Неяк мне ў рукі трапіла кніга «Эміграцыі і эміграцыйная палітыка» Леапольда Каро. Выданне 1914 года. Па-польску. Аўтар ацэньвае польскую эміграцыю ў ЗША, Канадзе, Паўднёвай Амерыцы, па ўсім свеце. Як эміграцыя паўплывала на тую ж Галіцыю ці Падляшша? З мапамі, статыстыкай, высновамі і г. д.
Толькі ўявіце — больш за 100 гадоў таму палякі ўжо задумваліся над гэтым пытаннем. На жаль, у Беларусі да эміграцыі як да асобнага феномену навукоўцы падыйшлі адно ў 1990-я. Але нават сёння гэтай тэмай прафесійна займаецца літаральна некалькі чалавек.
Найбольш паслядоўныя і пладавітыя даследчыкі — Лявон Юрэвіч і Наталля Гардзіенка. Менавіта дзякуючы іхнай шматгадовай працы мы ведаем пра лёсы эмігрантаў хвалі 1944 года, Раду БНР у выгнанні, размаітыя саюзы, скаўцкія арганізацыі, бібліятэкі і калекцыі беларускіх рэліквіяў за мяжой.
З чаго пачыналі спсп. Лявон і Наталля? Ці заўсёды эмігранты з ахвотай расказвалі ім свае гісторыі? Урэшце, ці патрэбны Беларусі асобны даследчыцкі цэнтр сваіх дыяспараў у свеце?
«З кніжных карэньчыкаў глядзелі імёны беларускіх аўтараў»
Лявон Юрэвіч прыехаў у Нью-Ёрк у 1993 годзе. Там пазнаёміўся з Зорай і Вітаўтам Кіпелямі — топавымі асобамі беларускага асяродку ў ЗША. Пазнаёміўся з іх бібліятэкай. Кіпелі параілі ісці працаваць у NYPL (публічная бібліятэка Нью-Ёрка) — і панеслася...
ЛЮ: «І вось там, у славянскім аддзеле, на мяне абрынулася. Кожны свой перапынак, кожны абед я бавіў каля паліцаў з беларускімі эміграцыйнымі кнігамі. Скончыўшы беларускае аддзяленне філфака з чырвоным дыпломам, я мог расказаць пра якога-небудзь Вальтэра фон дэр Фогэльвайдэ, а тут з кніжных карэньчыкаў глядзелі імёны беларускіх аўтараў, за якімі для мяне на той час нічога не было».
Падобнае няведанне імёнаў, што глядзелі з кніжных карэньчыкаў, сам Лявон Юрэвіч палічыў «дзікунствам». Вырашыў брацца за тэму: чытаць, пісаць, слухаць, збіраць. Сёння даследчык займаецца тэмай эміграцыі ўжо больш за чвэрць стагоддзя.
Лявон Юрэвіч і Уладзімір Пеляса. 1990-я гг.
А вось Наталля Гардзіенка яшчэ ў пачатку 2000-х працавала з зусім іншай тэмай — жанчынамі-шляхцянкамі XVIII ст. Пасля абароны дысертацыі шукала новы аб’ект даследаванняў. Дапамог той самы Юрэвіч. Маўляў, чаму б не даследаваць жанчын-эмігрантак?
НГ: «Ён даў мне колькі адрасоў і жанчын, і мужчын-эмігрантаў у розных краінах, я пачала да іх пісаць, задаваць пытанні. У выніку аўстралійскія беларусы запрасілі мяне на месяц да сябе, каб на месцы запісаць інтэрв’ю. З гэтага і нарадзілася і кніга пра беларусаў у Аўстраліі, што выйшла ў 2004 годзе, і маё захапленне тэмай эміграцыі».
Вялікая перавага даследавання эмігранцкіх справаў, на думку спн. Наталлі, у шматаспектнасці. Можна пісаць пра жанчынаў на эміграцыі, пра культурніцкія ці скаўцкія арганізацыі, пра гісторыі поспеху, творчыя калектывы, літаратуру, народжаную за мяжой... За што ні возьмешся — будзеш першым.
Лявон Юрэвіч і Яніна Каханоўская. Канец 1990-х гг.
«Яны мелі права на недавер»
Тэма эмігрантаў і эміграцыі хвалі 1944 года ў БССР традыцыйна была табуяванай. Маўляў, эмігрант = «здраднік». Наяўнасць за плячыма нейкіх канкрэтных злачынстваў не мела значэння, бо сам ад’езд на Захад ужо быў «здрадай»... Адваротны бок медаля — недавер эмігрантаў да беларусаў з самой Беларусі. А раптам даследчыкам ці журналістам прадстаўляецца агент КДБ?..
Так, Лявон Юрэвіч згадвае, як камбатант і літаратар з Канады Кастусь Акула адмыслова тэлефанаваў яму і пытаўся: «Спадар Юрэвіч, я паглядзеў усе энцыклапедыі, і вашага імя нідзе няма!» Параноя, узаемны недавер былі разлітыя ў паветры нават пасля падзення жалезнай заслоны.
НГ: «Калі я прыляцела ў Аўстралію, даведалася, што значная частка мясцовых беларусаў лічыла, нібыта мяне скіравала КДБ. У выніку гэтага не адбыліся некаторыя важныя для мяне інтэрв’ю — жанчыны баяліся нават проста сустракацца. Я нават крыўдавала, але потым зразумела, што людзі мелі на гэта права і варта больш цаніць тых, хто такі адважваўся спаткацца і распавесці пра сябе».
Быў яшчэ і матэрыяльны бок пытання. У пачатку 1990-х, калі ЗША з «ворага» ператварыліся ў «краіну мары», з постсавецкай прасторы пасыпаліся лісты ў тую ж дыяспарную газету «Беларус». Людзі прасілі даслаць даляры або нейкія рэчы, дапамагчы з выездам у Штаты, шукалі крэўных за акіянам як саломінку ў жыцці... Рэдка хто прасіў даслаць кнігі ці газеты. Амаль нікому не былі цікавыя лёсы і гісторыі эмігрантаў «старой хвалі» як такія.
ЛЮ: «...Таму акурат яны мелі права на недавер. І я гэта разумеў, бо ну з чаго ім верыць незнаёмаму, чужому? На давер трэба папрацаваць, і добра так папрацаваць».
«Вярталася са словамі: «Я нічога не ведаю...»
За чвэрць стагоддзя працы ў даследчыкаў апроч выдадзеных кніг і тэкстаў назбіралася маса цікавых гісторыяў і ўласных успамінаў. Паводле сп. Лявона, прыгадваецца шмат што, але найперш — страчаныя магчымасці. Сустрэчы і размовы, калі, здаецца, можна было б «даціснуць» суразмоўцу, але не атрымалася.
ЛЮ: «...Сядзеў у хаце Міхася Рагулі й намагаўся распытаць пра выдаваны ім часопіс у часе вайны, а ён маўчаў, нягледзячы на прысутнасць тут жа ягонага брата Барыса. Быў чуцён толькі голас Міхасёвай жонкі: "Маўчы, маўчы, кажу табе!"
І размова ў Таронта ў хаце Валяр’яна Навіцкага была б больш інфарматыўнай, калі б зноў жа не ягоная жонка, якая хіба што не заціскала яму рот: перапыняла, перакрыквала, забараняла. Або тэлефонныя размовы з Латушкіным (Гарэлікам), ягоныя словы пра жыццё, вартае Галівуда, але так ніколі й не расказанае».
НГ: «У мяне былі падобныя гісторыі. Асабліва добра запомніла адну жанчыну ў Сіднэі — Марыю Алехна. Пасля вайны яна апынулася ў Бразіліі, жыла ў Рыа-дэ-Жанэйра, вывучылася на швачку. Пазнаёмілася з беларусам з Аўстраліі і пераехала да яго. Вось гэтую гісторыю я й хацела пачуць, але яна і сама баялася расказваць, і муж яе перыядычна клікаў ды намаўляў, каб была асцярожнаю. І яна кожны раз вярталася са словамі: «Я нічога не ведаю...»
Было і па-іншаму. Неяк спн. Наталля прысела паразмаўляць падчас нядзельнага абеду пасля царквы ў Сіднэі з немаладой жанчынай, а тая аказалася... сястрою ад’ютанта Радаслава Астроўскага (галавы БЦР) Усевалада Радзевіча! На дзіва, жанчына ахвотна гаварыла пра брата і сваю сям’ю.
«Шкадую, што не напрасілася лепей пакорпацца ў той шафе»
Былі і нечаканыя падарункі. У Мельбурне Наталля Гардзіенка жыла ў сям’і святара Аляксандра Грыцука. Аднойчы ён паказаў ёй паперы, якія захоўваліся ў падвале дома. Ён іх падрыхтаваў, каб аддаць у Беларускае гістарычнае згуртаванне ў Адэлаідзе...
НГ: «...Нечакана айцец спытаў, ці цікавяць мяне эміграцыйныя часопісы. Кажу: "Безумоўна!" Тады ён не гледзячы засунуў руку ў стос папераў і выцягнуў з дзясятак перыёдыкаў 1940–1980-х гадоў. Там былі скаўцкія з Нямеччыны і мясцовыя аўстралійскія беларускія. У мяне мову заняло, а ён спакойна аддаў іх мне: "Трымай!" Дасёння шкадую, што не напрасілася лепей пакорпацца ў той шафе. Тады я яшчэ не ўсведамляла ўсю каштоўнасць таго, што бачыла».
Сп. Лявон кажа, што прасіць пра нешта (кнігі, дакументы, фота) ён не саромеўся: усе атрыманыя матэрыялы перадаваліся ў архіў у Мінску. Не для сябе ж. Шмат што дарылася з добрай волі саміх гаспадароў, якія першы — магчыма, адзіны — раз у жыцці бачылі жывога даследчыка з Беларусі, які вывучаў іх саміх.
А што з дыяспарамі ўкраінцаў, расійцаў, літоўцаў?.. Здавалася б, дыяспары з умоўнага «былога СССР» павінныя трымацца разам. А значыць, і даследчыкі іх гісторыі мусяць каардынаваць працу. Па факце ж нейкай адной інстытуцыі не існуе. Хоць ёсць цэнтр эмігранталогіі ў Польшчы, які выступае як платформа для абмену інфармацыяй для калегаў з Усходняй Еўропы. Але казаць пра ягоны ўплыў на даследаванні не даводзіцца.
Наталля Гардзіенка з аўстралійскімі беларусамі: Алегам Шнэкам, Аўгенам Грушам і а. Аляксандрам Грыцуком — каля беларускай царквы ў Мельбурне. 2003 г.
Спсп. Лявон і Наталля спрабавалі супрацоўнічаць з літоўскімі даследчыкамі эміграцыі, але, прызнаюцца, не надта паспяхова. Найлепш атрымалася з украінцамі — з Навуковым таварыствам імя Шаўчэнкі і з Вольнай украінскай акадэміяй (абедзве ўстановы — NY). Цяпер, напрыклад, рыхтуецца да друку зборнік гісторыка Льва Акіншэвіча, спадчына якога адначасна і беларуская, і ўкраінская.
Часам супраца ідзе і з расійцамі.
НГ: «У апошніх сітуацыя падобная да нашай у тым плане, што даследаванні паваеннай эміграцыі выглядаюць "ідэалагічна небяспечнымі". Таму большасць навукоўцаў звяртаецца да паслярэвалюцыйнай эміграцыі. Што праўда, там і матэрыялаў багата, дый рэсурсаў для даследаванняў і ў расійцаў, і ва ўкраінцаў значна болей, чым у нас».
Паводле спн. Наталлі, колькі гадоў таму наладзіўся кантакт з расійскім даследчыкам далёкаўсходняй эміграцыі Уладзімірам Калупаевым, які ў сваіх працах згадваў і беларускіх святароў. Атрымалася запрасіць яго на Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, а таксама наведаць па яго запрашэнні рускі эміграцыйны даследчы цэнтр у невялікім гарадку Серыятэ на поўначы Італіі. Сам Калупаеў, дарэчы, — святар.
Цэнтр даследавання беларускай дыяспары — ці магчыма?
Кнігі па гісторыі эміграцыі, выдадзеныя або адрэдагаваныя спсп. Лявонам і Наталляй наўрад ці змесцяцца на адной паліцы, хіба на нейкай нерэальна доўгай. І гэта не ўлічваючы дзясяткаў зборнікаў «Запісаў БІНІМу». Па логіцы мела б з’явіцца нейкае агульнае выданне — квінтэсенцыя напрацаванага.
Ідэя такая была: ЭБД — Энцыклапедыя беларускай дыяспары. Але да справы пакуль не дайшло. Аказалася, галоўнае тут нават не фінансавы бок пытання, а... спецыялісты. Людзі «ў тэме», здольныя пісаць энцыклапедычныя артыкулы. Энергіі і часу спсп. Лявона і Наталлі на ўсё не хапае.
Наталля Гардзіенка і а. Аляксандр Надсан. Лондан, 2005 г.
Некаторыя абагульняльныя выданні ўсё ж з’яўляюцца. У 2010-м з ініцыятывы Міністэрства інфармацыі і пад куратарствам д-ра Адама Мальдзіса выйшла кніга «Беларускае замежжа» (на жаль, моцна цэнзураванае выданне, з якога выкінулі імёны вядомых беларускіх эмігрантаў). Апошнімі гадамі пабачылі свет два тамы выдання «Творчыя калектывы беларусаў замежжа».
Але нават гэтыя выданні пакуль няпоўныя — фрагментарныя. Тым больш што ў краіне няма нейкай інстытуцыі, цэнтра, які ўвесь час займаўся б даследаваннем дыяспары.
ЛЮ: «І музей, і даследчы цэнтр, і архіў, і бібліятэка — усё гэта мусіць быць, тым болей што назбірана й перададзена ў Мінск на захаванне й выкарыстанне нямала. І што будзе — так, веру, як веру, што Беларусь паўстане, хай мо і не да Калядаў. Інакш нашто мы ўсё гэта робім?»
Наталля Гардзіенка і Альгерд Абрамчык. Парыж, 2012 г.
Наталля Гардзіенка згадвае, што з ідэяй такога цэнтра актыўна выступаў д-р Адам Мальдзіс. Колішні ягоны «Скарынаўскі цэнтр» быў у нечым правобразам цэнтра даследавання дыяспары. На жаль, гэтая інстытуцыя ўжо не існуе.
НГ: «Напэўна, такі цэнтр магчымы толькі ў іншай Беларусі, у той, дзе не будзе ідэалагізацыі не толькі тэмы беларускага замежжа, але і навукі наогул. А пакуль мы можам проста назапашваць матэрыялы, даследаваць, выдаваць. Тое і робім».