У „Бібліятэцы Бацькаўшчыны“ выйшаў чарговы том – дзявяты выпуск „Дзённікаў і запісаў“ народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, падрыхтаваны да выдання Наталляй Давыдзенка.
Кароткія і змястоўныя запісы па-ранейшаму ўтрымліваюць шмат побытавых замалёвак і каштоўных успамінаў пра беларускіх літаратараў, а таксама больш за 130 раней нідзе не друкаваных вершаў.
Перыяд з 1998 па 2002 год, якія ахоплівае кніга, быў не самы просты для эканамічнага і палітычнага жыцця краіны. Гэта ў пэўнай ступені адбілася і на агульным настроі дзённікаў. Асабліва азмрочыў гэты перыяд жыцця дзядзькі Рыгора ад’езд за мяжу блізкага сябра – Васіля Быкава. Але творчая праца не спынялася, і дзённікі даюць магчымасць адным вокам зазірнуць на творчую кухню па стварэнні некалькіх цыклаў духоўнай паэзіі, перакладаў і працы над дакументальнымі фільмамі пра мінскае гета і Змітрака Бядулю.
Хапае таксама гумару і вандровак. Акрамя паездак і выступаў у розных гарадах Беларусі Рыгор Барадулін зладзіў і тры замежныя падарожжы: у Лондан (дзе адведаў знакамітую „Скарынаўку“, сустрэўся з айцом Аляксандрам Надсанам і беларусістамі – перакладчыцай Верай Рыч, даследчыкамі Гаем Пікардам і Арнольдам Макмілінам), у Рыгу і ў Швецыю (разам з Алесем Разанавым і „Бум-Бам-Літам“).
Да выдання рыхтуюцца яшчэ два тамы.
Замовіць кнігу можна ў інтэрнэт-краме knihi.by.
Інфармацыйны цэнтр ЗБС „Бацькаўшчына“