Кацярына Ганчарэнка пагутарыла для budzma.by з Ігарам Случаком пра тое, чаму беларусы не змагаюцца за беларускую мову ў сферы паслуг.
Паводле апытання, якое правялі студэнткі ЕГУ для праекта «Discrimination due to national language», 49 адсоткаў рэспандэнтаў-беларусаў сутыкаліся з адмовай ці абразамі пасля просьбы абслугоўваць іх па-беларуску. Не ўсе беларусы адстаялі свае правы ў такой сітуацыі. А калі спрабавалі гэта зрабіць, то ў 75,9% выпадкаў іх скаргі не былі задаволеныя.
Юрыст і прадстаўнік ініцыятывы «Умовы для мовы» Ігар Случак распавёў, ці адказныя самі грамадзяне за існаванне моўнай дыскрымінацыі, як на яе ўплываюць тавары з беларускімі назвамі і што можа зрабіць кожны з нас, каб дыскрымінацыя паменшылася.
— Толькі 30 адсоткаў рэспандэнтаў, якія ўзялі ўдзел у апытанні, рабілі захады для абароны сваіх моўных правоў (24% пісалі ў кнігу скаргаў і прапаноў, 5% выклікалі кіраўнікоў устаноў, і толькі адзін чалавек звярнуўся ў суд). Большасць — 70% (!) — не змагаліся за свае правы: пакідалі ўстанову ці пераходзілі на рускую мову. Як вы думаеце, чаму пераважная частка беларусаў не намагаецца абараніць свае правы?
— Людзі баяцца ці саромеюцца ісці на канфлікт, каб абараніць свае моўныя і наогул правы. А сутыкненне моў — гэта канфлікт. Ён не ўнікальны, а існуе там, дзе носьбіты адной мовы хочуць дамінаваць над іншай мовай або носьбітамі гэтай мовы.
Таксама нельга забываць, што мова — гэта ў першую чаргу не культура, а сродак камунікацыі. Людзі ў большасці пасіўныя і выбіраюць для камунікацыю тую мову, якая гучыць вакол іх часцей і якую ім прапаноўваюць «школа-крама-ўлада».
Пасіўнасць у абароне сваіх моўных правоў, па сутнасці, прывяла Беларусь у той грамадска-палітычны стан, у якім краіна знаходзіцца цяпер. Не абараніўшы моўнае права ўчора, сёння страчваеш іншыя чалавечыя правы.
— Ці з’яўляецца адсутнасць абслугоўвання па-беларуску моўнай дыскрымінацыяй?
— Так, адсутнасць абслугоўвання па-беларуску — гэта дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце, бо чалавеку адмаўляюць у абслугоўванні на роднай і дзяржаўнай мове па прыкмеце менавіта гэтай мовы, навязваючы абслугоўванне на мове, для яго не роднай, на якой ён стасавацца не хоча і не абавязаны.
— Паводле вынікаў апытання, 74% беларускамоўных рэспандэнтаў вымушана пераходзяць на рускую мову пры абслугоўванні. Як гэтыя людзі ўплываюць на існаванне дыскрымінацыі?
— Такія людзі наўпрост нараджаюць дыскрымінацыю, падтрымліваюць яе. Бо калі б людзі свае моўныя правы актыўна і мэтанакіравана абаранялі, моўнай дыскрымінацыі ўжо б даўно не было. Больш за тое, актыўныя паводзіны чалавека спыняюць узнікненне любой дыскрымінацыі і парушэнне правоў.
Іншымі словамі, беларус, які не абараняе сваё моўнае права, стварае ўмовы для дыскрымінацыі іншых беларусаў. Ён робіцца саўдзельнікам дыскрымінацыі.
— Ігар, як вы лічыце, ад каго залежыць існаванне моўнай дыскрымінацыі: ад улады ці ад простых людзей?
— Дыскрымінацыя і яе існаванне залежаць ад абодвух бакоў — і ад людзей, і ад дзяржавы. Але ўлада мае ў сваім арсенале больш сродкаў, каб гэтую дыскрымінацыю падтрымліваць або спыніць.
Недасканалае заканадаўства стварае ўмовы для дыскрымінацыі. Але і людзі сваімі пасіўнымі паводзінамі спрыяюць таму, што моўнае заканадаўства або практыка яго прымянення застаюцца недасканалымі.
— Як цяперашняе заканадаўства, якое гарантуе двухмоўе, уплывае на стан беларускай мовы ў сферы паслуг?
— Сённяшняе моўнае заканадаўства не гарантуе рэальнага двухмоўя, таму яго ў сферы паслуг няма. Больш за тое, у адпаведнасці з нормамі ЕАЭС, руская мова з’яўляецца абавязковай, а беларуская — толькі дадатковая або па жаданні.
Гэтыя нормы пераходзяць і ў беларускія тэхнічныя рэгламенты. Яны сталі вышэйшымі за беларускае заканадаўства праз норму аб альтэрнатыўным выкарыстанні дзяржаўных моў, а не аб іх абавязковым ўжыванні.
— Што могуць зрабіць беларусы, каб выпадкаў дыскрымінацыі было менш?
— У любым выпадку, калі чалавек лічыць, што яго моўныя правы парушаныя, ён мусіць напісаць пра гэта ў кнізе заўваг і прапаноў, а таксама напісаць заяву аб прыцягненні да адказнасці паводле арт. 10.16 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб мовах» і падаць яе ў выканкам або адміністрацыю, на тэрыторыі якіх адбылося парушэнне.
Таксама ёсць опцыя звярнуцца ў парламент, міністэрствы і іншыя ўстановы з прапановай удасканалення моўнага заканадаўства ў той сферы, дзе чалавеку гэтага не хапае.
Вы можаце падаваць іскавыя заявы ў суд па прыкмеце дыскрымінацыі і парушэння правоў спажыўцоў. І, вядома, мець у сабе моц не пераходзіць на мову, якую вам прапануюць замест роднай.
А яшчэ па магчымасці вы можаце не карыстацца паслугамі тых, хто парушае вашыя моўныя правы.
— Калі звяртаць увагу на меркаванні рускамоўных беларусаў, які бралі ўдзел у апытанні, 93% з іх лічаць праблему дыскрымінацыі паводле нацыянальнай мовы актуальнай, а 95,8% станоўча ставяцца да месцаў, дзе абслугоўванне вядзецца па-беларуску. Што варта рабіць гэтай сацыяльнай групе, каб дыскрымінацыя паменшылася?
— Па-першае, трэба падтрымліваць такія месцы, дзе мы ўсе можам галасаваць за беларускую мову рублём. Хадзіць у краму, дзе абслугоўваюць па-беларуску, у цырульню, у лякарню, у кавярню і гэтак далей. Такія месцы ёсць у каталогу “Свае”. Калі будзе масавы попыт на абслугоўванне па-беларуску, у рускамоўных установах з’явіцца матывацыя выкарыстоўваць беларускую мову.
Па-другое, варта пісаць звароты установам, якія вы наведваеце, з прапановай ужываць беларускую мову. Калі кавярня ці крама паважае сваіх наведвальнікаў, беларуская мова там з’явіцца.
Наогул, такое азначэнне як «рускамоўны» беларус, некарэктнае, бо ў Беларусі, я лічу, няма рускамоўных, а ёсць беларускамоўныя, якія не змаглі супрацьстаяць дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце і якіх гэтая дыскрымінацыя перамагла. Таму яны прыхільна ставяцца да беларускамоўных ініцыятываў, бо гэта іх мова, якую б яны хацелі б вярнуць, але, як звычайна такое бывае, чужымі рукамі.
— У апошнія часы такія крамы, як «Князь Вітаўт», «Мой родны кут», Symbal.by, арт-паб Torvald, закрылі ўлады. Яны былі нямногімі месцамі, дзе абслугоўванне вядзецца па-беларуску. Ці звязанае іх закрыццё з дыскрымінацыяй?
— Так, безумоўна, іх закрыццё наўпрост ці ўскосна можна назваць дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце. Актыўная грамадзянская пазіцыя, так ужо склалася, часта праяўляецца і ў мове, якой чалавек або ўстанова карыстаюцца ў жыцці, улічваючы той факт, што беларуская мова і яе носьбіты цяпер знаходзяцца ў няпростых умовах.
— Некаторыя кампаніі ўжываюць піяр-хады, як рэкламу і назвы па-беларуску, для прыцягнення ўвагі. Так робяць «А1», «Лідскае», «Аліварыя», сетка аўтазаправак «А-100». Як гэта ўплывае на становішча беларускай мовы ў грамадстве?
— Калі беларуская мова ў кампаніі толькі ў назве, то гэта хутчэй прыкрыццё дыскрымінацыі, чым рэальная барацьба з ёй. Быццам бы беларуская мова ёсць, але ў сапраўднасці дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце ёсць таксама.
Гэта стварае ўражанне, што ў краіне яшчэ засталося месца для беларускай мовы, хоць у рэальнасці яна ператварылася ў праблему як для тых, хто мовай карыстаецца, так і для тых, хто хоча, каб яе стала яшчэ менш, а лепш — каб яна знікла наогул. Знікне беларуская мова — знікне і беларуская дзяржаўнасць.