“Дабрачынны канвой вёз у Беларусь гуманітарную дапамогу, а на зваротным шляху – выданні для «скарынаўкі»”: Марыя Міцкевіч пра гады працы з дабрачыннымі арганізацыямі і беларусамі замежжа

hu_logo-small.jpg

Займацца дабрачыннасцю ў Беларусі – справа нялёгкая. Аднак усмешкі дзяцей і ўдзячнасць бацькоў кампенсуюць наступствы хісткага заканадаўства, неабходнасць справаздачаў і непазбежнасць шматгадзіннага мытнага дагляду. Больш за дваццаць гадоў Марыя Міцкевіч суправаджае гуманітарныя канвоі, курыруе аздараўленчыя і адукацыйныя праекты, сумяшчаючы дабрачынную дзейнасць з адказнасцю быць унучкай Якуба Коласа і Янкі Маўра.


Першае знаёмства з беларусамі замежжа адбылося ў Кліўлендзе

Маё першае знаёмства з беларусамі замежжа адбылося ў 1990-м годзе, калі я трапіла на з’езд беларусаў замежжа ў Кліўлендзе. Нас сустракалі ў нацыянальных строях і па-беларуску, што ў той час ды ў іншай краіне было вельмі незвычайна. Дзякуючы гэтай сустрэчы я пазнаёмілася з Вітаўтам Кіпелем, Янкам Запруднікам, Юліяй Андрусішынай, Міколам Прускім, Івонкай Сурвілай, упершыню сустрэлася з малодшым братам майго дзеда Міхасём Міцкевічам. На з’езде ішла гаворка пра дапамогу Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы. Аказалася шмат зацікаўленых, бо гэта быў той момант, калі эміграцыя хацела і магла дапамагчы.


У Беларусь ехаў гуманітарны груз з тонамі лекавых сродкаў для ахвяраў чарнобыльскай радыяцыі

У пачатку 90-х дапамогу ахвярам чарнобыльскай радыяцыі ўзяў на сябе Беларускі народны фронт “Адраджэнне”. БНФ праводзіў чарнобыльскія і экалагічныя акцыі, мітынгі, паездкі ў забруджаныя раёны, жалобныя набажэнствы. 30 верасня 1989 года ў Мінску адбыліся народнае шэсце і мітынг “Чарнобыльскі шлях”. У 1991 годзе быў арганізаваны “Народны трыбунал”, які разглядаў, наколькі эфектыўна пераадольваюцца вынікі чарнобыльскай катастрофы. У красавіку 1998 года Генадзь Грушавы ўзначаліў Камітэт БНФ “Дзеці Чарнобыля”, які праз два гады быў зарэгістраваны дабрачынным фондам. Шмат у якіх краінах пачалі стварацца грамадскія арганізацыі дапамогі пацярпелым рэгіёнам. Аднак кіраўніцтва многіх шпіталяў адмаўлялася ад лекаў і вітамінаў, забараняла сустрэчу з дактарамі, калі рабілася вядома, што дапамога ідзе праз БНФ.

29.jpgЧарнобыльскі шлях

1990 года ў Беларусь з дапамогай прыязджаў айцец Аляксандр Надсан, які годам раней арганізаваў у Лондане Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, што меў сваіх прадстаўнікоў у розных краінах свету: айца Язэпа Сіру – у ЗША, Раісу Жук-Грышкевіч – у Канадзе, Міхася Лужынскага – у Аўстраліі, Міхася Наўмовіча – у Францыі. У Лондане айцу Аляксандру дапамагалі журналістка і пісьменніца Вера Рыч, Павал Асіповіч, Міхась Баяроўскі, Янка Міхалюк. Дзякуючы намаганням камітэту ў Беларусь ехаў гуманітарны груз з тонамі лекавых сродкаў, якія размяркоўваліся па шпіталях Мінска, Гомельшчыны і Магілёўшчыны.

Нам патрэбная была дабрачынная арганізацыя, не звязаная з палітыкай

Я часта суправаджала айца Аляксандра Надсана ў паездках па чарнобыльскім рэгіёне Беларусі і бачыла, з якімі цяжкасцямі часам ідзе размеркаванне гуманітарнага грузу. Пасля першай паездкі мы прыйшлі да высновы, што трэба стварыць дабрачынную партнёрскую арганізацыю, не звязаную з палітыкай. З яго бласлаўлення 26 красавіка 1993 года, на 7-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы, у Доме літаратара адбылася прэзентацыя Дзіцячага фонду духоўнага і культурнага адраджэння “Сакавік”. Мы лічылі, што аўтарытэт майго дзеда, народнага паэта Якуба Коласа, будзе спрыяць у вырашэнні складаных арганізацыйных пытанняў. Назва фонду сімвалізуе адраджэнне Беларусі. На вечарыне гучаў верш Наталлі Арсенневай “Сакавік”, а капэла спявала “Магутны Божа”. З таго дня пачалася праца, якая працягваецца амаль 25 гадоў.

Дабрачынны канвой вёз у Беларусь гуманітарную дапамогу, а на зваротным шляху – выданні для “скарынаўкі”

Па-першае, мы займаліся размеркаваннем і дастаўкай гуманітарнай дапамогі, а таксама дапамагалі нашым сябрам замежжа арганізаваць сустрэчы ў дзіцячых дамах і іншых арганізацыях, ладзілі знаёмства з дактарамі. Бо нават для наведвання пэўнай установы патрэбны дазвол, а для дапамогі – стос папераў. Працэдура іх атрымання штогод ускладнялася нашым заканадаўствам. Раней гуманітарную дапамогу можна было прыехаць і аддаць, цяпер яе трэба браць на захоўванне і пісаць план размеркавання, узгадняць ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці, чаму папярэднічаюць гадзіны, праведзеныя на мытні.

Дзякуючы айцу Аляксандру Надсану пачалося супрацоўніцтва з дабрачыннымі арганізацыямі Вялікабрытаніі і Ірландыі. Іх прадстаўнікі прыязджалі з вялікімі канвоямі, і нават падаравалі фонду “Сакавік” машыну хуткай дапамогі, на якой можна было развозіць грузы па Беларусі. Спачатку дапамогу складалі лекі і вітаміны, разнастайныя медыцынскія матэрыялы. Аднак пасля мы прыходзілі да галоўнага ўрача, і той даваў запыт. Калі машына едзе з гуманітарным грузам, варта прывозіць тое, што трэба. У снежні мінулага года мяне запрасілі на адкрыццё новай беларускай царквы ў Лондане і папрасілі разабраць архіў айца Аляксандра, звязаны з гуманітарнай дзейнасцю. Сярод іншага мне сустрэўся вялікі стос запытаў ад дактароў, па якіх ён замаўляў неабходныя рэчы.

36.jpgМарыя Міцкевіч і айцец Аляксандр Надсан

Дабрачынны канвой вёз у Беларусь гуманітарную дапамогу, а на зваротным шляху я слала выданні ў “скарынаўку” – бібліятэку імя Францыска Скарыны ў Лондане. А калі сама ездзіла на машыне, сталыя эмігранты перадавалі на Беларусь дарагія для іх, але ўжо не цікавыя наступнаму пакаленню выданні – прысвечаныя радзіме газеты, часопісы, кнігі. Частка была перададзеная ў Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, частка захоўваецца ў мяне. Аднак я планую перадаць эміграцыйныя выданні ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, у аддзел, прысвечаны беларускай эміграцыі.


Беларусы замежжа збіралі грошы на канвоі і шукалі ахвочых дапамагчы

Беларусы замежжа вельмі шмат дапамагалі: яны збіралі грошы на канвоі, знаходзілі сем’і, гатовыя прыняць беларускіх дзяцей, шукалі арганізацыі, якія маглі падтрымаць Беларусь. Шмат сродкаў ішло праз царкву. Разам з айцом Аляксандрам гуманітарныя грузы суправаджалі Сяргей Дзейка, Тодар Жынгель, Язэп Мошчык, Міхась Баяроўскі з Вялікабрытаніі, Святаслаў Каржанеўскі з Аўстраліі. На сабраныя грошы набывалі лекі і неабходную апаратуру. Так, на замову беларускіх дактароў Міхасём Наўмовічам (Францыя) быў набыты апарат ультрагуку. А на святы абавязкова везлі для дзяцей падарункі. У ЗША вельмі дапамагаў Мікола Прускі, у Канадзе – Івонка Сурвіла, Раіса Жук-Грышкевіч. Нашыя беларусы збіралі сродкі на разнастайныя праекты і праз Беларускую царкву ў Канадзе. У Нью-Ёрку ішла дапамога праз майго сваяка Алеся Міцкевіча. Ён выдаваў інфармацыйны лісток, што распаўсюджваўся сярод амерыканскіх беларусаў. Сярод іншага там друкаваліся мае інтэрв’ю, і чытачы маглі даведацца пра нашыя патрэбы і чымсьці дапамагчы.


Ірландскія валанцёры дапамагаюць дзецям і дарослым з псіхічнымі захворваннямі

Вельмі многа для нашай краіны зрабілі ірландскія дабрачынныя арганізацыі. Аднойчы ў вёску Караліна ў Стаўбцоўскім раёне прыехаў канвой з 60 ірландцаў. Дапамагалі і іншым дзіцячым дамам – у Станькаве, Караліне, Язоўках, Чэрвені, Тарасіках, Гарадзішчах і г.д. У Беларусь і цяпер прыязджае шмат ірландскіх валанцёраў – у дамы-інтэрнаты, дзе ўтрымліваюцца дзеці і дарослыя з псіхічнымі захворваннямі. У гэтым напрамку можа не кожны пайсці – быць сярод незвычайных людзей. А ірландскія валанцёры прыязджалі – кармілі, гулялі, прывозілі гуманітарную дапамогу і неабходнае абсталяванне, рабілі рамонт.


Лім О’Мара жыве на дзве краіны – Беларусь і Ірландыю

Адзін з ірландскіх валанцёраў ужо шмат гадоў жыве на дзве краіны – Беларусь і Ірландыю. Ён атрымаў від на жыхарства ў нашай краіне. Нашае знаёмства ірландскі манах Лім О’Мара згадвае ў адной са сваіх кніг, прысвечанай Беларусі. Усё пачалося з вялікіх канвояў, якія суправаджала знакамітая ірландка Эдзі Роўч. Мне трэба было зрабіць справаздачы аб іх паездках па Беларусі. Аднаго з кіроўцаў канвою звалі Лім, і я хацела з ім паразмаўляць, каб скласці ўяўленне пра маршруты. Лім знайшоўся ў Мазыры. Я яму пазваніла, аднак ён аказаўся зусім не тым Лімам. Тым не менш мы пагаварылі і дамовіліся на сустрэчу. Лім О’Мара хацеў працаваць у Беларусі, знайшоў сабе школу на Лунінеччыне і там выкладаў ангельскую мову. Незадоўга да нашага знаёмства ён ужо збіраўся вяртацца ў Ірландыю, бо не ведаў, чым яшчэ можа дапамагчы. Тады я адвезла яго ў Чэрвенскі дом-інтэрнат, і Лім ужо 20 гадоў працуе з гэтай установай. Больш за тое, ён змог адкрыць уласны фонд, які назваў “Добра тут”.

Адно з вялікіх дасягненняў Ліма – Дом Сары ў Мінску, грошы на будаўніцтва якога ён збіраў у Ірландыі. Гэты Дом працаваў як дзённы цэнтр для дзяцей з разнастайнымі адхіленнямі, якіх бацькі трымаюць дома. Пакуль дзеці пад наглядам, дарослыя могуць вырашыць свае справы, і гэта істотная дапамога. Больш за тое, у Доме спыняюцца валанцёры, якія прыязджаюць у Беларусь на працу, госці, а таксама выхаванцы дзіцячых дамоў, якія прыязджаюць наведаць Мінск.


У Ірландыі бачныя вазочнікі і інваліды, а нашым няма куды дзецца

Калі я прыязджаю ў Ірландыю, іду ў карцінную галерэю ці ў басейн, усюды сустракаю людзей у вазках. У нас інвалідаў на вуліцах амаль не бачна. Нават калі дзе-небудзь ёсць пандус, няма гарантыі, што вазок пройдзе ў дзверы. Калі валанцёры пачалі выводзіць на вуліцу дзяцей з Чэрвенскага дома-інтэрната, аказалася, што некаторыя местачкоўцы нават не ведалі пра іх існаванне. Больш за тое, у нас зусім іншае выхаванне. Аднойчы я была з групай дзяцей у Англіі. Сярод дзяцей быў хлопчык з хворай нагой. Калі надышоў час гуляць у футбол, нашыя дзеці прасілі Сяргейку адысці і не перашкаджаць. Ангельскія дзеці, наадварот, падыходзілі найперш да Сяргея і запрашалі ў гульню. На жаль, у нашай краіне з табой не будуць гуляць, калі ты не такі, як усе.


Больш чым сотня беларускіх дзяцей штогод выязджае на аздараўленне ў Ірландыю, Англію, Уэльс

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці фонду “Сакавік” – аздараўленне дзяцей за мяжою. Дзякуючы айцу Аляксандру на пачатку дзейнасці Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі беларускія дзеці пачалі выязджаць на аздараўленне ў Вялікабрытанію. Выязджалі некалькі разоў на год групамі ад 6 да 90 чалавек. Штогод больш за сто дзетак атрымлівалі магчымасць выехаць за мяжу. Жылі дзеці ў сем’ях і мелі добра падрыхтаваную і насычаную праграму. Мы спрабавалі вазіць дзяцей у розныя краіны, у тым ліку ў Італію і Іспанію. Аднак у тых арганізацыях адсутнічалі беларускія прадстаўнікі, і часам было складана вырашаць розныя пытанні. Таму мы аддавалі перавагу арганізацыям, якія адшукалі беларускія эмігранты. Найчасцей мы суправаджалі групы ў Англію, Ірландыю, Уэльс.

  • 40.jpg
  • 48.jpg

    Беларускія дзеці падчас адпачынку ў Вялікабрытаніі

Айцец Аляксандр Надсан знайшоў для Дзіцячага фонду “Сакавік” надзейнага партнёра – Джанет Вадамс з ангельскага горада Рай. Царква Святой Марыі дапамагла знайсці сем’і для размеркавання беларускіх дзяцей. Былі праведзеныя медыцынскія кансультацыі, лячэнне і аперацыі ў ангельскіх шпіталях. Арганізацыя Chernobyl Children Rye таксама дапамагала ў стварэнні дзіцячых хоспісаў на тэрыторыі Беларусі. У Вялікабрытаніі існуе і беларуска-ангельская дабрачынная арганізацыя CelticCross, якой кіруюць Джон і Марына Купер. Марына працавала намеснікам Дзіцячага фонду “Сакавік” і ўдзельнічала ва ўсіх праграмах. Пасля пераезду ў Вялікабрытанію Марына працягвае гуманітарную дзейнасць. Разам з мужам яна арганізоўвала адпачынак беларускіх дзяцей у сваім рэгіёне. CelticCross таксама дапамагае сацыяльным цэнтрам у Брагіне і Камарыне Гомельскай вобласці.


Мама Марсія і тата Майкл

Зноў жа дзякуючы айцу Аляксандру мы пазнаёміліся з фондам каталіцкіх сем’яў ва Уэльсе – Victims of Chernobyl Children’s Fund. Каталіцкая царква Святога Патрыка аб’яднала людзей, якія хацелі дапамагаць Беларусі. Фонд узначаліла Марсія Дойл. Так завязалася сяброўства дзіцячага фонду “Сакавік” з Марсіяй і Майклам Дойламі, якое працягваецца ўжо больш за дваццаць гадоў. Вёску Калдыкот каля Ньюпарта ведаюць сотні дзяцей з Беларусі, якім пашчасціла паехаць на аздараўленне і адпачынак да ангельскіх бацькоў. Мама Марсія і тата Майкл не шкадавалі сілаў, каб зрабіць адпачынак беларускіх дзяцей цікавым і карысным для здароўя.

Кожны год з таго часу ў Беларусь адпраўляліся канвоі з гуманітарнай дапамогай, якія збіралі і арганізоўвалі валійскія сябры і іх арганізацыя Victims of Chernobyl Children’s Fund. Грузы перадаваліся дзіцячым дамам і школам-інтэрнатам у Рэчыцы, Васілевічах, Бабічах, Івянцы, шпіталям Брагіна, Калінкавічаў, Бялынічаў, Магілёва. Не раз Марсія і Майкл былі ў самых забруджаных рэгіёнах, нават у зоне адсялення за вайсковым кардонам і на мяжы з Украінай, бачылі пакінутыя хаты, закапаныя ў зямлю вёскі, кінутыя школы і дзіцячыя садкі. Апошні канвой з гуманітарным грузам, які везлі Марсія і Майкл, не пусцілі ў Беларусь. Давялося шукаць месца для разгрузкі ў Польшчы. Але гэта здарэнне не спыніла дзейнасці арганізацыі. У мінулым годзе Марсія і Майкл сабралі грошы для правядзення рамонтных работ бальніцы ў Жыткавічах.


Даведацца, каму патрэбная дапамога, мне дапамагала праграма “Экалогія душы”

Каб ведаць, каму патрэбная дапамога, мне давялося самой паездзіць па краіне. У гэтым мне дапамагала праграма “Экалогія душы”. Разам з тэатрам “Дзея” – цяпер гэта Новы драматычны тэатр – мы ездзілі з дабрачыннымі спектаклямі для дзяцей у школы-інтэрнаты. Пакуль ішоў спектакль, я магла даведацца, якія патрэбы ёсць у арганізацыі. Праграму дапамагалі спансараваць нашыя замежныя сябры і беларусы замежжа. Да гэтых дзяцей у тыя часы мала хто прыязджаў, яны жылі ў сваім асяроддзі, нікога не бачылі, таму нам былі радыя і вельмі дапамагалі. Многія артысты плакалі, калі бачылі, для каго выступаюць. Дзеці прасілі, каб мы прыязджалі часцей. З дазволу Міністэрства адукацыі мы наведвалі жаночую рэжымную калонію ў Петрыкаве. Дзяўчатам спадабаўся спектакль настолькі, што, калі мы прыехалі праз два гады, яны памяталі ролі і словы з першага.

Мы шмат ездзілі па чарнобыльскіх рэгіёнах, нават вельмі забруджаных, і знаёміліся з людзьмі, каб ведаць, да каго звяртацца, калі прыйдзе час везці дзяцей на аздараўленне. Пасля надышоў час лістоў, дакументаў і дазволаў. Было вельмі шмат працы, асабліва з дакументацыяй.


Аперацыя “Усмешка”

Дзякуючы беларуска-ангельскай супрацы ў 1999 годзе стала магчымай аперацыя “Усмешка”, накіраваная на дзяцей са сківічна-тварнымі пашкоджаннямі. Калі такое дзіця расце ў сям’і, то клопат пра яго бяруць на сябе бацькі і блізкія. На жаль, такія адхіленні ёсць і ў гадаванцаў дзіцячых дамоў. Аперацыю на твары вельмі складана зрабіць, шмат цяжкасцяў і ў пасляаперацыйным доглядзе. У межах праекта мы сустракалі дактароў з Англіі, якія прыязджалі са сваімі медсёстрамі і абсталяваннем, каб дапамагчы беларускім дзеткам. А нашыя дактары ездзілі на стажыроўкі ў Вялікабрытанію.


Два тыдні стажыроўкі ў ангельскай школе

Нам удалося падтрымаць яшчэ адну цікавую праграму, скіраваную на адукацыю ў ангельскіх школах. Мы адбіралі дзяцей, якія ўжо ведалі ангельскую мову, і вазілі іх на двухтыднёвую стажыроўку ў Англію. Беларускія дзеці жылі ў сем’ях і разам з ангельскімі аднагодкамі наведвалі школьныя заняткі. Больш за тое, адбываліся агульныя сустрэчы, экскурсіі па Лондане, знаёмства з музеем і бібліятэкай імя Ф. Скарыны. Дзецям вельмі падабалася. Але праз змены ў заканадаўстве праект стала цяжка ажыццяўляць, і праграма была закрытая. Вельмі шкада. Шмат нашых дзяцей падчас такіх стажыровак атрымала запал, каб вучыць замежную мову і паступаць у прэстыжныя ўніверсітэты.


Цяпер больш магчымасцяў займацца культурніцкімі праектамі

Так сталася, што найбольш цесныя сувязі наш фонд меў з дабрачыннымі арганізацыямі Ірландыі. Калі я сама першы раз паехала туды як кіраўнік групы дзяцей, краіна мне вельмі спадабалася. Яна вельмі блізкая да Беларусі. Ірландцы, як і мы, любяць збірацца разам, спяваць песні. Да і нацыянальная ежа – бульба, як і ў нас. Больш за тое, ірландцы вельмі шмат дапамагалі Беларусі. І нам трэба было аддзячыць гэтую краіну. Так узнікла ідэя таварыства “Беларусь – Ірландыя”, створанага пры Доме дружбы. Перш за ўсё мы правялі канферэнцыю, прысвечаную беларуска-ірландскім культурным сувязям, удзельнікі якой у сваіх дакладах шукалі, што агульнага ў Беларусі і Ірландыі. Таварыства пачало падтрымліваць разнастайныя ініцыятывы, перадусім – беларускія школы ірландскага танцу. Мы прывозілі музыкам і танцорам сапраўднае ірландскае адзенне і абутак, запрашалі калектывы на розныя мерапрыемствы. Мы пачалі святкаваць Дзень Святога Патрыка. Неўзабаве паўсталі фестывалі ірландскай музыкі, танцу і тэатру, якія мы праводзілі некалькі гадоў. Таварыства падтрымлівае шмат ініцыятываў – сустрэчы, прэзентацыі, чытанні. Амаль кожны год у Доме дружбы мы ладзім прысвечаную Ірландыі вечарыну з цікавымі квэстамі і дакладамі.

70.jpgІрландскія валанцёры дапамагаюць беларускім дзецям з абмежаванымі здольнасцямі

Беларускі след ірландскага графа

Нам удалося запрасіць у Беларусь выдатнага піяніста Майкла О’Рурка. Спачатку ён выступаў у дзіцячай музычнай школе, а пасля – у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, кіраўніцтва якой неаднаразова выклікала яго на канцэрты. Разам з Майклам О’Руркам мы наведалі Уселюб, дзе ў XVIII стагоддзі была сядзіба старажытнага роду О’Руркаў. У мястэчку да гэтай пары захаваліся рэшткі вялізнага парка.


Яшчэ шмат праектаў чакае ажыццяўлення

Як унучку Якуба Коласа і Янкі Маўра мяне часта запрашаюць выступаць на вечарынах, сустрэчах і канферэнцыях у Беларусі і за мяжою. Цяпер я супрацоўнічаю з курсамі беларускай мовы “Мова Нанова”, на якіх чытаю лекцыі пра Коласа і Маўра ў гарадах, дзе адбываюцца заняткі. Вельмі часта мяне запрашаюць на Пухавіччыну. Гэта другая радзіма Коласа, дзе ён любіў адпачываць. Выступала ў Пінкавічах, дзе мой дзед працаваў у школе. Пра Коласа і Маўра я расказвала і падчас нашых дабрачынных паездак з тэатрам. Супрацоўнічаю і з беларусамі замежжа. Так, маю добрыя сувязі з латвійскай дыяспарай, таму што ў Ліепаі нарадзіўся мой дзед Янка Маўр. Мне вельмі хацелася паехаць у гэты горад і пазнаёміцца з нашымі беларусамі. Сябруем з Лонданам, Вільняй, Львовам, Севастопалем, Рыгай. Ужо шмат чаго зроблена, выдадзена і арганізавана, але застаецца яшчэ больш. Надрукавала некалькі артыкулаў, якія прысвечаны дзеячам беларускага замежжа: А. Надсану, Я. Запрудніку, М. Прускаму, В. Жук-Грышкевічу, М. Міцкевічу, С. Сахараву. У музеі Якуба Коласа ладзіла выставу “Якуб Колас ў эміграцыйным друку”, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва – выставу да 120- годдзя Міхася Міцкевіча, у беларускай школе ў Рызе – выставу “Якуб Колас і Янка Маўр: разам па жыцці”. З найбліжэйшых праектаў – выданне кнігі да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, кнігі “Якуб Колас ў перакладах Веры Рыч”. Не пакідаю думкі пра кнігі з творамі вядомага дзеяча беларускай эміграцыі Міхася Міцкевіча.

Гутарыла Яна Шыдлоўская,
фота з уласнага архіва Марыі Міцкевіч


Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.




Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение