 
		Журналіст Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра Чарнобыльскую трагедыю і параўноўвае яе з каранавіруснай пандэміяй.
	 Ёсць вядомая цытата Святланы Алексіевіч з «Чарнобыльскай малітвы»: «Выбухнуў не рэактар, а ўся папярэдняя сістэма каштоўнасцяў». 
	 Савецкая сістэма сапраўды падобная да ЧАЭС. 
	 Нешта тытанічнае, нібы суперсучаснае, пралічанае ў тэорыі, пакліканае для добрых мэтаў (энергію ж дае!), праз чалавечы фактар стала бядой, брамай пекла на зямлі. 
	 Сам рэактар нікуды не знік, проста ператварыўся ў вялізны маўзалей пад бетонным саркафагам. Лезці туды нельга, але што, калі вельмі хочацца? Людзі — такія людзі! 
	 Таксічныя выкіды сістэмы, якая выбухнула праз пяць гадоў пасля Чарнобыля, выпалі шмат дзе. Найбольш зачапілі Беларусь, Украіну і Расію. 
	 Наступствы катастрофы будуць адчувацца шматлікімі будучымі пакаленнямі. Мутацыі, хваробы, адхіленні... 
	 Можна і далей працягваць паралелі СССР — ЧАЭС. Але давайце пра Чарнобыль. 
 
«Бітва за Чарнобыль» 
 
	 Нагадаем, што яшчэ ў 1980-я тэма Чарнобыля стала адным з трыгераў, паскаральнікаў распаду СССР. Дэмакратычныя рухі літаральна паднялі яе на сцяг, расцягнулі на лозунгі: «Улада замоўчвае», «Ахвяраў нашмат больш», «А хто насамрэч вінаваты?». 
	 СССР знік, але кейс Чарнобыля ў Беларусі не знік з палітычнага поля. Пакуль кіраўніцтва расказвала народу, што жыць, гадаваць дзяцей, сеяць жыта і даіць кароў можна ў забруджанай зоне, апазіцыя штогод ладзіла «Чарнобыльскі шлях». 
	 З часам ён увайшоў у пантэон вулічных акцыяў разам з «Дзядамі» і 25 сакавіка. Але, як і ў кожнай рытуальнай з’яве, форма перамагла сэнс. ЧШ стаў менш «чарнобыльскім» і больш «шляхам»... 
	 Улады прынялі выклік. Пасыл такі: калі апазіцыя «спекулюе» на тэме, то сістэма клапоціцца пра людзей. А калі не пра людзей, то хаця б пра высадку лесу ў забруджанай зоне. «...Ты зразумей, мы сыдзем, ніхто тут нічога рабіць не будзе!» — адзначыў днямі кіраўнік дзяржавы падчас візіту ў Палескі радыяцыйна-экалагічны заказнік. 
Відавочна, што «Бітва за Чарнобыль» будзе працягвацца столькі ж, колькі і грамадскае супрацьстаянне ўнутры краіны.
 
Чарнобыль-86 і COVID-19 
 
	 Нічога не нагадвае? Дакладна як у сітуацыі з каранавірусам. Адно што чарнобыльская эпапея расцягнулася на доўгія дзесяцігоддзі, а тут усё свежае, нядаўна перажытае. 
Вось асноўныя этапы:
1. Каранавірус дабраўся да Беларусі.
2. Людзі пачалі хварэць. Улада кажа: «Віруса няма».
3. Каранавірус робіцца трыгерам незадаволенасці шырокіх масаў. Пытанне становіцца палітычным.
4. За справу бяруцца актывісты, журналісты, недзяржаўныя арганізацыі, палітыкі.
5. З вялікім спазненнем улады ўваходзяць у справу, кіраўнік дзяржавы ездзіць па лякарнях, узнагароджвае дактароў і г. д.
6. Сістэма і грамадства ўваходзяць у зону турбулентнасці, не звязаную з COVID-19. Усім не да таго. Як не да Чарнобыля было ў 1991-м.
	 Цікава, вядома, як каранавірусная тэма будзе выглядаць праз 35 гадоў. Магчыма, ніяк. Кароткім абзацам у Вікіпедыі. Шмат чаго можа адбыцца, а час бяжыць вельмі хутка. Але сэнс той жа самы. 
 
Калі ў грамадстве ўсё ў парадку, то і катастрофы праходзяць па-іншаму 
 
	 Магчыма, ёсць нейкая сувязь паміж пераломнымі эпохамі і такімі катастрофамі. Неўраджай і голад на досвітку сталіншчыны. Чарнобыль на сконе СССР. Цяпер вось каранавірус... Нібы нешта ў прыродзе адчувае ўсе імпульсы і супярэчнасці ў чалавечым асяроддзі і выбухае. 
	 А магчыма, гэта супадзенні. І сэнс у тым, што калі ў грамадстве ўсё ў парадку, то і катастрофы праходзяць па-іншаму. 
Няма сэнсу нешта замоўчваць.
Няма сэнсу шукаць вінаватых.
Няма сэнсу супрацьпастаўляць дзяржаўную, валанцёрскую ці замежную дапамогу.
	 Спадзяюся, мы ўсё ж дажывём да часу, калі Чарнобыль будзе трактавацца выключна як тэхнагенная катастрофа. Каранавірус — як інфекцыя. Кожная чарговая бяда — як агульная. Адна на ўсіх. І нікому не будзе розніцы, хто і на якія грошы вязе ў правінцыйную лякарню маскі або градуснікі. 
 
													
 
																								 
																								 
																								 
																								 
																								