Сёння, 8 лютага, 90-гадовы юбілей адзначае Леанід Лыч, знаны беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар, сябра Рады “ЗБС “Бацькаўшчына”, які стаяў ля вытокаў стварэння гэтага аб’яднання.Кампанія “Будзьма беларусамі!” сустрэлася са спадаром Леанідам, каб паразмаўляць пра дзяцінства за тры кіламетры ад польскай мяжы, навуковую дзейнасць, беларускую ідэю і тое, ці магчыма ва ўзросце 89 гадоў рэалізаваць сваю дзіцячую мару.
Леанід Лыч на Сёмым з’ездзе беларусаў свету, 2017 год. Фота – Яўген Ерчак
Пра дзень нараджэння
Я нарадзіўся ў такі час, якім нельга пахваліцца: у 1929 годзе пачаліся рэпрэсіі супраць тых, хто быў на баку беларусізацыі, адбывалася прымусовая калектывізацыя. Маці казала, што нарадзіўся я ў такі халодны дзень, што фельчар сказаў: “Калі вы яго выхадзіце, то будзе доўга жыць”. Як бачыце, так і атрымалася. І пасля ў метэаралагічных перадачах увесь час гучала, што 8 лютага 1929 года было так халадно, што гэтыя рэкорды дагэтуль не пабітыя.
Часам з’яўляецца такое жаданне: вось бы хто сабраў нас усіх, хто нарадзіўся 8 лютага 1929 года, паглядзець, ці шмат нас засталося.
Пра дзяцінства ў вёсцы Магільнае
Там, дзе я нарадзіўся, людзі спрадвеку былі адданыя нацыянальным культурным традыцыям, надта любілі ўсё сваё: дакаралі тых бацькоў, чые дзеці падаліся ў Мінск і па вяртанні ўжывалі слоўцы гарадскія, — хай бы гэтыя дзеці шанавалі мясцовае.
Я нарадзіўся на тэрыторыі Савецкай Беларусі за тры кіламетры ад мяжы з Польшчай. Настаўнікі і піянерважатыя выхоўвалі нас у савецка-патрыятычным духу. У сям’і нас было пяць чалавек дзяцей, і мы ніколі не наядаліся, але ўсё адно лічылі сябе самымі шчаслівымі.
11 ліпеня нас заўжды вадзілі на дзяржаўную мяжу з Польшчай, гэта быў дзень вызвалення ад белапалякаў. Мяжой быў Нёман, мы на левым беразе, польскія дзеці на правым баку. Дарэчы, дзеці з таго боку вельмі чыста размаўлялі па-беларуску. Мы перакрыкваліся, і памежнікі не ўмешваліся.
Мне вельмі запомнілася дражнілка з Захаду: “Бальшавік — падраны чаравік”. А мы казалі ў адказ: “У вас мыла няма, а калі багатая мые бялізну, вы па цячэнні бежыце, каб сваю бялізну памыць”. Яны крычалі ў адказ, што няма такога.
Да вайны я паспеў скончыць пяць класаў, ужо з чацвёртага нам пачалі выкладаць рускую мову, якую самі настаўнікі ведалі слаба. Можаце ўявіць, калі настаўніца чытала кніжку, прысвечаную Кіраву, ягоным дзіцячым гадам, то ў звароце “Серёга” не было кропак над “ё”, то яна прамаўляла “Сярэга”. Мы тады думалі, што жа ён за палітычны кіраўнік з такім імем.
У апошнія гады перад вайною, многія прадметы выкладалі па-руску: заалогію, батаніку, хімію, фізіку — настаўнікі перасталі карыстацца чыстай беларускай мовай, стала зразумела, што нешта адбываецца.
Мой бацька быў чалавекам начытаным, аналізаваў тое, што адбываецца навокал, разумеў, што гэта няправільна і несправядліва. Калі ў нашых школьных чытанках ахайвалі жыццё да рэвалюцыі, казаў: “Не вер, нават параўноўваць цяжка”.
У кожным двары былі свае жорны, каб можна было малоць, у нейкі час бальшавікі вырашылі, што гэта патыхае часамі прыгоннага права, і загадалі вынесці з двара ўсе верхнія камяні з жорнаў, і молатамі знішчылі іх. Наш сусед аказаўся чалавека смелым, і адзін з верхніх камянёў захаваў, а пасля пашкадаваў нас і аддаў гэты камень нам, каб мы ўпотай малолі.
Жыццё падчас вайны
Калі пачалася вайна, я радаваўся, бо прыгадваў, як у верасні 1939-га мы далучалі да СССР тэрыторыю за тэрыторыяй, і цяпер, думаў я, будзем далучаць і далучаць новыя — тыя краіны, дзе былі эксплуататары працоўных. Але пайшло ўсё зусім не так, як думалася.
Наша вёска заўжды знаходзілася побач са стратэгічнымі шляхамі, і ў выпадку небяспекі людзі, абмінаючы асноўныя шляхі, ішлі праз нашу вёску. На чацвёрты дзень вайны людзі пайшлі праз нас масава.
Памежнікі і камендатура доўга не здымаліся з месца — можа, не хацелі сеяць паніку, казалі нам “не пужайцеся, нас падтрымае міжнародны пралетарыят”, і мы ім верылі. А можа, яны затрымліваліся, бо не мелі права зняцца без адпаведнага загаду, а была паніка, і загад не прыходзіў. У выніку калі нашыя памежнікі ад’ехалі, іх знішчылі авіяцыяй.
У нас былі тры прыгожыя будынкі — школа, бальніца і камендатура. Людзі не кранулі школу і бальніцу, але разабралі памежную камендатуру — знайшлі там боты, футра, нават радыёпрыёмнікі.
Недзе ў 1939 годзе да нас з Польшчы прыбыла нямала польскіх яўрэяў, яны пасяліліся ў нашым калгасе, гаварылі па-польску і на ідышы.
Я не магу патлумачыць, чаму нашыя яўрэі, наслухаўшыся ад польскіх пра здзекі, не падаліся далей у 1941-м. Бадай, верылі ў непераможнасць Чырвонай арміі. Калі прыйшлі немцы, ужо не першыя, пачаліся рабаванні.
Аднойчы ў хату прыбегла сястра, кажа, немцы дырэктара школы б’юць. А мы нашага дырэктара любілі, і дзеці наляцелі на немцаў, пачалі лупцаваць, і яны дырэктара адпусцілі.
Немцы казалі, што адселяць яўрэяў у Крым, і раілі сушыць грыбы, каб было што есці ў дарозе, і мы, дзеці, паказвалі ім грыбныя месцы ў лесе, бо звычайна яўрэі грыбоў не збіралі.
Але пазней усіх забралі. Восемдзесят чалавек адвезлі ў раённы цэнтр і там забілі. Нам казалі — забярыце іх рэчы, а мы не маглі гэтага зрабіць па маральных прычынах.
З канца 1942 года пачаўся партызанскі рух, і каму ўдавалася трапіць у партызаны, тым зайздросцілі: адразу ўсім пайсці не атрымлівалася, не хапала зброі. Я вельмі рады, што трапіў у партызанскую зону, бо Нёман аддзяляў нашае мястэчка ад зоны паліцэйскай, дзе хочаш, не хочаш — даводзілася немцам дапамагаць. Па вызваленні Беларусі нашыя хлопцы хадзілі заступацца за тых, хто трапіў у паліцыю, братазабойства ў нас не было.
Пра цікавасць да гісторыі і дзіцячую мару
Цікавасць з’явілася ў пятым класе, калі мы вывучалі гісторыю старажытнага свету. Выкладаў прадмет малады настаўнік па прозвішчы Гаварушка, мы былі ў захапленні ад яго ўрокаў — так прыгожа і цікава расказваў. “Вось каб і я такія веды меў”, — думаў я і запісваў усё, што казаў настаўнік. Так і навучыўся пісаць дробна і хутка.
Мінулым летам я, дарэчы, паставіў сабе задачу трапіць у Егіпет. Мая страхоўка каштавала ў тры разы даражэй за звычайную, бо ўзрост — у 89 гадоў турагенцтвы не вельмі хацелі мяне адпраўляць. Але не пашкадаваў грошай і пабачыў піраміды, Ніл, а пасля напісаў артыкул пра тое, як мары пяцікласніка збыліся на дзевяностым годзе жыцця.
Пра навучанне і навуковую ступень
Я спазніўся з выбарам тэхнікума, маці доўга не адпускала мяне ў горад, бо я быў старэйшы з дзяцей і мог дапамагаць па гаспадарцы. І там трапіў я ў невядомы для сябе тэхнікум — статыстычны.
На маім шляху паўстала такое — вельмі хацеў быць афіцэрам, афіцэры тады былі ў вялікай пашане, асабліва ў дзяўчат, і пацягнула мяне ў ваенную вучэльню. І ў мінскай ваеннай вучэльні рыхтавалі афіцэраў памежнай службы. Я згадаў нашых памежнікаў і вырашыў, што паеду на мяжу, буду бараніць краіну. Але ва ўнутраных органах былі ператасоўкі, памежную службу аддалі КДБ, а нас адправілі працаваць у лагеры для палітзняволенных. У мяне пытаюцца, як я там захаваў нацыянальную свядомасць. Але чалавек і сярод ваўкоў можа заставацца чалавекам. Менавіта там я зразумеў, што ніякага камунізму мы не будуем, а ўсіх, хто нязгодны, аб’яўляюць ворагамі, што гэта не мая прафесія і мне любой цаной трэба вырвацца адтуль.
У 1954 годзе пачалі распускаць лагеры і калоніі, і я змог трапіць пад дэмабілізацыю. Мая жонка была родам з Башкірыі, і мы пераехалі ва Уфу. У 1958-м вярнуўся ў Мінск, пачаў працаваць у школе, падаўся ў інстытут, змог стаць малодшым навуковым супрацоўнікам і пачаў патроху “расці”.
У 1976 годзе я напісаў доктарскую дысертацыю па чыгуначным транспарце, але якраз выйшла пастанова на нацыянальных мовах доктарскія не дазваляць, пісаць па-руску. А гэта значыць перакладаць манаграфію, усе навуковыя публікацыі, і я вырашыў, што такім займацца не буду. Год ці два не рабіў з гэтым нічога, а ў пяцьдзясят гадоў узяў новую тэму, блізкую да нацыянальнай праблематыкі. І ўжо тады абараніўся.
Пра беларускіх і іншых навукоўцаў
Нацыянальныя навукоўцы іншых краін не вельмі любілі беларускіх навукоўцаў. Бо калі астатнія пісалі пра нацыянальны складнік, беларусы часцяком пісалі пра зліццё, чым пра захаванне самабытнасці. У 1984 годзе я пачуў на ўласныя вушы з навуковай трыбуны фразу “Калі Масква будзе працягваць такую нацыянальную палітыку, Савецкі Саюз распадзецца”.
На той жа канферэнцыі ўкраінскія калегі спыталі, ці буду я выступаць “як усе беларусы”. Адчуўшы атмасферу гэтай канферэнцыі, я ўсю ноч пераробліваў уласны даклад. Зразумела, пасля даклад гэты трапіў у беларускі ЦК, і ішла гаворка пра тое, што мяне “з такімі поглядамі” на “саюзную” арэну выпускаць нельга. Але пасля на мой даклад спасылаліся, у Беларусі паступова пачалося “нацыянальнае ажыўленне”.
Пра эміграцыю і дыяспару
Самае вялікае пакаранне — расстрэл, адразу за ім — высылка з радзімы.
Рэч у тым, што беларусы, якія вельмі любілі радзіму, неаднойчы ў гісторыі былі вымушаныя яе пакінуць. Я магу пагадзіцца і не асуджаю людзей, якія ў 1860-я адпраўляліся ў Сібір, бо не хапала зямлі. Тое самае паўтарылася і ў 1920-я. Ці на пачатку ХХ стагоддзя людзі ездзілі на заробкі ў ЗША, Канаду, Францыю, але, зарабіўшы грошы, вярталіся назад, купіць зямлю.
Пасля вайны людзі, што засталіся за мяжой, але паходзілі з нашага мястэчка, дасылалі патрэбныя лекі так, што хапала не толькі вёсцы, але і раёну.
У першую хвалю пасляваеннай эміграцыі мы страцілі дзясяткі людзей, якія самааддана служылі беларускай нацыянальнай ідэі. Падчас акупацыі яны рызыкавалі сваім жыццём, адстойваючы беларускія інтарэсы, і рызыкавалі моцна. Бо немцам не патрэбная была тая беларуская мова. Але дзеці эмігрантаў першай хвалі — яны ўжо больш інтэграваныя ў новую мову і культуру. А ўнукі нават самых адданых беларусаў маглі ўжо і не разумець па-беларуску.
Я лічу, што чым горай радзіме, тым больш за яе трэба трымацца. Пакінуць яе можна, калі яна ў росквіце, а калі краіна жыве бедна, парушаюцца нацыянальныя правы, трэба рукамі-нагамі за яе трымацца і адстойваць нацыянальныя інтарэсы.
Некаторыя прадстаўнікі дыяспары могуць выйсці на дэманстрацыі, кінуць на Купалле вянок у рэчку, але Беларусі ад гэтага прасцей не робіцца. Бо патрэбная дапамога рэальная, грашовая ў тым ліку.
Пра БНР і БССР
25 сакавіка мусіць быць дзяржаўным святам нумар адзін. У 1918 годзе, не ў мірны час, на парадак дня было пастаўленае пытанне, быць ці не быць беларусам. Кастрычніцкая рэвалюцыя паказала, што нічога не збіраецца нам даваць. У тым ліку таму, што беларуская мова была ў загоне, і беларусы не могуць лічыцца асобным народам, бо не маюць уласнай мовы.
Мы рэдка згадваем Яўхіма Карскага, які даказаў самабытны характар нашай мовы, у тым ліку рускім навукоўцам. А раз мова самабытная, то ёсць і народ. Гэтым фактам узброіліся пасля Жылуновіч і Чарвякоў.
Што тычыцца БНР і той тэлеграмы, дасланай кайзеру, то дзеячы БНР былі тонкімі дыпламатамі, і гэта была для іх трагедыя — звяртацца да ворага. Але агулам БНР за доўгі час упершыню заявіла пра правы беларусаў.
Дарэчы, БССР — дзіця БНР, таму і дата 1 студзеня 1919 года мусіць быць для нас святочнай. Калі б не яна, мы б маглі, як Смаленская, Бранская, Пскоўская вобласці, стаць проста шараговымі абласцямі, і да Другой сусветнай вайны ад нас нічога не засталося б. Шмат дала нам палітыка беларусізацыі.
Я быў сведкам такой гісторыі — сустрэў адну жанчыну ў Дзяржаўным архіве, яна нешта чытае і выцірае слёзы. Я спытаў, чаму яна плача. Выявілася, яна чытала матэрыялы па беларусізацыі, якая тады была агульнанацыянальнай надзеяй на стварэнне ўласнай нацыянальнай свядомасці!
Таму я лічу, што галоўным дзяржаўным святам мусіць быць 25 сакавіка, аднак і 1 студзеня мусіць быць прынамсі адзначанае чырвоным колерам у календары.
Пра БНР100 і БНР101
На жаль, мы пакуль адзначаем гэтыя святы як нявольнікі. Нельга ўводзіць ніякіх лімітаў, летась, калі было свята ля Оперы, ніхто з прадстаўнікоў дзяржавы там не выступіў. Але нашыя патрыятычныя колы мусяць працягваць святкаваць Дзень Волі так, як дазваляюць умовы — варта выкарыстоўваць усе магчымасці, якія мы маем. Хацелася б, каб гэтае свята адзначалі на лакальным узроўні таксама — Заводскі раён, Фрунзенскі раён, каб быў не адзін мітынг, а пятнаццаць.
Я быў на святкаванні ля Оперы, і ў мяне засталіся вельмі добрыя ўражанні — бачна, што людзі цягнуцца да незалежнасці.
Але трэба, каб нашае галоўнае свята адзначалі і ў Гомелі, і ў Віцебску і ў Магілёве, каб ніхто не мог казаць, што гэта рускія гарады.
”Партрэт Ганаровага сябра клуба “Спадчына”, прафесара Леаніда Лыча”. 1994. Яўген Ціхановіч
Пра перапіс-2019
Абвешчаны перапіс проста не дае мне спаць. Наш народ моцна збіты з панталыку: неаднаразова чулі мы з афіцыйных крыніц, што “мы — рускія”. А калі людзі пачнуць запісвацца рускімі? Мы таксама чулі, што для рускай мовы мы зрабілі не меней, чым рускі народ. А калі людзі пазначаць, што іх родная мова — руская? А калі так зробіць большасць? Каб не “забралі” нас пасля перапісу, калі мы ўжо рускія людзі з роднай рускай мовай.
Як адрадзіць нацыянальную свядомасць?
Адзінае выйсце з гэтай сітуацыі ў тым, каб даць магчымасць беларускім лінгвістам, гісторыкам, філолагам карыстацца афіцыйным эфірам — расказваць людзям, хто мы ёсць па нацыянальнасці, мове, культуры.
Ніводны еўрапейскі народ не карыстаецца дзвюма мовамі. Трэба, каб беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у сваёй краіне, як тое было прапісана ў студзені 1990 года (і гэта яшчэ за савецкім часам!).
За апошнія 25 гадоў стала зразумела: краіна можа абслугоўвацца адной мовай, дык наша мова і мусіць выконваць гэтую ролю. У Чэхіі оперы ідуць па-чэшску, чаму мы не можам нашыя оперы і аперэты ставіць па-беларуску? Чаму не можам эстраду пабудаваць на ўласным моўным матэрыяле?
Гэта справа не аднаго года, гэта досыць доўгі перыяд патрэбны. Трэба са згоды народа даваць прыярытэты беларускаму. Мы хвалімся фальклорам, але нас гэта не выручае, бо фальклор павернуты ў мінулае. Нам патрэбная беларуская сучасная прафесійная культура. Трэба адыходзіць ад візуальнага рускамоўнага афармлення гарадоў і вёсак, колькі ў нас дзеячаў, вартых, каб іх імёнамі называлі нашыя вуліцы. Бо калі чалавек нарадзіўся на вуліцы Свярдлова, яму гэты Свярдлоў будзе даражэйшы за стваральнікаў БНР.
Пра планы
Нягледзячы на тое, што зрабіў я, па шчырасці, нямала, у мяне шырокі прасцяг і далей ваяваць за беларускую ідэю. Днямі выйдзе наша з Міколам Савіцкім кніга “Улады адмовіліся ад дыялогу”, мы нямала напісалі за апошнія два-тры гады лістоў у дзяржустановы, але дзяржава не зрабіла і кроку насустрач, бо не настроеная быць беларускай.
Я бы мог у сілу ўзросту пераключыцца на мастацкую літаратуру, але працягваю чытаць кнігі па гісторыі пра досвед нацыянальнага адраджэння іншых народаў. Любы народ можна звесці на не, насадзіўшы чужую мову, і праз 50 гадоў гэта будзе іншы народ. Змянілася мова справаводства — праз пяцьдзясят гадоў людзі перастануць ёй карыстацца і ў жыцці. Самае галоўнае ў захаванні дзяржаўнасці — яго этнакультурная самабытнасць, сэрцам якой ёсць мова.
Юрась Ускоў, “Будзьма беларусамі!”