
Першы З’езд беларусаў свету ў Мінску ў 1993 г. стаўся знакавай падзеяй у айчыннай гісторыі, своеасаблівым сімвалам аб’яднання падзеленай і дзяржаўнымі, і ідэалагічнымі межамі нацыі.
Аднак можна казаць пра тое, што на пачатку 1990-х гг. падзел існаваў не толькі па лініі метраполія – дыяспара, але і ўнутры самога замежжа. Паводле звестак мандатнай камісіі, 255 чалавек на З’ездзе прадстаўлялі суродзічаў у краінах Захаду (Аргентына, Аўстралія, Бельгія, Вялікабрытанія, Канада, ЗША, Нямеччына, Францыя і інш.) – г. зв. “далёкае замежжа” і 235 чалавек – беларусаў на прасторах былога СССР – “блізкае замежжа”. Гэтае размежаванне на “далёкае” і “блізкае” замежжа мела не толькі геаграфічнае, але і сэнсавае значэнне.
У заходніх краінах беларускія грамады былі запачаткаваныя найбольш паваеннай эміграцыяй, людзьмі антыкамуністычнай скіраванасці, што цягам амаль паўстагоддзя свайго жыцця ў замежжы, як маглі, спрыялі знішчэнню Савецкага Саюзу і з’яўленню незалежнай Беларусі. Гэтыя суполкі рознымі спосабамі прапагандавалі беларускую гісторыю і культуру на Захадзе, намагаліся падтрымоўваць праявы дысідэнцтва і розныя нефармальныя групы і ініцыятывы на Бацькаўшчыне, захоўвалі беларускую мову і звычаі ў сваіх асяроддзях. Ва ўсім згаданым прадстаўнікі паваеннай эміграцыі мелі як дасягненні, гэтак і праблемы. Да дасягненняў можна залічыць сотні выдадзеных “за жалезнай заслонай” беларускіх кніг і перыёдыкаў, тысячы канцэртаў, выставаў, фестываляў беларускай культуры, доўгагадовую дзейнасць беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода”, палітычную рэпрэзентацыю беларусаў, у выніку якой штогод на 25 сакавіка ў розных гарадах свету каля афіцыйных будынкаў можна было ўбачыць бел-чырвона-белы сцяг, а суродзічы прымалі віншаванні з Днём незалежнасці ад іншых нацыянальных арганізацый, а таксама палітычных дзеячаў і ўрадоўцаў розных узроўняў (ад мэраў да прэзідэнтаў). Да пачатку 1990-х гг. беларускія суполкі на Захадзе мелі вялікі досвед дзейнасці, але і пэўныя праблемы, якія былі звязаныя з фізічным адыходам прадстаўнікоў паваеннай эміграцыі і неабходнай “зменай пакаленняў” у арганізацыях. Актыўныя ў грамадска-культурным жыцці кадры імкліва старэлі, народжаная на эміграцыі моладзь у арганізацыі прыходзіла мала. Гэта адлюстравалася і ў прадстаўніцтве “далёкага замежжа” на Першым З’ездзе беларусаў свету. Не мелі ўжо магчымасцей на яго прыехаць (хоць яшчэ жылі) ні Наталля Арсеннева, ні Антон Адамовіч, ні Вітаўт Тумаш, ні Янка Міхалюк, ні некаторыя іншыя знакавыя для беларускай паваеннай эміграцыі асобы. Праўда, сярод дэлегатаў з’езда з заходніх краінаў было багата знакамітых і актыўных беларускіх дзеячаў: Зора і Вітаўт Кіпелі, Янка Запруднік, Вера і Вітаўт Рамукі (ЗША), Янка Жучка (Бельгія), Алег і Уладзімір Шнэкі (Аўстралія), Міхась Наўмовіч (Францыя) і іншыя.Узрост большасці быў ужо добра за 60. Дастаткова дасведчаныя і актыўныя “заходнія” беларусы пасля з’яўлення на мапе незалежнай Рэспублікі Беларусь актыўна імкнуліся, дапамагчы беларускай дзяржаве пад бел‑чырвона-белым сцягам у нацыянальным будаўніцтве. Гэтыя намеры актыўна агучваліся на Першым З’ездзе беларусаў свету. У “бліжнім замежжы” сітуацыя на пачатку 1990‑х была зусім іншая. Фактычна, беларускія суполкі на пост-савецкай прасторы актыўна ствараліся менавіта ў выніку распаду СССР. З’яўленне дзяржаўных межаў унутры некалі адное краіны актуалізавала праблемы карэннага і некарэннага насельніцтва, паставіла на парадак дня неабходнасць аб’ядноўвацца прадстаўнікам “нацыянальных меншасцяў” для вырашэння ўласных праблемаў. Суродзічы ў “блізкім замежжы”, у адрозненне ад прадстаўнікоў паваеннай эміграцыі на Захадзе, гуртаваліся часцей не для захавання, а для адраджэння нацыянальнай самасвядомасці, культуры, мовы. Гэта было своеасаблівае “вяртанне да каранёў”, якому распад савецкай дзяржавы даў добры імпульс. Цягам пяцігодкі напярэдадні Першага З’езда беларусаў свету асобныя беларускія арганізацыі паўсталі фактычна ў кожнай былой рэспубліцы СССР. Іх удзельнікаў аб’ядноўвала цікавасць да беларускай гісторыі і культуры, а таксама да беларускай дзяржавы, рэсурсы якой маглі дапамагчы абараніць інтарэсы суродзічаў у новых неспрыяльных сацыяльна-эканамічных умовах. Беларусы з “блізкага замежжа” таксама агучвалі на з’ездзе імкненне дапамагчы незалежнай беларускай дзяржаве, але шмат каму з іх саміх патрэбная была дапамога. Суродзічы з зонаў нацыянальных канфліктаў марылі вярнуцца ў Беларусь, былыя вязні ГУЛАГу, прыкладам, з Рэспублікі Комі, казалі пра незавершаную рэабілітацыю, беларусы з краінаў Балтыі – пра нацыянальны ўціск.
Такім чынам, беларускае замежжа ў часе Першага З’езда беларусаў свету ўяўляла сабою дыяспары як бы двух пакаленняў: “сталыя” – заходнія, антыкамуністычныя, дасведчаныя і ў пэўным сэнсе самадастатковыя ды “новыя” – постсавецкія, вытворныя ад развалу Савецкага Саюзу, больш маладыя, арыентаваныя на сувязі з метраполіяй.
З’езд засведчыў як наяўную розніцу ў стане і этапах развіцця беларускіх дыяспараў “далёкага” і “блізкага” замежжа, гэтак і пэўныя агульныя праблемы. Замежныя беларусы з розных бакоў казалі пра стан беларускай мовы ў самой Беларусі, пра неабходнасць дэмакратызацыі грамадства і забеспячэння сапраўднай незалежнасці краіны, а таксама пра “візавую праблему”, агульную для ўсіх замежных суродзічаў. Агульнай была і эйфарыя ад сустрэчы ды надзеі на перспектывы беларускага Адраджэння. Цягам наступных 25 гадоў у беларускім замежжы адбыліся істотныя змены, і пераважная большасць іх была так ці інакш звязаная з падзеямі ў метраполіі. Так, у беларускіх асяродках на Захадзе адбылася своеасаблівая “змена пакаленняў”, але не за кошт “дзяцей эмігрантаў”, а за кошт новай хвалі эміграцыі з незалежнай ужо Рэспублікі Беларусь, палітычная і эканамічная сітуацыя ў якой няспынна спрыяе выезду насельніцтва. Такім чынам у “старыя”, створаныя паваеннымі эмігрантамі арганізацыі прыйшлі новыя людзі, народжаныя пераважна ў СССР, што стала спрыяць ментальнаму збліжэнню дыяспараў у “далёкім” і “блізкім” замежжы. Да таго ж, новыя эмігранты сталі засноўваць і новыя арганізацыйныя структуры, што зрабіла “заходняе” замежжа больш разнастайным. Прыкладам, з’явіліся беларускія суполкі ў Чэхіі, Швейцарыі і інш., новыя творчыя ініцыятывы, як “Яваровы людзі” ў Канадзе. Да таго ж “далёкае” замежжа праз чвэрць стагоддзя стала агулам больш маладым у параўнанні з пачаткам 1990‑х.
Тымчасам дыяспары на постсавецкай прасторы паступова набіраліся досведу і ў грамадска-культурнай працы, і ва ўзаемадзеянні з метраполіяй. Апошняе справакавала пэўны падзел суполак на тыя, што актыўна падтрымоўваюцца афіцыйным Мінскам і тыя, што не падтрымоўваюцца праз іх “апазіцыйнасць” да ўладаў і палітыкі Рэспублікі Беларусь. Трэба адзначыць, што гэты падзел суполак на “сваіх” і “не-сваіх” закрануў пераважна дыяспары “блізкага замежжа”, як больш залежныя ад метраполіі. Беларускія суполкі на Захадзе змаглі супрацьстаяць яму, апынуўшыся, праўда, у выніку ў шэрагу пераважна “не-сваіх” для метраполіі.
Беларускія ініцыятывы на постсавецкай прасторы таксама паступова робяцца больш разнастайнымі, засноўваюцца новыя цэнтры, школкі, творчыя калектывы, наладжваюцца сувязі паміж суполкамі. Гэтаму, як і ў “далёкім замежжы” шмат спрыяе развіццё інфармацыйнага грамадства і новыя тэхналогіі. Сёння заўважнай з’явай стала стварэнне беларускіх суполак ды рэалізацыя тых ці іншых ініцыятываў з дапамогай сацыяльных сетак і інтэрнэту наогул. Гэта ж дапамагае і больш шчыльным і аператыўным сувязям з суродзічамі ў метраполіі. Разам з тым, сёння шмат якія суполкі ўжо “блізкага замежжа” падыходзяць да праблемы змены пакаленняў, ад вырашэння якой будзе залежыць іх далейшы лёс.
Такім чынам, за чвэрць стагоддзя, што мінулі ад Першага З’езда беларусаў свету, у беларускім замежжы адбыліся вельмі значныя змены, вартыя адмысловага навуковага вывучэння. Варта адзначыць, што даследаванням замежжа (асабліва “далёкага”) у значнай ступені спрыяе дзейнасць Беларускага інстытута навукі і мастацтва, які цягам апошніх дзесяцігоддзяў пераарыентаваў сваю дзейнасць з выключна эміграцыйнай на супрацу з арганізацыямі метраполіі. Дзясяткі кніг выдадзеныя БІНіМам супольна з рознымі выдавецтвамі Беларусі, а найбольш з Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, перыёдык “Запісы БІНіМ” сёння таксама ўжо нью-ёркска-мінскі праект. Асабліва важна, што і эміграцыйныя архівы, дзякуючы інстытуту паступова перадаюцца ў Беларусь, робяцца бліжэйшымі для айчынных даследчыкаў. Гэткая супраца канкрэтнай установы замежжа з метраполіяй таксама ёсць важнай рысай тых зменаў, што адбыліся за чвэрць стагоддзя.
Але парадаксальным чынам на З’ездах беларусаў свету па-ранейшаму абмяркоўваюцца пытанні і лёсу беларускай мовы ды культуры, і неабходнасці дэмакратызацыі грамадства, і забеспячэнне рэальнай незалежнасці Беларусі, а таксама адмены візаў для замежных суродзічаў. І па-ранейшаму актуальнай застаецца сітуацыя “падзеленай нацыі”.
Наталля Гардзіенка