Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ атрымала ад Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь адказ на сумесны з Саюзам беларускіх пісьменнікаў зварот (гл.: Спыніць спробы расколу беларускага грамадства).
Занепакоенасць грамадскіх арганізацый з-за спробаў уладаў унесці раскол у беларускае грамадства (якія выявіліся ў запалохваннях, быццам сёлетні мірны пратэст мае на мэце гвалтоўную беларусізацыю, насаджэнне бел-чырвона-белага сцяга і ўціск рускамоўнага насельніцтва) была ўспрынята Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы Міністэрства Абароны як „вельмі вольная і сумнеўная трактоўка падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне“.Следам за запэўненнямі ў тым, што „дзеючая ў Рэспубліцы Беларусь сістэма дзяржаўнай улады ў поўнай меры кантралюе сітуацыю, якая склалася, прымае неабходныя меры па яе стабілізацыі“, тым, што „інфармацыя, выкладзеная ў звароце вывучаная і прынятая да ведама“, а таксама апеляцыі да вынікаў рэферэндума 1995 года, Міністэрства абароны паведаміла, што:
„менавіта афіцыйныя знакі дзяржавы – Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь аб'ядноўваюць усіх грамадзян нашай краіны ў імкненні і жаданні рабіць усё лепшае ў імя росквіту нашай каханай Беларусі“.
Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“