Генадзь Вінярскі: «Рэвалюцыю» пакуль не вярнулі…»

Кіраўнік прыватнага выдавецтва «Кнігазбор» распавёў «Народнай Волі» пра тое, як яны трымалі амаль пяцімесячную блакаду.

Нагадаем: 13 студзеня ў офіс «Кнігазбору», а таксама дадому да Генадзя Вінярскага прыйшлі прадстаўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

Забралі некаторыя рэчы, кнігі, у выдавецтва быў арыштаваны рахунак, што паставіла «Кнігазбор» у дастаткова складанае становішча – немагчыма было плаціць друкарні, зарплату работнікам.

«Нават калі грошы прыходзяць, мы імі не можам карыстацца, а значыць, фактычна не можам працаваць, – распавядаў пасля гэтага «Нашай Ніве» кіраўнік «Кнігазбору». – У выдавецтве чатыры супрацоўнікі – цяпер яны працуюць «павольна і няўпэўнена», прыходзяць у офіс праз дзень і перабіваюцца адным камп’ютарам. Адзінае, што мы яшчэ можам, – адпускаем кнігі, якія выйшлі раней.

А ў цэлым чакаем нейкага рашэння. Мы напісалі ў ДФР ліст з запытам пра тэрміны, але на яго яшчэ не адказалі. Не ведаем, што будзе далей».

Генадзь Вінярскі казаў, што аб прычынах такой зачысткі можа толькі здагадвацца, але адзначыў, што зачышчаецца менавіта «беларускамоўнае асветніцкае поле».

Дададзім, што праз два дні пасля візіту ў «Кнігазбор» ДФР прыйшоў таксама да кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдахі і выдаўца Андрэя Янушкевіча.

І вось зараз стала вядома, што «Кнігазбор», «Янушкевіч» і Knihi.by разблакіраваны – яны сінхронна атрымалі паведамленні пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскімі рахункамі.

«146 дзён фінансавай блакады «Кнігазбор» вытрымаў! – радасна паведаміў кіраўнік выдавецтва. – Рахункі разблакіравалі. Днямі супрацоўнікі атрымаюць першы заробак у 2021 годзе».

– Усё гэта адбылося даволі нечакана і ціха, – кажа Генадзь ВІНЯРСКІ. – Сітуацыя застаецца не да канца зразумелай, бо афіцыйнага паведамлення з Дэпартамента фінансавых расследаванняў няма. Так што нават не вядома, закрыта справа альбо яна працягваецца.

Думаю, што працягваецца, бо тое, што ў нас забралі падчас вобшуку, да гэтага часу застаецца ў ДФР: камп’ютарная тэхніка, тэлефон, 558 кніг «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча і 150 налепак.

– Як вы даведаліся, што рахунак разблакіраваны?

– Праз інтэрнэт-банкінг.

– Самі за тлумачэннямі ў ДФР не звярталіся?

– Пакуль не звяртаўся, пачакаю каля двух тыдняў. А раптам разблакіроўка рахунка – проста выпадковасць? Хаця разблакіравалі і рахункі «Янушкевіча» і Knihi.by, таму, магчыма, і быў на гэта нейкі агульны загад.

– Амаль пяць месяцаў у выдавецтва быў заблакіраваны рахунак. Як гэты час выжывалі?

– Амаль усе нашы работнікі маюць яшчэ і іншыя крыніцы даходу, таму зусім без капейкі не засталіся. Хто індывідуальны прадпрымальнік, хто пенсіянер… Але фактычна жылі без грошай.

– Якія далейшыя планы?

– Будзем раскручваць працу. Трэба паглядзець, хто з заказчыкаў яшчэ не збег ад нас , якія кнігі запатрабаваны. Будзем аднаўляць сувязі.


„Народная Воля“