Ганна Сурмач і Станіслаў Шушкевіч дзеляцца ўспамінамі пра Першы з’езд беларусаў свету

Ганна Сурмач

У 1993 годзе старшыня Рабочай групы па падрыхтоўцы З’езду і сябра Рады ЗБС “Бацькаўшчына”

scan-17.jpg

Ганна Сурмач на Першым з’ездзе беларусаў свету


– На Вашыя плечы легла асноўная праца па падрыхтоўцы Першага з’езда. Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя выклікі, праблемы, якія дзеля гэтага давялося пераадолець.

– Так, я мела вялікі гонар узначаліць Працоўную групу па падрыхтоўцы правядзеньня Першага зьезду беларусаў сьвету. Тады ўсе ў беларускім грамадзтве адчувалі вялікі патрыятычны ўздым, сябры ЗБС “Бацькаўшчына” гатовыя былі працаваць дзень і ноч. Не стала савецкай імпэрыі, на ейных абломках трэба было будаваць сваю незалежную краіну. Мы даведаліся шмат праўды з гісторыі Беларусі – пра пастаяннае змаганьне нашага народу за свабоду, пра вынішчэньне і расьсейваньне па сьвеце беларускай нацыі. Тая група беларускай інтэлігенцыі, якая заклала зусім новую па сваёй ідэі беларускую арганізацыю – Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” – мела на мэце аб’яднаньне беларусаў, якія жывуць на Радзіме і па ўсім сьвеце. Дагэтуль ніхто такой мэты не ставіў. Гэта быў выклік часу, актуальная праблема: аб’яднаць сілы дзеля адраджэньня незалежнасьці нашай краіны. Трэба было нарэшце пераадолець гэты штучна створаны савецкімі ўладамі раскол, калі замежныя беларусы лічыліся ворагамі і з імі нельга было падтрымліваць кантакты, нават калі гэта была блізкая радня. Нам трэба было дапамагчы замежным суродзічам пазбыцца страху быць арыштаванымі пры наведваньні Бацькаўшчыны.

Дзеля таго, каб беларусы маглі сустрэцца разам, непасрэдна, на бацькоўскай зямлі, паціснуць руку адзін аднаму, паглядзець у вочы, усьміхнуцца і адчуць сваю нацыянальную еднасьць, – і было задумана правесьці гэты ўсебеларускі сусьветны форум – Першы зьезд беларусаў сьвету. І ён стаўся менавіта такім. Але арганізатарам давялося шмат папрацаваць: трэба было ў розных краінах адшукаць суродзічаў, іх адрасы, даслаць запрашэнні, пераканаць, што яны бясьпечна могуць наведаць Беларусь. Пры гэтым калі мы давалі такія абяцанні, то самі адчувалі занепакоенасьць: а раптам здарацца нейкія правакацыі? Падставы так думаць былі, бо да мяне асабіста званілі ветэраны вайны, выгаворвалі за тое, што мы запрашаем “здраднікаў” і нават пагражалі.

Мы супрацоўнічалі з дзяржаўнымі структурамі, якія падтрымалі ідэю правядзеньня Зьезду. Але поўнага паразуменьня ў гэтай справе быць не магло, бо ўлада ў Беларусі не была ячшэ цалкам беларускаю. Уладныя структуры мелі свае мэты адносна Зьезду і самі імкнуліся кіраваць форумам, хаця гэта была цалкам грамадзкая ініцыятыва. Фінансаваўся Зьезд сродкамі ЗБС “Бацькаўшчына”, хаця і з удзелам дзяржавы, якая аплочвала пераважна культурніцкія мерапрыемствы. Мы мелі засьцярогу, што ўлады паспрабуюць арганізаваць на Зьездзе перадачу мандатаў БНР ураду Кебіча (як падобнае адбылося ва Украіне), бо не мелі даверу да тагачаснай улады, не верылі што яна здолее адбудаваць незалежную беларускую дзяржаву, што і падцьвердзілася ў далейшым. Зьезд праходзіў у даволі неспакойнай для арганізатараў сытуацыі, хаця гэта не было заўважна гасьцям. Прынамсі, да заключнай яго часткі, калі ўлады беспасьпяхова паспрабавалі раскалоць Зьезд. У цэлым – прадугледжаная намі праграма была выкананая. Форум пасьпяхова адбыўся і стаўся знакавай падзеяй у сучаснай беларускай гісторыі. І самае галоўнае тое, што распачаты ім працэс яднаньня беларусаў сьвету стаў разьвівацца, набіраць моц і працягваецца дасёньня.

– З’езд прайшоў у вельмі спрыяльных для дзейнасці Згуртавання варунках, з ім было звязана і ім было спароджана шмат планаў і надзей. Што атрымалася ажыццявіць, а што – не?

Атрымалася галоўнае – ідэя аб’яднання беларускай нацыі ў межах сусьвету пачала ўвасабляцца, стала неад'емнай часткай сучаснай гісторыі краіны. Мая кніга “Беларусь бязь межаў” ілюструе сутнасьць і вынікі гэтага працэсу. Разьвіцьцё беларускай нацыі не абмяжоўваецца дзяржаўнымі межамі Рэспублікі Беларусь, яно адбываецца ўсюды, дзе жывуць нашыя суродзічы. Яны цяпер не ізаляваныя, не аддзеленыя ад Бацькаўшчыны. Нацыя разьвіваецца не сама ў сабе, але таксама пад уплывам агульнацывілізацыйных працэсаў, якія адбываюцца ў сьвеце. Праз нашых суродзічаў з розных краінаў мы можам вучыцца, здабываць вопыт іншых нацый і пераймаць лепшае.


03_surmach_kniga.jpg

Ганна Сурмач і Вітаўт Кіпель (злева)


Што не ажыцьцявілася, дык гэта тое, пра што мы марылі і дзеля чаго трэба было аб’ядноўвацца. Мы пакуль што не маем беларускай па духу ўлады, маем незалежнасьць дэ-юрэ, а дэ-факто – па-ранейшаму залежым ад суседняй Расеі. Мы не маем дэмакратыі і свабоды ў Беларусі, дзе не забясьпечваюцца элементарныя правы чалавека – права на свабоду выбараў, свабоду голасу, на эканамічную свабоду. Па ўсіх гэтых прычынах Беларусь для сваіх сыноў і дачок не ёсьць той Бацькаўшчынай, якая клапоціцца пра сваіх дзяцей. Не падтрымліваюць сёньняшнія ўлады Беларусі і беларускую дыспару такім чынам, як гэта робяць цывілізаваныя краіны.

– Зараз Вы жывеце ў ЗША. Якой сёння бачыцца дзейнасць Згуртавання здалёк? Што, на Ваш погляд, можна было б зрабіць больш эфектыўным?

– Так, я жыву ў Амэрыцы – вымушаная была стаць эмігранткаю менавіта з названых вышэй прычынаў. Так што маю досыць вялікі вопыт жыцьця як у метраполіі, гэтак і ў дыяспары, ведаю сытуацыю знутры і з абодвух бакоў. Гэта дапамагае мне сёння актыўна ўдзельнічаць у беларускім жыцьці на эміграцыі. Цягам амаль дваццаці гадоў на чужыне я ніводнага дня не жыла без вестак з Беларусі, ніколі не перапыняла сваю грамадзкую беларускую працу і буду ёй займацца пакуль хопіць сілаў і часу жыцця. Таксама я не перапыняла сувязяў і працоўных кантактаў з дарагім мне Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Глыбока перажываю за ўсіх, хто там працуе, спачуваю вашым цяжкасьцям і праблемам, якія мы тут усе добра разумеем.

Самае галоўнае: ад часу Першага зьезду і ў бліжэйшай перспектыве праца з дыяспарай – гэта абавязак дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі. Бо дзяржаўныя ўлады разглядаюць сувязі з дыяпарай аднабакова, жадаюць, каб яна іх падтрымлівала. Але дыяспара жыве пераважна ў цывілізаваным дэмакратычным сьвеце і не можа прыняць антыдэмакратычнай, антынацыянальнай палітыкі ўладаў Беларусі. Найперш працаваць з дыяспарай і надалей павінна ЗБС “Бацькаўшчына”, у гэтым яе місія. Галоўная стратэгія – захоўваць ідэю і саму арганізацыю. А тактыка – рабіць, што магчыма, у гэтых цяжкіх умовах. Выглядае, што можна шмат чаго рабіць праз інтэрнэт, працягваць выдаваць бюлетэнь “Беларусы ў свеце” – ён добра чытаецца ў замежжы. Цяжка сказаць нешта больш канкрэтнае. Не будзем траціць надзеі на лепшыя часы.

Ад сябе вельмі хачу падзякаваць усім сябрам ЗБС “Бацькаўшчына”, асабліва кіраўніцтву і выканаўчаму персаналу, за карпатлівую працу, за адданасьць нашай ідэі, нашай надзвычай важнай справе. З удзячнасьцю згадваю ўсіх сваіх сяброў і паплечнікаў, з кім мы ладзілі той першы сусьветны форум беларусаў. Іх імёны згаданыя ў кнізе “Першы зьезд беларусаў сьвету”, якую ў мяне атрымалася падрыхтаваць і выдаць яшчэ да ад'езду ў эміграцыю. У кнізе апісаная ўся гісторыя гэтай надзвычайнай падзеі.


Станіслаў Шушкевіч

у 1993 годзе Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

– Як Вы ўспрынялі ідэю правядзення Першага з’езда беларусаў свету з пазіцыі Старшыні Вярхоўнага Савета і асабіста? Як паставіўся да гэтай падзеі Вярхоўны Савет? Ці прадбачылі неадназначную рэакцыю беларускага грамадства – вынік дзесяцігоддзяў культывавання негатыўнага іміджу эміграцыі?

– Калі Беларусь зрабілася самастойнай, у нас быў вялікі энтузіязм. У большасці членаў Вярхоўнага савета была вялікая цяга да беларускасці, да беларускага замежжа, і таму гэта ўсё віталася. Прычым не толькі ў Вярхоўным Савеце, але і ў Савеце Міністраў. Я быў перакананы, што нават старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч таксама вельмі хацеў гэтай беларускасці. Я не сумняваўся, што ўсе беларусы хацелі сабрацца і правесці З’езд беларусаў свету. Ні з кім змагацца не прыходзілася і, як я гэта памятаю, усе былі адзінадушныя ў тым, што З’езд патрэбны і яго трэба падтрымаць.


IMG_2178.jpg

Станіслаў Шушкевіч на Сёмым з’ездзе беларусаў свету (2017)


– На З’едзе Вы казалі пра патрэбу ў фармуляванні ідэі, якая здолела б аб’яднаць усе патрыятычныя рухі і была пры гэтым менш абмежаванай і больш канструктыўнай, чым паноўная на той час “антыкамуністычная”. Ці сфармуляваная гэтая ідэя сёння? Вакол чаго сёння могуць згуртавацца неабыякавыя людзі?

– Гэта вельмі складанае пытанне. Тады я быў пад уражаннем пэўных заходніх публікацыяў, у прыватнасці кнігі Людвіга Эрхарда “Дабрабыт для ўсіх”. Мне хацелася, каб у нас усвядомілі, што “побытавая” антыбеларускасць – не віна людзей, а іх бяда. У нас былі цудоўныя дэпутаты, якія наогул не ўсведамлялі, што яны ў Беларусі – для іх гэта быў Савецкі Саюз і Расія. Гэта былі заслужаныя людзі, але да іх даволі зняважліва ставіўся Беларускі Народны Фронт. Іх папракалі, уважалі за цемрашалаў... Мне хацелася, каб не гэта было галоўным лозунгам, хацелася знайсці нешта падобнае да таго, што знайшоў у свой час Эрхард, які займаючыся праблемамі эканомікі прыйшоў да высновы, што эканамічнае развіццё паляпшае і іншыя складнікі жыцця грамадства. Маё любімае слова тады было “згода”, хацелася знайсці паразуменне паміж прагрэсіўнай часткай партыйнай наменклатуры і прадстаўнікамі Беларускага Народнага Фронту. Але адбылося не зусім тое, чаго хацелася б. У нас пачалі выкрышталізоўвацца “шчырыя” і значна больш “якасныя” беларусы, чым тыя сем-восем мільёнаў, якія вывучалі ў школе “наркамаўку”. Хаця гэта мяне і бянтэжыла, выступіць супраць я не мог, захоўваў нейтральную пазіцыю і чакаў, што мы выпрацуем нацыянальную ідэю. Адбыліся зрухі ў адукацыі, людзі пайшлі ў беларускамоўныя класы, у беларускамоўныя дзіцячыя садкі. Але, на жаль, нечакана для мяне, наменклатура згуртавалася, каб гэтаму супрацьстаяць.

Гутарыў Сяргей Кандраценка,
прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”