Хатка па-над рэчкаю. Гісторыя камяня Луцкевічаў

Камень з мемарыяльнай дошкай у гонар Івана і Антона Луцкевічаў, які быў усталяваны ў Купалаўскім парку, меў цікавую гісторыю. Гісторыю пра тое, як улады не збіраліся ставіць гэты камень.

Сама ідэя ўшанавання памяці Івана і Антона Луцкевічаў у Мінску паўстала ў 2012 годзе. Прычым, узнікла яна ва ўсіх раскіданых па свеце нашчадкаў Луцкевічаў, — паставіць у Купалаўскім парку, дзе на колішняй (зараз не існуючай) вуліцы Садовай была сядзіба сям’і Луцкевічаў, памятную адзнаку. Камень з мемарыяльнай дошкай павінен быў нагадаць сучаснікам пра Івана і Антона Луцкевічаў, пачынальнікаў беларускай дзяржаўнасці.

За тэхнічную справу ўстаноўкі знаку ўзялася узялася Маргарыта Пярова, культуролаг і ўнучатая пляменніцы Луцкевічаў з Пецярбургу. Яна пачала ўзгадняць усталяванне знака з беларускімі ўладамі.

Упраўленне культуры Мінгарвыканкама, разам з Міністэрствам культуры адказнае за юрыдычнае вырашэнне пытання, запрасіла аўтарытэтную гістарычную даведку пра неабходнасць мемарыялізацыі кутка Купалаўскага парку і дазвол ад мінскага Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва. Апошні не пярэчыў, але справа адклалася ў доўгую шуфляду: яе звязалі з працэсам планавай рэканструкцыі Купалаўскага парку, якая цягнецца ўжо гадамі.

У 2014 годзе Міністэрства культуры адказвала, што яно «лічыць неабгрунтаваным усталяванне знаку памяці Івану і Антону Луцкевічам у парку імя Янкі Купалы, дзе створаны адзіны тэматычны комплекс з «Установай Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы». Што было вельмі дзіўным, бо кіраўніцтва Музея Купалы ў лісце да Маргарыты Пяровай, якая прасоўвала праект, выказала абсалютна супрацьлеглы пункт погляду: «…У гісторыі Беларусі браты Іван і Антон Луцкевічы адыгралі выключную ролю, якая патрабуе новага асэнсавання.

Бясспрэчна, уся іх культурная, палітычная і грамадская дзейнасць у рэчышчы нацыянальнага адраджэння стала рэалізацыяй закліку Янкі Купалы: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!»

Сядзіба сям’і Луцкевічаў на вуліцы Садовай знаходзілася паблізу дома, дзе з 1926 па 1941 год жыў народны паэт Беларусі Янка Купала. Суседзяў звязвалі сяброўскія адносіны. У час Першай Сусветнай вайны на шляху ў эвакуацыю з Вільні ў Маскву ў гасцінным доме Луцкевічаў, у сваёй сяброўкі Эміліі, знайшла прытулак будучая жонка паэта Уладзіслава Станкевіч, «цёця Уладзя».

У 1920-1930 гады, па ўспамінах Уладзіславы Францаўны, яны разам святкавалі дні нараджэння Янкі Купалы. Пляменнікі Луцкевічаў былі гасцямі Купалавага дома і карысталіся багатай бібліятэкай пісьменніка. Менавіта доктар Стэфан Луцкевіч, трэці з братоў, аказаў паэту першую медыцынскую дапамогу пасля спробы самагубства ў 1930 годзе, чым, верагодна, уратаваў яму жыццё…

Зараз некалькі слоў пра дамы — з успамінаў Эміліі Шабуні з Луцкевічаў, якая пражыла ў адным з іх каля 20 год, з 1916-га. У будынкаў была своеасаблівая гісторыя. У першым у 1905 годзе пад ложкам хавалі бомбу, падрыхтаваную для замаху на мінскага губернатара Паўла Курлова (падазраваныя ва ўдзеле, браты Луцкевічы таму і з’ехалі з Мінску ў 1906-м). У другім доме ў 1918 годзе перад нарадай аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі ў ноч на 25 сакавіка ў вітальні сядзелі да раніцы браты Луцкевічы (вярнуўшыся з Вільні) ды іншыя дзеячы.

Цытуем: «…Калі яны выйшлі, там было так накурана, што можна было сякеру вешаць. Памятаю, што Іван Луцкевіч страшэнна кашляў, і ў яго кінулася горлам кроў. Пад час вайны Садовая вуліца зусім згарэла. Толькі засталіся (о дзіва!) нашыя два дамы, ды на закруце з Садовай на Садовую Узбярэжную застаўся адзін дом Тамашэўскіх. На Крышчэнскай вуліцы, дзе жыў насупраць лазні Янка Купала, таксама ўсё згарэла. У нашым першым доме, дзе была шыльда «Дом удавы капітана Луцкевіча», нейкі час жыў мой дзядзька Стэфан Луцкевіч з жонкай. Ён таксама быў высланы ў 1930-я гады на Поўнач, пад час Другой Сусветнай вайны быў вайсковым лекарам, захварэў на сухоты і памёр у Манчагорску. Там і пахаваны».

Дамы ў 1960-я гады былі знесеныя, і на гэтым месцы засталася адна таполя... 


04-marharyta_pjarova_z_inszymi_svajakami_luckeviczau_logo.jpg

Маргарыта Пярова з іншымі сваякамі Коласа


Кіраўніцтва Музея Купалы ў лісце да Маргарыты Пяровай адзначыла, што «…на аснове гістарычных дакументаў, у тым ліку з сямейнага архіву Луцкевічаў, навуковыя супрацоўнікі музея распрацавалі экскурсійны маршрут «Таямніцы Купалаўскага парку», які па-новаму прадставіў асобу паэта і раскрыў малавядомыя старонкі гісторыі Мінска. Такім чынам, усталяванне памятнага знака на былой сядзібе Луцкевічаў у Мінску паспрыяе павелічэнню гісторыка-культурнага патэнцыялу парку імя Янкі Купалы як турыстычнага аб’екта ў сталіцы беларускай дзяржавы… Ушанаванне памяці братоў Луцкевічаў павінна стаць выразным сімвалам нацыянальнага адзінства, пераемнасці гістарычнай памяці, працягу традыцый дзяржаўнага і культурнага будаўніцтва ў сучаснай рэспубліцы Беларусь» (Падпісана дырэктарам Музея Купалы Аленай Ляшковіч).

У 2017 годзе Маргарыта Пярова зноў звярнулася да міністра культуры з заклікам разгледзець пытанне і ўсталяваць мемарыяльны знак на месцы сядзібы Луцкевічаў — з улікам меркавання Музея Купалы і Інстытута гісторыі НАН Беларусі (таксама станоўчага). Варта дадаць, што падтрымала ідэю ўсталявання помніку Луцкевічам і міністэрства замежных спраў, накіраваўшы адпаведныя запыты ў Мінкульт, НАН, Мінгарвыканкам. Адказы на гэтыя запыты былі скрозь ухвальныя. І прадстаўнікі Мінкульта пагадзіліся: вярнуцца да разгляду можна — «ў выпадку ўнясення прапановы згодна з закадаўствам». А менавіта — пасля стварэння экспазіцыйнага праекта.


05-pjarova_ihar_marzaljuk_i_unuczka_kolasa_maryja_mickevicz_logo.jpg

Маргарыта Пярова, Ігар Мерзалюк і ўнучка Коласа Марыя


Але праца над праектам, зразумела, патрабавала ад грамадскасці збору сродкаў, фундавання помніку. У сярэдзіне снежня Маргарыта Пярова здзейсніла апошнія вырашальныя для яго завяршэння крокі — праз дэпутацкі корпус і адміністрацыю прэзідэнта.

Вельмі хутка (у студзені 2018-га) быў знойдзены вядомыя архітэктар (Юрый Градаў) і скульптар (Канстанцін Селіханаў) для стварэння помніка. Былі праведзеныя ўзгадненні з афіцыйнымі структурамі. Супрацоўнікі Купалаўскага музея былі прыемна здзіўленыя актыўнасцю прадстаўнікоў Мінгарвыканкама, якія ўважліва падбіралі месца для помніка. Болей за тое, дзяржава знайшла сродкі на аплату творчай і тэхнічнай часткі працы.


06-praektlojkiluckevicz1_logo.jpg

Праект Геніка Лойкі


Фінал настаў 7 сакавіка, калі манумент быў усталяваны ў парку, а 13 сакавіка, з удзелам шматлікай публікі, журналістаў, і нават тэлевізіі — адчынены. На наступны дзень, адкрываючы выставу да 100-годдзя БНР у Гістарычным музеі, дэпутат Ігар Марзалюк заўважыў: ёсць безумоўныя каштоўнасці, як станаўленне незалежнай беларускай дзяржаўнасці, на глебе якіх афіцыйныя ўлады, і грамадскасць мусяць знаходзіць паразуменне.

Гэтым разам так і адбылося. Але, на жаль, не адразу.

Аляксей Хадыка, “Новы Час”,
фота аўтара і Генадзя Верацінскага






Тэгі: БНР