Даследчыца Ганна Севярынец піша для budzma.by з нагоды выхаду чарговага тома серыі “Спадчына: агледзіны”: “Газеты “Бацькаўшчына” і “Беларус”. Выбранае”
У росшуках, аднаўленні і асэнсаванні паўнавартаснай гісторыі беларускай культуры — а мы яшчэ і па сёння не маем пра яе ўяўлення, адпаведнага рэальнасці, — ёсць адна сцежка, ісці па якой і захапляльна, і нечакана, і варта. Пры ўсёй драматычнасці з’явы мы, безумоўна, можам быць удзячныя лёсу, што маем такую сцежку і маем людзей, што яе пракладаюць, не даючы зарастаць травой забыцця. Я кажу аб асаблівай з’яве ў нашай агульнай культурнай прасторы — беларускай эміграцыі, беларускіх дыяспарах, што складаюцца і жывуць за мяжой. Прыкладам, сібірскія беларусы, што павезлі з сабой сто дваццаць гадоў таму тую яшчэ беларускую мову, рытуалы і звычаі, спевы і танцы — яны і па сёння захавалі ўнутры сябе несаветызаваную лексіку, неабальшавічаны нацыянальны святочны каляндар. Што і казаць пра беларусаў амерыканскіх, якія траплялі ў свет значна вальнейшы і багацейшы за той, адкуль беглі ці то ад нішчымніцы, ці то ад няволі, ці то ад рэжымаў. Тут у вельмі складаных персанальных і матэрыяльных, але непараўнальна спрыяльнейшых духоўных умовах яны мелі тое, чаго не магла ім даць Радзіма — магчымасць вольнага мастацкага выказвання і неабмежаванай інтэлектуальнай рэфлексіі.
Для мяне, даследчыка, які працуе з культурай Савецкай Беларусі міжваеннага часу, менавіта гэтае вольнае выказванне і інтэлектуальная рэфлексія беларускай амерыканскай эміграцыі — надзвычай каштоўны здабытак, бо якраз волі і рэфлексіі катастрафічна не хапае корпусу савецкіх міжваенных тэкстаў, як тагачасных, гэтак і мемуарных. Каб дабрацца да сапраўднай карціны часу, настрояў, думак, ваганняў і сумневаў культурнікаў эпохі беларусізацыі і агульнанацыянальнай катастрофы трыццатых, даводзіцца прасейваць горы славеснай руды, чытаць паміж радкоў, прабірацца цераз цэнзурныя і ідэалагічныя гушчары, шчыльна працаваць з “мовай нянавісці” і “эзопавай мовай” — і непазбежна фантазіраваць, бо чытанне паміж радкоў і вандроўкі ў моўных гушчарах — занятак рызыкоўны.
Дарэчы, не менш рызыкоўны, чым прыняцце карціны свету, створанай у беларускай паваеннай эміграцыі, за карціну паўнавартасную, цэльную, вольную ад ідэалагічных абмежаванняў. Вывозячы з сабой за мяжу закансерваваную ў мове і ўражаннях Беларусь дваццатых, эмігранты адначасова вывозілі груз уласнага досведу і адпаведных стасункаў: па-рознаму складаліся іхныя лёсы на Радзіме, шмат хто з іх зведаў як шчыльную супрацу з савецкімі літаратурнымі і дзяржаўнымі “ворганамі”, гэтак і жорсткія рэпрэсіі, з-пад ціску якіх даводзілася выбірацца рознымі спосабамі, у тым ліку і не надта прымальнымі. Эмігранцкая рэфлексія, спасціжэнне часу і ягоных заканамернасцяў гэтаксама няпоўная, іншым разам — ці не ў такой самай ступені скажоная, як і рэфлексія беларуская савецкая. Але складзеныя разам, супастаўленыя ў фактах і асобах, асэнсаваныя ў еднасці, яны якраз і даюць пэўнае адчуванне аб’ектыўнасці і цэласнасці. Ні той, метрапалійны, ні другі, выгнанцкі, беларускія сусветы не могуць спасцігацца паасобку — і ніводны не можа існаваць без другога.
Мабыць, і беды нашыя — агульныя, хаця і розняцца ўмовы існавання. “Але ёсць глыбейшая прычына нашых наяўных бедаў — прычына, што папяраджае ўсе іншыя, а якая ў мінулым не дазволіла нам сабрацца зь сіламі, каб ськінуць зь сябе ярмо няволі. Тэй прычынай ёсць нябачная навонкі духовая няволя, у зрадным павуцінні якое шмат хто з нас затраціў шлях да шчасця і свабоды”, — гэтыя словы Пётры Манькоўскага, вынесеныя ў эпіграф да кнігі выбраных артыкулаў эмігранцкай прэсы, і па сёння актуальныя для кожнага з нас, у нашым беларускім часе.
Безумоўна, эмігранцкая прэса непараўнальна багацейшая за савецкую на асэнсаванне гэтых агульных бедаў. Тое, чаго зусім не мелі савецкія беларусы — магчымасці вольна рэфлексаваць над нацыянальным пытаннем і выказвацца без абмежаванняў, — напоўніцу рэалізавалі беларусы-выгнанцы. Мы сёння ў сваёй агульнанацыянальнай рэфлексіі — не заўсёды ўсвядомлена, з вынаходніцтвам інтэлектуальных ровараў — ідзём па слядах, пратаптаных газетамі “Беларус” і “Бацькаўшчына” — хіба што эмігранцкая публіцыстыка, папраўдзе, і глыбейшая, і грунтоўнейшая за нашую сучасную, бо замяшаная на непасрэдным досведзе пабудовы сваёй дзяржавы і на ўласным удзеле ў драматычных падзеях пачатку дваццатага стагоддзя. Да таго ж агульная стылістыка “той” публіцыстыкі яшчэ патрабавала ад аўтараў і грунтоўных акадэмічных ведаў, і ўласных канцэпцый, і глыбокай гістарычнай думкі, што сёння ў сучаснай газетнай аналітыцы зусім не абавязкова. Артыкулы Алеся Крыгі (Ст. Станкевіч) “Сіла беларускай нацыянальнай ідэі” і Янкі Станкевіча “Беларускае нацыянальнае адраджэнне (1902—1915)” — узорныя абагульненні нацыянальнай думкі, тэксты, у якіх нашыя геаграфічныя, сацыяльныя і культурныя асаблівасці развіцця і сталення ўкладзеныя ў абавязковыя фармулёўкі.
Гэткай самай грунтоўнасцю адзначаны надзвычай цікавы артыкул Язэпа Каранеўскага (зноў псеўданім Ст. Станкевіча) “За іншую канцэпцыю беларускае вонкавае палітыкі” — яго б сёння вывучаць на факультэце міжнародных адносін!
Але кніга “Газеты “Бацькаўшчына” і “Беларус”. Выбранае” далёкая ад таго, каб біць свайго чытача па галаве цэгламі агульнанацыянальных канцэпцый. Лакальныя дыскусіі, моўныя заўвагі, іранічныя замалёўкі — усе гэтыя газетныя жанры тут адлюстраваныя. Немагчыма без усмешкі — ох, нібыта сёння спрачаюцца! — чытаць вострую палеміку Ч. Будзькі і С. Брагі (В. Тумаша) па пытанні балцкага субстрату ў генезісе беларусаў. Ацаніце хаця б загалоўкі: “Балцкая тэорыя спераду і ззаду” і ў адказ — “Балцкія перапалохі”. Калі змясціць іх у сучасным ФБ — прадказваю вялікі хайп у каментарах.
Надзвычай насычаныя невядомай нам фактаграфіяй артыкулы, прысвечаныя некаторым канкрэтным гістарычным падзеям, як маштабным, так і паўсядзённым. Антысавецкая партызанка ў асобах, кааператыўны рух у Заходняй Беларусі праз гісторыю Баранавіцкай малачарні, гісторыя ксяндза Шутовіча, беларусы ў нацысцкіх лагерах смерці — тэксты надзвычай падрабязныя, аздобленыя безліччу каштоўных дэталяў.
Асабліва цікавым для мяне быў артыкул, падпісаны крыптанімам Я.З. (Я. Запруднік) — пра “мангольскі праект” савецкай улады датычна Беларусі. Гаворка тут вядзецца пра інтрыганцкі праект бальшавіцкіх уладаў, што нібыта распрацоўваўся ў дваццатыя, за дваццаць гадоў да пакту Молатава – Рыбентропа. Аўтар сцвярджае, што “праект” гэты быў запушчаны ў выглядзе чутак і плётак у асяроддзе маладых савецкіх беларусаў і актыўна абмяркоўваўся “не для прэсы” — і я маю нечаканае ўскоснае падцверджанне існавання такога праекта: у асабістай бібліятэцы Алеся Дудара сярод кніжак, прысвечаных антыкаланіяльным паўстанням і нацыянальна-вызваленчай барацьбе, ляжыць і кніжка пра Манголію.
Надзвычай цікавая мемуарная група тэкстаў з “Бацькаўшчыны” і “Беларуса” — тут успаміны Наталлі Арсенневай, гутарка з Пятром Орсам пра беларускае студэнцтва ў Празе, аповеды пра беларусаў у Францыі і Афрыцы, а таксама ў даваеннай Варшаве. Самыя нечаканыя з іх — успаміны М. Бэліны-Падгаецкага “З даўніх успамінаў былога камуніста”, рэдкія ў нашай мемуарыстыцы спробы асэнсаваць свой удзел у кампартыі.
Знаходкай для краязнаўцаў ёсць раздзел “Мясціны і мястэчкі” — геаграфія мемуарнай і краязнаўчай інфармацыі тома надзвычай шырокая. Картузская Бяроза, Негнявічы, Залессе, Віцебск і Орша, Смаргонь і Ашмяны — прыўкрасныя замалёўкі з жыцця беларускіх мясцінаў і мястэчак нарэшце становяцца і нашай спадчынай.
І гэта толькі некаторыя з тэкстаў — кніга, хаця і мае абмежаваны аб’ём, не мае межаў па тэмах і падзеях, якія тут асветленыя з нечаканага боку, пададзеныя ў невядомых дэталях, раскрытыя з немажлівых для метраполіі пунктаў гледжання. Самазабойства Усевалада Ігнатоўскага і Усевалада Краўчанкі, знікненне Крыжа святой Еўфрасінні, патаемны супраціў саветызацыі ў дваццатыя, літфункцыянер Міхась Клімковіч, якога ратуе ад пераследу гестапа беларускі калабарант… Безліч сюжэтаў з газетных старонак!
І за кожным тэкстам паўстае тое самае пакліканне, якое жывіла небагатую, змучаную няпростым лёсам паваенную эміграцыю, якое давала сілы выдаваць перыёдыку і збіраць спадчыну, трымаць уласныя выдавецтвы і гадаваць навуку — пакліканне, якое было добра ўсвядомленае і напоўніцу рэалізаванае беларускай паваеннай эміграцыяй. Не перапыняць думкі пра Беларусь, не спыняцца на шляху да яе.
Дзякуючы гэтай самаахвярнай бесперапыннасці слова і думкі пад любым ціскам і прыгнётам, насуперак часу і злой волі магутных суседзяў і рэжымаў — разам дойдзем. Не маем права не дайсці.
Спяшайцеся купіць яе ў мінскіх крамах, або замаўляйце праз інтэрнэт на knihi.by