
30 чэрвеня 55-гадовы юбілей святкуе сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“ Лявон Юрэвіч (ЗША).
Лявон Юрэвіч – вядомы беларускі архівіст, гісторык літаратуры, бібліёграф, крытык каментатар і публікатар шматлікіх дакументаў і мастацкіх тэкстаў беларускай эміграцыі, якія дзякуючы яго нястомнай дзейнасці рэгулярна ўваходзяць у навуковы ўжытак.
Ахвяруючы ўвесь свой час па-за працай у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы на даследаванні беларускай эміграцыйнай спадчыны, спадар Лявон сёння з’яўляецца таксама адным з найгалоўных рухавікоў навуковай дзейнасці Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Яго заслуга – многія тысячы старонак уплывовага навуковага альманаха „Запісы БІНіМ“.
Плён Лявона Юрэвіча – дзясяткі ўнікальных па-майстэрску напісаных кніг, часта ў суаўтарстве з даследчыцай Наталляй Гардзіенка, сярод якіх ладная частка серыі „Бібліятэка Бацькаўшчыны“. Манаграфіі, падрыхтаваныя з удзелам спадара Лявона, запаўняюць культурныя і гістарычнія прабелы, спалучаюць захапляльны аўтарскі стыль з глыбокім аналізам матэрыялу, скіраваным на праблематызацыю гісторыі, разбурэнне догмаў і падштурхоўванне літаратура- і эміграцыязнаўчай навукі да развіцця. Кожная з іх доўгачаканая, выхад кожнай робіцца буйной падзеяй у навуковым асяродку.
Ад усяго сэрца віншуем дарагога юбіляра са святам і зычым яму нязгаснай энергіі і творчага натхнення, заўсёднага добрага настрою, дабрабыту, новых адкрыццяў і дасягненняў.
Управа МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“