦК КПБ Іван Антановіч (а ён за ўсімі ідэалагічнымі праявамі вельмі пільна сачыў) і даў каманду зняць кніжку з продажу. Ёю займалася адмысловая камісія, куды мяне выклікáлі. І так сталася, што на мой бок сталі гісторыкі, патлумачыўшы парторгам розных узроўняў, што ніякага супярэчання гістарычным фактам на малюнках яны не бачаць.

– А кніжку ў продаж вярнулі?

– У кнігарнях я яе больш не бачыў. Частку накладу, відаць, пусцілі пад нож. Але няма ліха без дабра. Маёй “Сіняй світай…” зацікавіліся ў… Індыі. Індусам спадабалася кніжка, і яны тут жа, у Беларусі, заказалі яе перавыданне па-англійску – для замежжа. З шыкоўнай паліграфіяй. Тут ужо Антановіч умяшацца не мог. Помню, як да мяне прыбег мастак Генадзь Сокалаў-Кубай: “Мікола, твая “Сіняя світа…” прадаецца ў “Цэнтральнай” кнігарні”. Я хуценька паехаў і набыў цэлы пакунак. Так што Індыя паспрыяла, каб наш сцяг пабачылі ва ўсім свеце.

– Відаць самы тыражаваны ваш твор – гэта выява Пагоні на фоне бела-чырвона-белага сцяга, змешчаная на канверце яшчэ савецкага часу ў 1990 годзе. Мільённы наклад! А ў гэтым выпадку хто паспрыяў?

– Гэты канверт выйшаў у свет па ініцыятыве геральдыста Анатоля Цітова, светлая яму памяць. Ён падаў заяўку, і тады яшчэ саюзнае Міністэрства сувязі пагадзілася. Самае цікавае, што я паказаў Пагоню на фоне карты, якую склаў прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта Яўхім Карскі. Гэта так званая карта “белорусского племени”, дзе Смаленшчына і Браншчына прызнаны беларускімі. Канверт з Беларуссю ад Беластока да Смаленска мільённым накладам быў надрукаваны ў Пензе, і ніхто ў мяне не спытаўся, што там за карта намалявана. А яна для нас вельмі важная, бо БНР была абвешчана якраз на аснове той карты. А ў 1991 годзе выдавецтва “Беларусь” замовіла мне паштоўку з нацыянальнымі гербам і сцягам. Потым былі заказы на маркі – таксама з нацыянальнай сімволікай…

– За якую ўжо сёння, да рашэння Генеральнай пракуратуры, штрафуюць і кідаюць за краты. Напрыклад, 18-гадовая Сафія Малашэвіч, якая размалявала шчыты амапаўцаў нацыянальнымі колерамі, атрымала два гады калоніі.

– І за што? Якую шкоду яна прычыніла дзяржаве? Тыя палоскі са шчытоў за пяць хвілін змылі. Так не павінна быць!

– Ваш калега і сябра Яўген Кулік намаляваў партрэт Міколы Гусоўскага з… сябе. А ў вас падобнай спакусы пры стварэнні партрэтаў вялікіх князёў ВКЛ не ўзнікала?

– Не, як кажуць, не ўдаўся тварам. А калі Яўген працаваў над Гусоўскім, то мы з сябрамі неаднойчы збіраліся ў яго майстэрні і абмяркоўвалі, як павінен выглядаць аўтар славутай “Песні пра зубра”. Прыжыццёвых жа выяў не захавалася. І гэта мы сказалі Куліку: слухай, Яўген, тваё аблічча вельмі падыходзіць. Тады ж, да 500-годдзя Гусоўскага, выйшла яго паэма, а мы ў Саюзе мастакоў зрабілі шыкоўную выставу. Прыемна ўспомніць – гэта быў сапраўдны фурор!

– Вы настолькі жылі айчыннай гісторыяй, што нават імёны сваім дзецям далі гістарычныя – Вітаўт і Рагнеда. Стаўшы дарослымі, яна за гэта бацьку не папракалі?

– Не папракалі. Вітаўт сказаў, што любіць сваё імя, Рагнеда трохі менш інфармацыі мела, але, калі я расказаў ёй пра полацкую князёўну Рагнеду, яна супакоілася. Памятаю, як Вітаўта не хацелі запісваць у загсе. Я раззлаваўся, узяў бланк і сам усё напісаў. З Рагнедай ужо было прасцей – ішоў 1992 год, і чыноўнікі вучыліся шанаваць гісторыю сваёй краіны.

– Вы аздобілі каля 40 кніг, некаторыя з іх да гэтай пары перавыдаюцца з вашымі ілюстрацыямі – напрыклад, “Лебядзіны скіт” Уладзіміра Караткевіча ці “Судны дзень Скарыны” Міколы Арочкі. А ці ўдаецца вам супрацоўнічаць з дзяржвыдавецтвамі сёння?

– Ужо гадоў дзесяць выдавецтвы да мяне не звяртаюцца. Што да прыгаданага вамі “Суднага дня Скарыны”, то яго перавыдалі без майго ведама, парушыўшы аўтарскае права. Там якасць – ніжэй за нуль, гэта проста здзек з таго, што зрабіў мастак. Гэта, дарэчы, не адзінкавы выпадак. Месяцы два таму я пабачыў у краме хлеб пад назвай “Літоўскі”, на ўпакоўцы – мая гравюра “Вільня”. Выпякаюць яго на Ваўкавыскім хлебазаводзе. Дазволу ў мяне ніхто не пытаўся, фактычна, укралі мой твор.

– Дык няхай бясплатна вас хлебам забяспечваюць! Ён хоць смачны?

– Смачны, але ж так не робіцца. Няхай выкарыстоўваюць, я не супраць. Але няхай спачатку разлічацца. Я буду гэтага дамагацца.

– Гэта, па-мойму, ужо не першы выпадак у вас?

– Не першы. Неяк у Гомелі выпусцілі гарэлку “Вітаўт” з маім партрэтам князя на бутэльцы. Тады я выйграў суд.

– А завод у дасудовым парадку не прапаноўваў вам скрынь дзесяць гарэлкі бясплатна?

– А навошта мне столькі? Паводле рашэння суда я атрымаў грашовую кампенсацыю.

– “На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход / Ідзі, аграблены, закованы народ!” – заклікáў Янка Купала. А што вы думаеце пра “усебеларускі сход”, які мае адбыцца ў Мінску?

– Туды ўлада збярэ сваіх людзей, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл там ніхто не чакае. Калі б гэта быў сапраўды ўсебеларускі сход, то на ім мусілі б быць прадстаўнікі і апазіцыйных партый, і розных грамадскіх рухаў.

– Уявім сабе такую сітуацыю. У зале – тры тысячы чалавек, на ўсю сцяну лозунг “За сильную и процветающую Беларусь!”, а на трыбуне – Мікола Купава. Што б вы сказалі людзям, якія сабраліся?

– Цяжка такое ўявіць… А сказаў бы я вось што. Беларусь можа квітнець толькі пры дэмакратычным ладзе, калі выконваецца закон. Квітнеючая і незалежная Беларусь – гэта найперш нацыянальная школа, якой фактычна няма, гэта культура на аснове старажытных традыцый, гэта свая гісторыя ў падмурку… Але чаго я на тым сходзе не бачыў? Лепш я папрацую над сваімі творамі. Гэта для мяне важней.

– Калі б вам было дазволена на сваё 75-годдзе атрымаць ад Бога нейкі падарунак, што б вы папрасілі?

– Папрасіў бы, каб Беларусь стала свабоднай, сапраўды незалежнай і беларускамоўнай краінай і каб усе беларусы ёю даражылі. У саюзе з Расіяй незалежная Беларусь – гэта блеф. Масква заўжды будзе трымаць нас у кабале.

– Дык гэта просьба для ўсяго народа. А для сябе асабіста?

– Тое самае папрасіў бы. Гэта для мяне асабіста. І для ўсіх.

Міхась Скобла, „Народная Воля“