Мікалай Пачкаеў: Толькі давайце, калі ласка, без “Россотрудничества”

Калі сядзібу Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“ з ганаровай місіяй наведаў сябра Рады БНР Мікалай Пачкаеў – каб уручыць кіраўніцтву „Бацькаўшчыны“ Медалі да стагоддзя БНР, – то мы, памятаючы, што спадар Мікалай ўзначальвае Згуртаванне беларусаў Вялікай Брытані (ЗБВБ), затрымалі яго, каб распытаць пра тое, чым сёння жыве адна з найбуйнейшых і найстарэйшых арганізацыяў беларускага замежжа.

– Кажаце, што сядзібу нашу знайшлі не адразу, давялося паблукаць. Але ж Мінск ваш родны горад. Рэдка тут бываеце, відаць?

– Бываю і сапраўды не вельмі часта, пераважна з нейкіх сямейных ці грамадскіх “аказіяў”, у вольны час. Але быў, напрыклад, на ўсіх З’ездах беларусаў свету апошніх гадоў.

– А Згуртаваннем Беларусаў Вялікай Брытаніі кіруеце даўно?

– Некалькі гадоў ужо. Калісьці кіраўніцтва арганізацыі прыняло рашэнне шукаць пераемнікаў сярод тых, хто прыехаў пасля распаду Савецкага Саюзу, і перадаваць ім справы. Я быў намеснікам старшыні, пасля – абраны старшынём. Старшыня пераабіраецца штогод.

– Ці адбыліся за час вашага кіравання нейкія змены ў жыцці арганізацыі?

– Змены, якія мне турбуюць найбольш – гэта адыход нашых старых сяброў-заснавальнікаў. У пазамінулым годзе мы ўпершыню адзначалі 25 сакавіка без адзінага прадстаўніка старой эміграцыі, уражанне гэта рабіла вельмі сумнае, хаця натуральна, што такая сітуацыя непазбежная. Усё ж калі старыя сябры былі сярод нас – гэта было адно, а тут нам давялося напоўніцу адчуць, што мы далей ужо самі. Але ў мінулым годзе з намі на сходзе зноў была спадарыня Лёля Міхалюк, мая папярэдніца на гэтай пасадзе, якая прыбыла ў Вялікабрытанію адразу пасля вайны, і зараз Згуртаванне працягвае сваю дзейнасць у традыцыйным рэчышчы, як арганізацыя і старой, і новай эміграцыі. Адным словам, прычынай пэўных зменаў можа стаць адыход старой эміграцыі.



– І якіх жа? Што можа памяняцца ў першую чаргу?

– Вось адзін з прыкладаў. Статут ЗБВБ быў прыняты ў 1948 годзе і з невялікімі зменамі дзейнічае да нашага часу. І літаральна пару гадоў таму сярод іншых зменаў мы ўпершыню зацвердзілі вернасць ідэалам 25 сакавіка, бела-чырвона-беламу сцягу і „Пагоні“. Для старой эміграцыі гэтыя тэзы былі як нешта само сабой зразумелае і безальтэрнатыўнае, пытанняў на гэты конт ніколі не паўставала. Але цяпер з Беларусі прыязджаюць людзі, якія нарадзіліся ці ўвайшлі ў свядомае жыццё на працягу апошніх дваццаці пяці гадоў. Яны не заспелі савецкага часу, Перабудовы, яны маюць ужо трохі іншую палітычную свядомасць і адрознае ад нашага ўяўленне пра свет: тое, чаго не можна прачытаць ці пабачыць у сацсетках, для іх часта таямніца. Дзеля іх мы таксама перадумалі разбудоўваць наш сайт, а ставім нашы навіны ў Фэйсбук, тады як сайт выкарыстоўваем толькі для сувязі і аўтаматычнага дублявання калонкі навінаў.

– Як жа ЗБВБ ўдаецца завабліваюць беларусаў, для якіх пытанне нацыянальнай сімволікі і ідэалаў БНР патэнцыйна неадназначнае?

– Ну, чытачы сайту ЗБВБ звычайна не маюць патрэбы лікбезу ў беларускіх нацыянальных справах… Агулам, у беларусаў Англіі ёсць чатыры арганізацыі, якія складаюць умоўную градацыю і звязаныя ў сетку, у якой не згубіцца чалавек з любым узроўнем нацыянальнай свядомасці. Гэтак, ЗБВБ ладзіць розныя сустрэчы з грамадскімі і культурніцкімі дзеячамі, журналістамі, арганізуе адзначэнне нацыянальных святаў – Слуцкі збройны чын, 25 сакавіка… Далей, у 1956 годзе ЗБВБ дапамагло арганізаваць Англа-Беларускае Таварыства. Яно працуе на ангельскай мове, прыцягвае ангельцаў, якія цікавяцца Беларуссю, а таксама змяшаныя беларуска-ангельскія сем’і. Займаецца яно чыста культурніцкімі імпрэзамі – Купалле, Батлейка… Беларуская царква ў паўночным Лоднане забяспечвае беларускае рэлігійнае жыццё. І ёсць яшчэ суполка ПАББ – Прафесійнае аб’яднанне беларусаў Брытаніі. Чальцы суполкі, апраўдваючы назву, сапраўды сустракаюцца ў пабе і, да таго ж, не маюць нейкага аформленага сяброўства. Усе гэтыя людзі – прафесіяналы, і падчас сустрэчаў ладзяць прэзентацыі пра сваю працу. Не так даўно, да прыкладу, беларус, які працуе ў British Petroleum, прачытаў лекцыю, падчас якой правёў аналіз бягучага стану нафтавага рынку і даў прагноз для тых, хто ў гэтай справе зусім не разбіраецца. Мова дакладчыкаў ПАББу бывае часам і беларуская, але пераважна ўсё ж расійская і ангельская. Карацей, любы беларус у Брытаніі можа знайсці сваю нішу, каб стасавацца з землякамі.

– А ці маюць беларусы, якія абіраюць для жыцця Вялікабрытанію, нейкую адметнасць у параўнанні з нашымі эмігрантамі ў іншых краінах? Мне заўжды здавалася, хаця можа і памылкова, што ўмоўны „парог уваходжання“ ў брытанскае жыццё трохі вышэйшы за ўсходнееўрапейскі. І ці выпадае казаць пра нейкія эміграцыйныя хвалі, накшталт паваеннай ды іншых?

– Мушу сказаць, што я не дасканала знаёмы з беларускай моладдзю ў Польшчы ці Літве. З маіх назіранняў, тая беларуская моладзь, што прыязджае жыць у Вялікабрытанію, у сярэднім больш адукаваная і абазнаная ў рэаліях заходняга грамадства. Можна з упэўненасцю казаць, што яны ўяўляюць з сябе адбітак адукаванай часткі беларусаў. Але разам з гэтым і адсотак тых сярод іх, хто цікавіцца беларускім грамадскім жыццём, прыкладна такі самы, як і ў Беларусі – працэнтаў можа пяць. Найперш іх цікавіць прафесійнае жыццё, кар’ера. Гэтым яны гранічна адрозніваюцца ад тых, хто трапіў у Вялікабрытанію ў 1946 годзе. Тыя маладыя людзі мелі перадусім вельмі цвёрдыя ідэйныя перакананні, прайшлі вайну з розных бакоў і, перехаўшы ў Брытанію, заклалі беларускую арганізацыю нават раней, чым уладкавалі асабісты побыт. Будынак, якім мы карыстаемся да гэтага часу, быў куплены ў іпатэку, якую ўзялі некалькі беларусаў – сярод іх Аляксандр Надсан і Вінцэнт Жук-Грышкевіч. І зрабілі яны гэта на дзесяць гадоў раней, чым пакуплялі сабе ўласныя хаты. Сёння такіх людзей мы, баюся, не знойдзем папросту нідзе. Тры кватэры плюс заля – гэта той матэрыяльны падмурак, які пакінулі нам заснавальнікі. Кватэры здаюцца ў арэнду, гэты прыбытак і ёсць тая крыніца фінансавання, якую мае ЗБВБ. Схема працуе аж з 1948 года. Атрыманыя грошы мы часткова выдаткоўваем на ўласную дзейнасць, а часткова – і, на жаль, чым далей, тым болей, – на рамонт будынка. Ён быў пабудаваны ў 1866 годзе, і нават па лонданскіх мерках ужо даволі стары. Рэшту мы маем магчымасць выдаткоўваць на невялікія гранты ў падтрымку беларускай дзейнасці, нейкія выданні – у Беларусі, Польшчы, Эстоніі.


bnr.jpg

Святкаванне 101-х угодкаў незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Арнольд Макмілін, Джым Дынглі, Сяргей Пяткевіч, Лёля Міхалюк, Павел Шаўцоў, Сяргей Стасевіч, Мікалай Пачкаеў. Фота – Караліна Мацкевіч


– Мне чамусьці здавалася, што нерухомасці ў беларусаў Брытаніі будзе паболей.

– Я, здаецца, разумею, пра што вы гаворыце. Будынак Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане належыць ёй самой. Гэта аўтаномная арганізацыя, зарэгістраваная як дабрачынная. Апроч гэтага ёсць яшчэ Беларуская каталіцкая місія, якой зараз належаць два будынкі – а раней было тры, – і царква. У адным з будынкаў Місіі раней месцілася беларуская школка-інтэрнат…

– Школка-інтэрнат? Аднак нішто сабе размах, скажу я вам!

– Ну так, быў у нашай гісторыі такі цікавы эпізод, калі беларусы заўважылі, што іх дзеці не ведаюць роднай мовы. Дзяцей там выхоўвалі святары – біскуп Часлаў Сіповіч, айцы Аляксандар Надсан, Леў Гарошка, Язэп Германовіч, цэлая група выкладчыкаў. Ва ўсім, што тычылася беларускай мовы і культуры, дзеці мелі навучанне на месцы, а на астатнія прадметы была дамова з брытанскай агульнаадукацыйнай школай… Уладальнікам будынкаў Місіі, зрэшты, з’яўляецца Каталіцкая Царква. Айцец Аляксандр Надсан, варта аддаць яму належнае, патраціў нямала часу і нерваў, каб усё гэта засталося ў беларускіх руках пры фактычнай адсутнасці беларускай паствы, асабліва ў 80-х гадах, калі папаміралі ўсе святары, апроч яго. Цягам дзесяці гадоў, пакуль у 90-я зноў не прыехалі беларусы, ён аднаасобна „трымаў абарону“, у той час як Ватыкан задаваў рэзонныя пытанні: навошта гэтая арганізацыя там існуе? А ўжо ў 90-я, калі ў беларусаў прынамсі з’явілася магчымасць падарожнічаць, айцец Надсан выдаткаваў пэўныя сродкі, якія былі ў Місіі, каб адукаваць групу новай беларускай рэлігійнай інтэлігенцыі. Сярод яго стыпендыятаў – Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч, якая цяпер працуе ў Скарынаўцы і сакратаркай ЗБВБ, айцец Ігар Лабацэвіч, які зараз працуе ў Злучаных Штатах, Сяргей Стасевіч – святар, які застаўся кіраваць Місіяй. Дзякуючы арганізацыйным здольнасцям і ўпартасці апошняга ўдалося рэалізаваць праект пабудовы новай драўлянай царквы.

– Той самай, знакамітай, якая назбірала шмат архітэктурных прэміяў?

– У выніку – так, назбірала, хаця праект на пачатку не быў дужа вітаны царкоўнымі ўладамі. У Лондане шмат каталіцкіх будынкаў, пра якія можна сказаць, што яны пустуюць. Стаўце там іканастас, маўляў, ды служыце. Беларусы ж, у сваю чаргу, хацелі будаваць царкву як частку Беларускай каталіцкай місіі, апеку канкрэтна для беларусаў-каталікоў, бо ў іх ёсць свае асаблівасці царкоўнай культуры. Будынак, як бачыце, урэшце быў збудаваны.


carkva.jpg

Беларуская царква ў паўночным Лондане. Фота facebook.com/BelarusUK


– І, падаецца, адразу зрабіўся сусветнай архітэктурнай славутасцю. Ці прыцягнула гэта ўвагу брытанцаў да беларускай грамады?

– Думаю, што прыцягнула, і не толькі брытанцаў. Царква стала візітоўкай беларускай супольнасці. Так атрымалася, што ёсць безліч нагодаў яе згадваць – напрыклад, гэта першы грамадскі будынак з дрэва, які быў збудаваны ў Лондане пасля вялкага пажару ў 1666 годзе, таксама гэта адзіны будынак у Еўропе па-за межамі Беларусі, які будаваўся адмыслова як беларуская царква. Ёсць і нейкія спецыфічныя адметнасці, бо ён жа насамрэч канструктыўна вельмі сучасны: там і шкло, і сучасныя прыёмы выкарыстання дрэва ў архітэктуры. Да нас туды прыходзяць з экскурсіямі, калі ў Лондане адбываюцца дні архітктурных цікавостак. Да ўсяго, аблічча будынка нясе на сабе выразны адбітак беларускай гістарычнай архітэктуры… Царква атрымала шмат узнагародаў як проста архітэктурны твор, але дзякуючы ёй паўсюль гучыць імя Беларусі. Рада БНР адзначыла медалём і айца Сяргея Стасевіча, і архітэктара Цзыўай Со менавіта таму, што гэты будынак паставіў Беларусь на культурную мапу Брытаніі і нават шырэй. Дзякуючы яму замежнікам стала крыху лягчэй успрымаць Беларусь не ў якасці механічна адрэзанага кавалка ад Савецкага Саюза, а як гістарычную Беларусь, з своеасаблівай нацыянальнай культурай, сваёй адметнай гісторыяй. Прамоцыя такога іміджа Беларусі вельмі задавольвае ЗБВБ. А яшчэ будынак беларускай царквы выкарыстоўваюць славакі ўсходняга абраду – яны таксама ўніяты, знаходзяцца прыкладна ў такім самым культурна-рэлігійным сваяцтве з беларускімі, як і ўкраінскія уніяты.

– То бок выходзіць, што такі нечаканы поспех паўплываў, да ўсяго, на адраджэнне рэлігійнага жыцця і ўмацаванне пазіцый Беларускай каталіцкай Місіі?

– А вось што тычыцца Місіі, то сёння яна больш існуе у грамадскім уяўленні. Але незадоўга да смерці айца Надсана, калі той ужо не мог выконваць абавязкі яе рэктара, Ватыкан выдаў загад аб перадачы ўкраінскаму біскупу духоўнай апекі над беларусамі-каталікамі Вялікабрытаніі. Духоўным начальствам айца Сяргея Стасевіча, такім чынам, з’яўляецца ўкраінскі біскуп у Вялікабрытаніі. На маё прыватнае ўражанне, біскуп Глеб вельмі добразычліва ставіцца да беларусаў, хаця, вядома, лепей было б бачыць альтэрнатыву – высвячэнне беларускага ўніяцкага біскупа. Але на такі крок пасля смерці біскупа Сіповіча Ватыкан ніколі не вырашаўся, ні ў замежжы, ні ў самой Беларусі. Былі спробы арганізаваць нядзельныя школы для дзяцей пры царкве, пэўны час гэтым займалася Караліна Мацкевіч, але колькасць дзяцей цяпер непараўнальная з сітуацыяй 60-х гадоў, таму сёння гэта проста спатканні адукацыйнага характару.

– Сімвалічна, што і на самым пачатку сваёй гісторыі ЗБВБ таксама мела вельмі шчыльныя кантакты з Саюзам украінцаў Вялікабрытаніі.

– Нават першы з’езд ЗБВБ адбываўся ў залі Украінскага цэнтру. Украінцаў заўсёды было шмат больш, чым беларусаў, украінская эміграцыя была моцная яшчэ пасьля расійскіх рэвалюцыяў. А ў 40-х гадах, да ўсяго, шмат украінцаў прыбыло ў Брытанію ў складзе канадскага войска. Гэта былі вайскоўцы, афіцэры, перад якімі, зважаючы на пасады, былі адкрытыя любыя дзверы. Яны і стварылі падчас вайны Украінскі цэнтр. Тыя ўкраінцы, якія траплялі ў Брытанію пасля 1945 года, можна сказаць, прыходзілі на ўсё гатовае. З гэтага скарысталіся і беларусы, наладзілі з украінцамі шчыльныя сувязі. Апроч украінцаў, між іншага, добрыя адносіны былі таксама з адным гатункам расійскіх казакоў, якія былі настроеныя не толькі па-антысавецку, але і антыімперыялістычна, уважалі сябе за асобную ад расейцаў нацыю і вызнавалі права ўсіх нацый, што ўваходзілі ў склад былой Расійскай Імперыі, на самавызначэнне.


2014.jpg

Украінская дэманстрацыя ў Лондане. Сакавік 2014 году. Фота facebook.com/BelarusUK


– А якія цяпер стасункі з украінцамі ды іншымі дыяспарамі?

– Калі я толькі прыехаў, у 90-х гадах, іх арганізацыя была больш-менш у такім самым заняпадзе, як і беларуская. Калісьці ў Брытаніі яны мелі вялікую колькасць нацыянальнай інтэлігенцыі і вельмі актыўнае грамадскае жыццё. Мелі шмат вялікіх памяшканняў, банкетную залю. Але з натуральных прычынаў асобы са старой эміграцыі сыходзілі, а ў другім пакаленні, як і ў сітуацыі з беларусамі, цікаўнасць да нацыянальнага захоўвалі амаль выключна толькі дзеці з самых інтэлігентных і добра адукаваных сем’яў. Аднак такая сітуацыя радыкальна змянілася ў 2014 годзе. Як пачалася вайна, то ўкраінцы сталі арганізоўваць у Лондане шматтысячныя дэманстрацыі, і на гэтай хвалі з’явілася палітычна свядомая група ўкраінскай моладзі, а жыццё ўкраінскай дыяспары атрымала другое дыханне. Мы цяпер запрашаем адзін аднога на розныя мерапрыемствы, мне вось не так даўно давялося быць на ўкраінскім прыёме ў Парламенце. Але сёння паміж беларусамі і ўкраінцамі ёсць прынцыповая розніца, куды большая, чым у 1946 годзе. Тады абодва народы жылі за мяжой і не мелі сваёй краіны. Цяпер жа ва Украіны ёсць нацыянальная дзяржава, і іх амбасада, асабліва пасля пачатку вайны, наладзіла моцныя кантакты і партнёрства з эмігранцкімі ўкраінскімі арганізацыямі. А ў нас сітуацыя зусім іншая. Украінцам, як я сам усё часцей заўважаю падчас размоваў з імі, цяжка зразумець, што мэты амбасады Рэспублікі Беларусь у Лондане і ЗБВБ мала перасякаюцца. Хаця тыя рэдкія выпадкі, калі такое ўсё ж здараецца, мы лічым вельмі каштоўнымі, і цалкам настроеныя выкарыстоўваць іх для агульнай карысці. Калі б перад замежнымі прадстаўніцтвамі Рэспублікі Беларусь ставілася задача прамоцыі беларускай культуры на Захадзе, то і ЗБВБ, якое мае сувязі ў тым ліку і ў акадэмічных заходніх асяроддзях, і Скарынаўка, і нават Каталіцкая місія з ахвотай бралі б у гэтым удзел. Замест гэтага мы бачым, што, напрыклад, выстава беларускага мастака ў Вялікабрытаніі арганізуецца з дапамогой „Россотрудничества“. Пытаемся ў арганізатараў, чаму так, а нам адказваюць, што іх такім чынам скіравала беларуская амбасада. А на сайце „Россотрудничества“ мы згадак пра сувязь мастака з Беларуссю наогул не знаходзім, што, у прынцыпе, не дзіўна, бо „Россотрудничество“ робіць сваю работу для сябе, за грошы з Масквы. Выходзіць, што для беларускай амбасады прасцей працаваць з калегамі з Расіі – праз пэўную агульнасць культуры, мовы… Але ж мы працаваць з „Россотрудничеством“ ніякім чынам не будзем.

– А ці ёсць надзея, што да беларускіх уладаў ўдасца нейкім чынам дагрукацца, зрабіць штосьці, каб яны ўсвядомілі вашую гатоўнасць да актыўнага супрацоўніцтва з амбасадай, нейкім чынам выправіць бягучы стан рэчаў?

– Выглядае, што ў нас розныя дзялянкі. Беларуская дзяржава, як нам падаецца, мае прыярытэты двух гатункаў. У адным выпадку гэта пэўнае эканамічнае заданне, якое кіраўнік дзяржавы заўсёды ставіць перад дыпламатамі. Тут лішне казаць, наколькі гэта дзіўна выглядае з пазіцыі Захаду, дзе продаж трактараў – інтарэс дырэктара кампаніі, якая іх выпускае, але ніяк не дзяржавы, нават у Савецкім Саюзе гэтую функцыю выконвалі “торпредствы”... Ну а галоўны прыярытэт беларускай дзяржавы за мяжой – гэта ўмацаванне аўтарытэта і паляпшэнне палітычнага іміджа пануючай улады. У сваю чаргу наш інтарэс – гэта рэпрэзентацыя і прасоўванне ў свеце вобразу такой Беларусі, якую мы бачым у ідэале: нацыянальную, незалежную. А цяперашняя ўлада, з нашага пункту гледжання, надта аўтарытарная. У 2010 годзе ЗБВБ нават прымала ўдзел у пікетаваннях амбасады на знак пратэсту супраць палітычных рэпрэсій, якія фактычна тады адбываліся, і пасля мы на працягу нейкага перыяду зусім не кантактавалі. Цяпер у нас з амбасадай адносіны роўныя, мы кантактуем і калі маем нейкі прадмет да абмеркавання, то абмяркоўваем.

– Вось жа з вашых слоў вынікае, што нейкая станоўчая дынаміка ў дачыненнях усё ж ёсць. А сам я, да прыкладу, нядаўна чуў пра нейкае пагадненне аб супрацы паміж Скарынаўкай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі…

– Я думаю, што дачыненні паміж бібліятэкамі – не тое самае, што дачыненні з амбасадамі і Міністэрствам замежных спраў, і таму адносна апошняга даволі скептычна настроены. На працягу доўгага часу беларуская дзяржава не жадае, на мой погляд, даць свабоду ні гаспадарцы, ні грамадскаму жыццю. Я заўважыў, што ўсе ўстановы Рэспублікі Беларусь не схільныя да кантакту з недзяржаўнымі арганізацыямі любога кшталту. Нават у выпадку дачыненняў з буйнымі карпарацыямі аддаюць перавагу дзяржаўным. Выглядае на тое, што яны, можа, нават не зусім ведаюць, як мець справу з прыватнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі, што ў іх няма ніякай канцэпцыі прыватна-дзяржаўнага партнерства – адной з базавых рэчаў для Захаду.


03-3ACAD098-3387-4D08-B0AF-C52526615193_w1597_n_r0_st.jpg

На перапахаванні парэшткаў паўстанцаў 1863 году ў Вільні. Мікалай Пачкаеў, Івонка Сурвілла, Сяргей Навумчык. Фота Аляксея Шаўлюгі, svaboda.org


– То бок атрымліваецца, што афіцыйная Беларусь мае скажонае ўяўленне пра структуру сучаснай заходняй дзяржавы?

– Беларусь – вельмі адзяржаўленая сістэма. І эканоміка ў яе адзяржаўленая, і чынавенства бачыць свет такім чынам, мае памылковае ўяўленне, што і ва ўсім свеце так. Але якраз ва ўсім свеце ўсё зусім не так.

– Пэўна ж, і грамадзяне таксама маюць памылковае ўяўленне?

– Напэўна, і грамадзяне таксама… Нават беларусы, якія атрымліваюць дыпломы ў Кембрыджскім, Оксфардскім ці Лонданскім універсітэтах, часта здзіўляюцца, чаму не могуць атрымаць апастыль. А таму і не могуць, што ў Брытаніі апастыль ставіцца толькі на дакументы дзяржаўнай установы. А дзяржаўная ўстанова і ўстанова, якая фінансуецца дзяржавай, – гэта не тое самае. І праз ўсё пералічанае складаецца дзіўнае становішча, калі ЗБВБ, на вялікі жаль, значна прасцей дамовіцца пра нешта з нейкімі брытанскімі дзяржаўнымі інстытуцыямі, якія заўжды вельмі адкрытыя да кантактаў, а тады ўжо праз іх выходзіць на кантакт з беларускімі чыноўнікамі, з Міністэрствам замежных справаў, праз амбасаду Брытаніі ў Мінску. Беларуская брытанская арганізацыя мусіць кансультавацца з брытанскімі дыпламатамі аб тым, як бы нешта арганізаваць з беларускімі ўладамі!

– А распавядзіце, калі ласка, пра якую-небудзь сумесную імпрэзу такога кшталту.

– Мы арганізоўвалі разам з адной з інстытуцыяў Лонданскага ўніверсітэта міжнародную канферэнцыю, прысвечаную 100-годдзю БНР, на якой былі прадстаўнікі Беларусі, Літвы, Польшчы, Вялікабрытаніі. З Беларусі быў прафесар Снапкоўскі з факультэта міжнародных адносінаў БДУ. А вось калі мы святкавалі 100-годдзе БНР, то выступілі з ініцыятывай арганізаваць урачысты прыём у брытанскім Парламенце. Прымаючы брытанскі бок быў прадстаўлены ў асобе кіраўніка Брытанскай групы па Беларусі, а мы хацелі запрасіць групу беларускіх дэпутатаў, афіцыйна і за наш кошт. Гэтага не атрымалася. У выніку мы мелі ў якасці госці толькі Алену Анісім, якая, да таго ж, прыехала да нас не па дыпламатычнай, а па агульнаграмадзянскай візе. Усё гэта адбылося пасля шэрагу абмеркаванняў з прадстаўнікамі амбасады, прытым, хачу зазначыць, у вельмі прыязным ключы. Яны са свайго боку вельмі добра да падзеі паставіліся, дапамагалі Алене Анісім у гэтым візіце транспартам, а на самім прыёме быў іх прадстаўнік. Мы, у сваю чаргу, паставілі там трэці сцяг – афіцыйны сцяг Рэспублікі Беларусь – на знак таго, што праводзім не палітычную дэманстрацыю, а стоадсоткавы ўрачысты святочны сход з фуршэтам. Але з боку амбасады, як мне падалося, асаблівай зацікаўленасці ў тым, каб падтрымаць ініцыятыву, не было, і якраз таму, што сыходзіла яна не ад урадавай, а ад недзяржаўнай арганізацыі. Нацыянальны Сход, як я зразумеў, паставіўся да прапановы прыкладна гэтаксама. Была бачная слабая гатовасць дзяржаўных установаў Беларусі да пэўных формаў партнерства з недзяржаўнымі арганізацыямі.

– Выходзіць што сёння адзіная патрэба, якую беларусы Вялікабрытаніі маюць у дачыненнях з беларускай дзяржавай, гэта ўсяго толькі сімвалічны крок насустрач з боку апошняй?

– У свеце беларуская дыяспара вельмі неаднародная, ёсць краіны, дзе беларусы патрабуюць падтрымкі, асабліва ў краінах былога Савецкага Саюза, такіх як Малдова, Расія… Я цалкам разумею, калі яны маюць больш плённыя кантакты з беларускім МЗС. Дыяспара ж у Брытаніі матэрыяльна цалкам незалежная. Наадварот, мы самі з’яўляемся донарамі грантаў для розных выдавецкіх праектаў у Беларусі і іншых краінах. Безумоўна, мы хочам бачыць удзел Амбасады і Міністэрства ў арганізацыі шчыльнейшага культурнага абмену, у арганізацыі прыезду беларускіх культурніцкіх дзеячоў. І сэнс гэтага абмену павінен быць у прэзентацыі Беларусі як самастойнай, нацыянальнай, абсалютна незалежнай дзяржаўнай адзінкі, нацыі. Зараз нагодаў для кантактаў з амбасадай у нас няшмат, але ў тым аб’ёме супольных праектаў, якія адбываюцца, я не магу паскардзіцца, што амбасада неяк кепска ставіцца да нас ці пазбягае кантактаў. І ўжо тое добра, што зараз мы не бачым для супрацы нейкіх палітычных перашкодаў. Толькі давайце, калі ласка, без „Россотрудничества“.

Гутарыў Сяргей Кандраценка,
прэс-сакратар МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“