22 чэрвеня ў Нью-Брансьвіку, штат Нью-Джэрсі, ЗША, адбылося ўручэньне Мэдалёў да стагодзьдзя БНР палітыку Зянону Пазьняку, некалькім беларускім грамадзкім дзеячам у ЗША, у тым ліку Янку Запрудніку, Вітаўту Кіпелю, Але Орса-Рамана, Ганьне Сурмач, а таксама першаму амбасадару ЗША ў Беларусі Дэвіду Суорцу.
Ганна Сурмач – журналіст і грамадзкі дзеяч, у 1993 годзе старшыня Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына”, пазьней дзеяч беларускае дыяспары ў Чэхіі і ЗША, старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, рэдактар газэты “Беларус”.
Доктар Янка Запруднік – гісторык, публіцыст, дзяяч беларускае дыяспары ў ЗША, аўтар некалькіх навуковых працаў па беларускай гісторыі.
Зянон Пазьняк – выбітны палітык і дзяржаўны дзеяч, лідар Беларускага Народнага Фронту і Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі ў канцы 80-х і пачатку 90-х. Зянон Пазьняк стаяў на чале шырокага ўсенароднага беларускага руху ў падтрымку незалежнасьці і дэмакратычных рэформаў. Беларускі Народны Фронт дабіўся аднаўленьня дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі пасьля больш як 70 гадоў савецкае акупацыі, дэпутаты БНФ у парлямэнце Беларусі заклалі законадаўчы падмурак функцыянаваньня Беларусі як сувэрэннай дзяржавы. Зянон Пазьняк як бліскучы прамоўца і арганізатар адыграў у гэтым асаблівую ролю.
Доктар Вітаўт Кіпель – дзяяч беларускае дыяспары ў ЗША, публіцыст, дасьледчык, аўтар некалькіх кнігаў па гісторыі Беларусі і беларускае дыяспары ў ЗША.
Вячка Станкевіч – журналіст і дзяяч беларускае дыяспары ў ЗША, дырэктар беларускае службы “Радыё Свабода” з 1990 па 1998 гг., Старшыня Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў 1969-1971 і 2007-2011 гг.
Таксама 22 чэрвеня ў Нью-Брансьвіку адбылося вочнае паседжаньне Прэзыдыюма Рады БНР. Былі абмеркаваныя бягучыя пытаньні дзейнасьці Рады, актуальныя праекты, а таксама актуальная міжнародна-палітычная сытуацыя вакол Беларусі.
Паводле radabnr.org