Дапаможам Чэрвеньскаму дому-інтэрнату разам!

З 4 па 14 мая грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і інтэрнэт-крама беларускіх адметнасцяў budzma-krama.by ладзяць дабрачынную акцыю «Дапаможам разам!». 50% ад сумы кожнай пакупкі будуць пералічаныя Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У сувязі з пандэміяй каранавіруса грамадскую культурніцкую кампанію «Будзьма беларусамі!» моцна хвалюе тое, што па-за ўвагай і дзяржавы, і грамадства засталіся ўразлівыя групы насельніцтва — людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Вельмі важна, што і валанцёры, і грамадскія ініцыятывы дапамагаюць медыкам, якія штохвіліны змагаюцца за жыццё людзей — наша з вамі жыццё. Але важна падтрымаць і абараніць і тых, хто слабы, хто не ў стане сам паклапаціцца пра сябе, — дарослых і дзяцей з разнастайнымі захворваннямі, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах і не маюць магчымасці захоўваць сацыяльную дыстанцыю.

З 4 па 14 мая кампанія «Будзьма беларусамі!» ладзіць акцыю «Дапаможам разам!». Кожны, хто цягам пазначанага тэрміну набудзе любую рэч у інтэрнэт-краме «Будзьма!», мае магчымасць далучыцца да гэтай дабрачыннай акцыі. 50% ад сумы кожнай пакупкі будуць пералічаныя Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Зрабіць дабро так проста! Набывайце ў краме budzma-krama.by прыгожыя і карысныя рэчы з беларускім характарам, рабіце прыемнасці сабе і блізкім і дапамагайце тым, каму гэта сапраўды патрэбна.

budzma.by