Вельмі добрыя і прыгожыя лісты, з цудоўнымі малюнкамі, дасылае Павел Севярынец сыну. Адзін з лістоў на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала ягоная жонка Вольга:
«Дарагі сын!
Намаляваў табе царкву-крэпасць у Мураванцы. Гэта, як і ў Сынкавічах, храм Ісуса, дзе людзі маглі схавацца і абараняцца, калі што. Мы з мамулечкай аднойчы былі ў ёй, заходзілі і маліліся. Вось такія прыгожыя дамы Божыя ў Беларусі былі ў шматлікіх мястэчках і вёсачках. На вежы (левай, калі стаяць тварам да ўваходу) вісіць звон – відаць перакладзіну. І, калі людзей склікаюць на малітву, звон робіць “Дзінь! Дзінь!”
Калі будавала і Мураванку, і царкву ў Сынкавічах, у Беларусі быў Залаты век. Людзі тады маліліся Богу тры разы на дзень: ютрань, абедня і вячэрня! Маліліся Богу, любілі Беларусь – і жылі цудоўна, і былі магутныя!
Госпад Бог шукае ў Беларусі такіх людзей – якія любяць Яго, моляцца і шануюць сваю сям’ю і сваю Радзіму. Вось што кажа Бог: “Ухіляйся ад зла і рабі дабро, і будзеш жыць вечна”.
Абдымаю і цалую цябе, сыне! Мы цябе вельмі любім!
Твой тата»
Нагадаем, што Павел Севярынец несправядліва змешчаны за краты і знаходзіцца там ужо больш за год. 25 мая яму прысудзілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў.