Дарагія сябры!
Шэсцьдзесят гадоў таму вы заснавалі на Беласточчыне выбітную беларускую літаратурную суполку, якая аб’ядноўвае адданых роднай мове творцаў самых розных пакаленняў. Сёння гэта адно з найстарэйшых дзеючых аб’яднанняў беларускіх літаратараў замежжа. Унёсак, зроблены “Белавежай” у беларускую культуру за гэты час, – неацэнны. Гэта дзясяткі выдадзеных кніг, часопіс “Тэрмапілы”, якому сёлета спаўняецца дваццаць гадоў, а таксама сотні аўтараў, сярод якіх, як мы з гонарам адзначаем, ёсць і сябры нашага Згуртавання! За савецкім часам вашыя галасы, што не зведалі БССРаўскай цэнзуры, былі глыткамі вольнага паветра. Мы перакананыя, што ваша руплівая праца, вашы здзяйсненні будуць належным чынам ацэненыя грамадскасцю Беларусі і дзяржавай.
Мы радыя бачыць вашую вернасць традыцыям і ідэалам, запачаткаваным шэсцьдзесят гадоў таму, вашу адданасць беларускай культуры і вольнаму слову, радыя чуць у “Белавежы” галасы розных пакаленняў беларускіх творцаў Польшчы.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе ўсіх сяброў аб’яднання “Белавежа” з юбілеем! Жадаем вам плёну ў працы, нязгаснага натхнення, творчых адкрыццяў і новых літаратурных перамог!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”