На Беларусі некалькі тыдняў ідзе беcпрэцэндэнтная атака на ўсё беларускае. Кожны дзень даходзяць да нас звесткі аб чарговых ператрусах, арыштах або прысудах па сфабрыкаваных справах. Шмат рэдакцыяў незалежных СМІ і пазаўрадавых арганізацыяў ужо ліквідаваныя. Іншыя стаяць перад такой самай перспектывай.
Мы, ніжэй падпісаныя, выказваем рашучы пратэст супраць рэпрэсій і ліквідацыі такіх заслужаных арганізацыяў, як Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі ПЭН-Цэнтр, Таварыства беларускай мовы, Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Саюз беларускіх пісменнікаў. Усе незалежныя пазаўрадавыя арганізацыі, якія ў сваіх статутных мэтах маюць развіццё культуры, беларускай мовы, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў, маюць права на існаванне.
Цяжка пераацаніць заслугі вышэй названых арганізацыяў, тым не менш нас, беларусаў у Польшчы, непасрэдна закранае перш за ўсё ліквідацыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Гэтае Згуртаванне здаўна дзейнічае на карысць беларусаў па-за межамі Беларусі, арганізуе З'езды беларусаў свету, у якіх заўсёды удзельнічала шматлікая дэлегацыя з Польшчы. Па ініцыятыве ЗБС «Бацькаўшчына» ў Рэспубліцы Беларусь быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа».
Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» заўсёды цікавілася справамі польскіх беларусаў і падтрымлівала нас па меры магчымасцяў. У гэты цяжкі момант прагнем выказаць нашую ўдзячнасць, салідарнасць і веру, што ЗБС «Бацькаўшчына» адродзіцца і надалей будзе працаваць на карысць беларусаў ва ўсім свеце.
Алег Латышонак, Беларускае Гістарычнае Таварыства
Яраслаў Іванюк, Фонд Kamunikat.org
Яўген Вапа, Беларускі Саюз у Польшчы
Марына Ляшчэўская, Фонд Беларусь 2020
Павал Станкэвіч, Фонд Тутака
Уршуля Іванюк, Аб’яднанне АБ-БА
Тамаш Суліма, Аб’яднанне Беларускіх Журналістаў
Марцін Рэмбач, Цэнтр Грамадзянскай Адукацыі Польшча-Беларусь