“Масей Сяднёў: Pro et contra”

Пабачыла свет новая, ужо 36-я кніга выдавецкай серыі “Бібліятэка “Бацькаўшчыны”, прысвечаная выбітнаму дзеячу эміграцыі, паэту, празаіку, крытыку, філолагу, кіраўніку беларускай службы радыё “Свабода” з 1968 па 1983 гг. – Масею Сяднёву.

Каментары аўтара-укладальніка Лявона Юрэвіча, сябра Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, гэтым разам падкрэслена мінімалістычныя, бо тэксты змешчаных у выданні лістоў і тэкстаў Масея Сяднёва (1913–2001), а таксама згадкі пра яго асобу ў ліставанні калегаў і паплечнікаў, красамоўна гавораць самі за сябе. Нават назва кнігі як быццам рыхтуе чытачоў да сутыкнення з нейкімі неадназначнасцямі, супярэчнасцямі, з неабходнасцю ўзважваць аргументы “за” і “супраць”.

Неадназначнасцяў у жыцці галоўнага героя новай кнігі ставала. Савецкія ўлады ў 1936 годзе звінавацілі маладога беларускага творцу, студэнта Мінскага педагагічнага інстытута, у “нацдэмаўшчыне” і выслалі на Калыму. Накіраваны з этапам на Радзіму для перагляду справы, у чэрвені 1941 года Масей Сяднёў вызваліўся з-пад канвою, бо ў Беларусі пачалася вайна. У 1943 годзе з’ехаў у Беласток (дзе зноў пачаў друкавацца), у 1944-м – у Нямеччыну (дзе пражываў ў зонах акупацыі войскамі саюзнікаў), а ў 1950 годзе – у ЗША, дзе блізу дзесяці гадоў працаваў на металаапрацоўчай фабрыцы, а пасля, да самага ад’езду ў 1968 годзе ў Мюнхен (каб да 1983 года кіраваць беларускай службай радыё “Свабода”), выкладаў расійскую мову ва ўніверсітэце Індыяны і тамсама атрымоўваў ступень магістра філалагічных навук. У канцы 1980-х Масей Сяднёў нават вылучаўся на Нобелеўскую прэмію, а на пачатку 1990-х, яшчэ не рэабілітаваны, змог афіцыйна наведаць незалежную Рэспубліку Беларусь.

Недахопу ў супярэчнасцях Масей Сяднёў не меў таксама – ні ў поглядах, ні ў дачыненнях з калегамі. Для характарыстыкі апошніх, як вынікае з тэкстаў выдання, добра пасуе штамп “творчы канфлікт”, а шчодра цытаваныя шчырыя літаратурна-крытычныя тэксты Сяднёва не згубілі сваёй актуальнасці і нават сёння здольныя выклікаць найвострую палеміку.

siadniou_cover-site.jpg

Выданне ўтрымлівае падрабязныя падрадковыя каментары і іменны паказнік, падрыхтаваныя навукоўцам, намесніцай дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталляй Гардзіенка.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына