Кампанія «Будзьма беларусамі!» супольна з крамамі «Рагна» і «Мой модны кут» сабрала і перадала ў Мінскую абласную клінічную бальніцу кнігі для пацыентаў, хворых на каранавірус.
Не сакрэт, што тым, хто цяпер трапляе ў бальніцы з хваробаю COVID-19, якая бушуе ў нашай краіне, вельмі цяжка. Чалавек пакутуе на толькі фізічна, але і псіхічна, бо ў сярэднім праводзіць у замкнёнай прасторы ад двух да чатырох тыдняў. Каб падтрымаць людзей, што знаходзяцца ў лякарні, кампанія «Будзьма» з партнёрамі запусціла акцыю «Чытай і здаравей».
У яе межах любы ахвочы мог прынесці кнігі са сваёй хатняй бібліятэкі ў пункты збору — крамы «Мой модны кут» і «Рагна». Дзякуй усім, хто спрычыніўся! Ад моманту абвяшчэння акцыі сабралася салідная колькасць выданняў, якія і былі перададзеныя ў шпіталь. Прапануем на гэтым не спыняцца і працягнуць збор! Далучайцеся да нашай акцыі, прыносьце свае кнігі, а мы будзем перадаваць іх пацыентам лякарняў!
Таксама запрашаем далучыцца да дабрачыннай кампаніі «Дапаможам разам!», скіраванай на дапамогу Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Палова сумы ад кожнай пакупкі будзе пералічаная на патрэбы гэтай установы. Днямі мы ўжо перадалі партыю сродкаў індывідуальнай абароны для персаналу.
Ваша дапамога, дапамога кожнага з нас цяпер патрэбна як ніколі, асабліва тым, каму цяжка самому паклапаціцца пра сябе.