Хведар Нюнька: Мова – прыкмета этнасу беларуса

Вельмі хутка праляцелі чатыры гады ад шостага з’езду. Шмат значных і важных падзей адбылося за гэты час у свеце – мяняліся палітычныя і эканамічныя асновы дзяржаў свету, дзе мірным шляхам, а дзе з кроўю. Толькі ў нашай Беларусі ўсё стабільна, як і раней. Як каралі, так і караюць звальненнем з працы, штрафамі, міліцэйскімі расправамі за гістарычную нацыянальную сімволіку, за мірныя пратэстныя акцыі, за крытыку рэжыму, тым самым парушаючы элементарныя правы чалавека. Не палепшылася драматычная сітуацыя з беларускай мовай: яна не стала дзяржаўнай, у адрозненне ад сітуацыі ва ўсіх суседніх краінах. У Літве на галоўных каналах тэлебачання кожны тыдзень перадаюцца канцэрты па заяўках слухачоў і гледачоў. Канцэрт доўжыцца 2-3 гадзіны і запоўнены выключна літоўскай эстраднай і народнай музыкай і ніякай іншай. Гэта прыклад стаўлення дзяржавы да сваёй мовы. Ці магчыма такое ў Беларусі? Справа мовы архіважная для захавання беларускага этнасу. Калі параўнаць колькасць выдаваных дзяржаваю беларускіх газет, кніг і іншай прадукцыі, то варта спытаць: у якой незалежнай дзяржаве мы жывём? А школы, якія павінныя выхоўваць беларускіх патрыётаў, што захаваюць беларускі этнас і культуру, а таксама пры патрэбе будуць абараняць Беларусь ад сапраўдных ворагаў, а не выдуманых з “пятай калоны” ці “Белага легіёна”? Сумна, але ў гарадах Беларусі наогул беларускіх школ няма – поўная русіфікацыя. Беларуса трэба выхаваць, каб ён стаў сапраўдным патрыётам сваёй краіны. Так робяць усе цывілізаваныя народы свету.

З гонарам хачу адзначыць, што дзякуючы маім намаганням і добрым адносінам з літоўскімі ўладамі мне ўдалося атрымаць дазвол на бюджэтным фінансаванні адчыніць у Вільні беларускую школу (цяпер гімназія) і беларускі факультэт пры педунівэрсітэце. Аднак замест падзякі за мае шматлікія пратэстныя акцыі супраць існуючага рэжыму і супраць парушэння правоў чалавека ў Беларусі адбыўся разрыў нашых адносін на працягу 20 гадоў паміж мною і беларускай амбасадай з падкантрольнай ёй беларускай школай.

Хачу нагадаць мой асабісты прыклад станаўлення нас да нацыі і народа. Я жыў у Беларусі пры польскай уладзе, вучыўся і выхоўваўся ў польскай школе і ў польскім духу, бо ні беларускіх, ні іншых не было. Потым адчыніліся беларускія школы, а ў 1942 г. усе школы перайшлі на беларускую мову. Настаўнікі, бальшыня з іх, былі мясцовыя беларускія патрыёты і вучылі нас праўдзівай беларускай гісторыі. Я зразумеў, што ніякі я не паляк і мова мая павінная быць беларускаю. У школе я стаў актывістам і беларускім патрыётам і захаваў гэта на ўсё жыццё, зрабіўшыся сябрам Беларускай Народнай Самапомачы. У часе нямецкай акупацыі я памагаў беларусам і беларускай справе прафесійна валодаючы нямецкай моваю.

Цяпер цёпла і з удзячнасцю ўспамінаю сваіх першых настаўнікаў-выхаваўцаў. На жаль, лёс іх склаўся трагічна. У якасці пашаны іх памяці хачу назваць некаторых з іх: гэта прафесар, выкладчык гісторыі Дзмітры Агіцкі, фізіку і матэматыку выкладалі Язэп і Юрка Клышэвічы, культуру – Пётра Рандарэвіч, Шляхтун і інш.

Пётра Рандарэвіч, Язэп і Юрка Клышэвічы і шмат, шмат іншых былі замардаваныя чырвонымі ці белымі бандамі, якія не змагаліся з акупантамі, а забівалі беларускіх актывістаў-адраджэнцаў.

Прафесар Дзмітры Агіцкі (сын святара ў Шчучынскай царкве) перажыў вайну, але асабістае жыццё склалася не менш трагічна. Мне даслалі газету “Кароль Лір са Шчучынскага раёна”, дзе апісаныя апошнія гады гэтага выдатнага навукоўца і патрыёта. Гэта ён спрычыніўся да выхавання мяне беларускім патрыётам, што і пранёс я праз усё жыццё. Таму і тэрміновы пераезд мой напрыканцы 1943 года ў Вільню не быў выпадковым, а звязаны быў з маёй беларускасцю.

Жыццё паказвае, што як толькі пры акупацыях з’яўляюцца спрыяльныя ўмовы (першая і другая сусветныя войны), беларусы здольныя арганізавацца і змагацца за свае інтарэсы і ў першую чаргу закладаюць беларускія нацыянальныя школы. Аб чым сведчаць дакументы. У мяне захаваўся арыгінал пашпарта, выдадзенага ў Літве ў 1916 годзе на нямецкай і беларускай мове – не на рускай, ці польскай, ці літоўскай, а на беларускай.

У заключэнне хачу коратка спыніцца на падзеях у Таварыстве беларускай культуры ў Літве на працягу 2014–2017 гадоў, паколькі неаб’ектыўны розгалас пра гэта дайшоў да беларусаў усяго свету.

Па ініцыятыве бізнесоўца Мікіты Забугі (які фактычна сам знаходзіцца ў складанай сітуацыі судова-фінансавых праблемаў) сабралася купка беларусаў, якім ён распавёў, як можна лёгка прыдбаць вялікія грошы: "Калі б вярнуць былыя тры дамкі айцоў-марыянаў і адкрыць фінансавыя банкаўскія рахункі старшыні ТБК Х. Нюнькі… тады можна будзе разбагацець".

Купка выслухала і ўспрыняла сур’ёзна. Бо хто ж не хоча разбагацець? Сказана – зроблена. Пачалася энергічная працa з дапамогаю адвакатаў і праваахоўных уладаў Рэспублікі па дыскрэдытацыі Нюнькі, якому прыпісваліся маштабныя злачынствы.

Такім чынам, "путч", які пачала купка несумленных людзей, працягваўся амаль тры гады. Па справе Віленскі акруговы суд наняў адпаведных фінансавых экспертаў і, два разы праверыўшы ўсю фінансавую і гаспадарчую дзейнасць Таварыства больш чым за 10 гадоў, зняў усе абвінавачанні супраць Нюнькі як беспадстаўныя і абавязаў "путчыстаў" выплаціць яму грашовую кампенсацыю, канчаткова закрыўшы судовую справу. "Путч" прынёс шкоду здароўю і дабрабыту асабіста Хведара Нюнькі и яго сям’і. Але ці не яшчэ большую шкоду – беларусізацыі і ўсім беларусам Віленшчыны? Цікава:

  • На каго працуюць правакатары? 

  • Хто іх фінансуе?

  • Каму спатрэбілася ліквідаваць аўтарытэт найстарэйшай арганізацыі беларусаў у Літве? 

На гэтыя і шмат іншых пытанняў адказаў пакуль няма. Але яны будуць абавязкова знойдзеныя пры вашай дапамозе.

Хведар Нюнька
VII з’езд беларусаў свету 15-16 ліпеня 2017 г.