15 траўня найбуйнейшы збор беларусазнаўчай і эмігранцкай літаратуры беларусаў за мяжой адзначае 50-годдзе!
У 1971 годзе мара, якой тры святары з „беларускай вёскі“ ў раёне Фінчлі на поўначы Лондану – Чэслаў Сіповіч, Леў Гарошка і Аляксандр Надсан – ахвяравалі не адзін год плённай і напружанай працы, урэшце здзейснілася. У той дзень прафесар параўнаўчай філалогіі Оксфардскага ўніверсітэту Роберт Оці не проста ўрачыста адкрыў дзверы ў будынак, якому было наканавана стаць культавым для ўсіх наступных пакаленняў беларускіх даследчыкаў і за мяжой, і ў Беларусі. У той дзень і Беларусь, і беларуская культура, не чакаючы, пакуль ёй зацікавяцца замежныя навукоўцы, сама зрабіла велізарны крок у іхным накірунку, заняўшы свой пачэсны пасад сярод прадметаў і тэмаў даследаванняў у сусветнай славістыцы.
За паўстагоддзя фонды бібліятэкі, якія налічваюць блізу 40 тысяч кніг, старадрукаў і рукапісаў, больш за 200 найменняў падшывак перыёдыкі, больш за сотню рэдкіх мапаў і нават цэлыя архівы, у тым ліку арганізацый беларускай дыяспары, узбагацілі сусветную навуку тысячамі даследаванняў на розных мовах, прасунулі ў кар’еры сотні беларускіх і замежных навукоўцаў, паслужылі грунтам для важных беларусазнаўчых працаў.
Сёння бібліятэка працягвае выконваць сваю непасрэдную функцыю, а таксама з’яўляецца знакавай культурніцкай пляцоўкай для беларусаў Лондану і кожнага, хто здольны ацаніць найвышэйшую вартасць экспазіцыі музейнай часткі Скарынаўкі.
Віншуем бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане з юбілеем! Жадаем, каб фонды надалей папаўняліся, архівы належным чынам апрацоўваліся, а ўдзячныя чытачы з даследчыкамі працягвалі адкрываць для ўсяго свету Беларусь!
Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“