27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР, якая абвяшчала поўны дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны. Гэта быў першы рашучы крок на шляху да здабыцця сапраўднай незалежнасці.
Паводле дакумента, Беларусь абвяшчалася сувэрэннай і прававой дзяржавай, «якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу».
Але сілу канстытуцыйнага закона дэкларацыя набыла толькі праз год — 25 жніўня 1991 года. На яго падставе былі ўнесеныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР 1978 года.
А 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб назве рэспублікі, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь. Таксама была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
8 снежня 1991 года ў беларускіх Віскулях кіраўнікамі Беларусі, Расіі і Украіны была дэнансаваная дамова 1922 года аб утварэнні СССР і гэтая дзяржава перастала існаваць.
Адметна, што ў першыя гады здабыцця незалежнасці менавіта 27 ліпеня было Днём незалежнасці і адзначалася на дзяржаўным узроўні.
Са святам!