22 лютага ў Мінску адбылося пасяджэнне Малой Рады “Бацькаўшчыны”, падчас якога былі зацверджаныя фінансавая справаздача і справаздача дзейнасці Згуртавання за 2017 год, а таксама прыняты план працы на 2018 год.
Кіраўнік Згуртавання Алена Макоўская і старшыня Рады “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская агучылі тое, што было зроблена Згуртаваннем цягам мінулага года. Асноўныя высілкі арганізацыі ў першым паўгоддзі былі скіраваныя на падрыхтоўку і правядзенне Сёмага з’езда беларусаў свету, які адбыўся ў Мінску 15-16 ліпеня. Па аэцнках удзельнікаў мерапрыемства прайшло на высокім арганізацыйным узроўні. У ім узялі ўдзел 228 дэлегатаў, з якіх 115 дэлегатаў – прадстаўнікі беларускага замежжа з 20 краін. Гасцямі З’езда былі вядомыя беларускія культурныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі міністэрстваў і Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вышэйшых навучальных устаноў краіны, праваслаўнай, рыма-каталіцкай, грэка-каталіцкай канфесій, мусульманаў Беларусі.
Вынікам двухдзённай працы дэлегатаў Сёмага з’езда стала прыняцце выніковых дакументаў, якія пасля З’езда былі дасланы ў дзяржаўныя ўстановы Беларусі. На падставе гэтых матэрыялаў “Бацькаўшчына” будзе фармуляваць прапановы да дзяржаўных інстытуцый краіны і складаць планы дзейнасці Згуртавання на наступныя чатыры гады. Некаторыя вынікі працы дэлегатаў З’езда ёсць ужо сёння. Так, прапановы ў дзяржаўную стратэгію “Беларусь – дыяспары” ў 2017 годзе знайшлі разуменне ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі і былі абмеркаваныя на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах дыяспары пры МЗС у верасні 2017 года. У Калінінградзе з’явіцца вуліца імя Францішка Скарыны, а парэшткі княгіні Магдалены Раздзівіл перапахаваныя ў Мінску.
Згуртаванне працягвала ажыццяўляць планавую дзейнасць. Ішла праца над рэдызайнам сайта Аб’яднання і стварэннем новых рубрык: “Грамадскі ўдзел” і “Дыяспара для Беларусі”.
“Бацькаўшчына” актыўна падтрымлівала сувязь з арганізацыяямі беларускай дыяспары, брала ўдзел у грамадскіх акцыях. Так, накіравала звароты да Міністэрства замежных справаў Польшчы, у адміністрацыю Падляскага ваяводства і ў Інстытут нацыянальнай памяці ў Варшаве ў адказ на прапанову апошняга ў межах працэсу “дэкамунізацыі” перайменаваць вуліцу і ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім. А сітуацыя вакол надпісу на помніку Т.Касцюшкі ў Швейцарыі змусіла Згуртаванне звяртацца ў МЗС Беларусі і Польшчы.
“Бацькаўшчына” па-ранейшаму папулярызавала кнігі і выданні беларусаў замежжа, іх творчасць і дзейнасць. Выйшлі з друку наступныя серыйныя кнігі: В. Кіпель "Беларусы ў ЗША"; Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч "Хронікі БІНіМу". Згуртаванне “Бацькаўшчына” сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і нью-ёркскім Беларускім інстытутам навукі і мастацтва заснавала новую кніжную падсерыю “Спадчына: агледзіны”. Першай кнігай у ёй стала “Выбранае” Т.Грыба, другой – “Выбранае” У.Самойлы.
У партнёрстве з БІНіМам, “Саюзам беларускіх пісьменнікаў”, выдавецтвам “Лімарыус” быў праведзены другі конкурс на Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры. У супрацоўніцтве трох арганізацый – Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра і Згуртавання “Бацькаўшчына” заснавана літаратурная прэмія за найлепшую кнігу паэзіі імя Наталлі Арсенневай.
З восені пачалася падрыхтоўка да важнага ў дзяржаватворчым працэсе юбілею – 100-годдзя абвяшчэння БНР. І да гэтай знакавай даты Згуртаваннем быў выдадзены насценны каляндар “Адрасы БНР. 1918–2018”, які змяшчае выявы 12-ці будынкаў, у якіх у розны час адбываліся падзеі, звязаныя з БНР. Уклала каляндар гісторык Наталля Гардзіенка.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” з’яўляецца ініцыятарам і каардынатарам грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якая па-ранейшаму ладзіць па ўсёй Беларусі разнастайныя публічныя мерапрыемствы, такім чынам уцягваючы ў кола беларушчыны раней незаангажаваных людзей (літаратурныя імпрэзы, выступленні беларускіх музыкаў, прэзентацыі кніг і дзіцячыя спектаклі лямцавай батлейкі, круглыя сталы, публічныя дыскусіі, конкурсы, шоў Беларушчыны і многае іншае).
Падрабязна пра ўсе мерапрыемствы кампаніі рэгулярна пішацца на сайце budzma.by, а пра самыя яскравыя падзеі кампаніі – незалежныя рэспубліканскія і рэгіянальныя сродкі інфармацыі.
У 2017 годзе ўсе літаратурна-мастацкія мерапрыемствы былі прымеркаваныя да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і праходзілі пад слоганам “Наша Пяцісотгоднасць” з адпаведнай візуалізацыяй. У яе межах сіламі СБП і ЗБС “Бацькаўшчына” цягам года было праведзена больш за 400 літаратурных сустрэч у 93-х населеных пунктах з удзелам 91 творцы. На гэтых імпрэзах агулам прысутнічала каля 20 тысяч чалавек.
Сайт кампаніі budzma.by застаецца ўнікальным інфармацыйным парталам, праз які чытачы не толькі даведваюцца пра цікавыя культурныя імпрэзы па ўсёй Беларусі, але і атрымліваюць меркаванні экспертаў і калумністаў па важных, надзённых пытаннях жыцця нашай краіны.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”