Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва – 60!

Шэсцьдзесят гадоў таму, 9 чэрвеня 1960 года, быў створаны Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ), якому было наканавана да сённяшняга дня зрабіцца адным з найбуйнейшых сховішчаў дакументаў, звязаных з гісторыяй беларускай культуры.

Дзякуючы адданасці беларускай справе, найвышэйшаму прафесіяналізму супрацоўнікаў архіву-музея і асабістаму ўнёску дырэктаркі музея Ганны Запартыкі і намесніцы дырэктаркі Наталлі Гардзіенка, сёння можна не перажываць за лёс асабістых архіваў класікаў беларускай літаратуры, вядомых беларускіх мастакоў і музыкаў, за захаванне старадрукаў, перыядычных выданняў і архіваў іх рэдакцый, за захаванне асабістых мемарыяльных рэчаў знакавых дзеячаў беларускай культуры.

З асаблівым захапленнем і ўвагай мы, Згураванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ставімся да неацэннай працы супрацоўнікаў БДАМЛМ з дакументамі дзеячаў беларусаў замежжа, якая істотна актывізавалася ў апошняе дзесяцігоддзе. З кожным экзэмплярам, які праходзіць праз адмыслова створаны ў архіве-музеі пры падтрымцы ЗБС „Бацькаўшчына“ Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа, адбываецца ўсё большае яднанне беларусаў усяго свету. І ўсведамляць, што ЗБС “Бацькаўшчына“, звяртаючыся да суполак замежжа аб перадачы іх архіваў менавіта ў БДАМЛМ, спрачынілася да гэтай неацэннай працы ў раскрыцці і папулярызацыі праўдзівага аблічча нашай шматстайнай культуры, – вялікі гонар для нас.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына“ сардэчна віншуе ўсіх супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага архіву-музея літаратуры і мастацтва з юбілеем! Зычым вам годна адсвяткаваць гэтую ўрачыстую дату! Хай кожны з вашых супрацоўнікаў застаецца такім жа натхнёным і працаздольным, а плынь архіваў і дакументаў на радасць навукоўцаў робіцца ўсё мацнейшай.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына“


Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва быў створаны пастановай СМ БССР 9 чэрвеня 1960 г. За 60 гадоў свайго існавання стаў адным з найбуйнейшых сховішчаў дакументальных крыніц па гісторыі літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра і музыкі Беларусі. Налічвае 520 фондаў і калекцый, створаных на аснове асабістых архіваў дзеячаў літаратуры і мастацтва, а таксама дакументаў творчых саюзаў, выдавецтваў, тэатраў, рэдакцый часопісаў і газет, Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні, кінастудыі “Беларусьфільм”, Белдзяржфілармоніі, Беларускай акадэміі музыкі і інш.

Адну з самых каштоўных частак Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь складаюць асабістыя архівы пісьменнікаў А.Адамовіча, А.Бабарэкі, Я.Брыля, Г. Бураўкіна, М.Гарэцкага, В.Быкава, К.Каганца, У.Караткевіча, А.Куляшова, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова, І.Мележа, Я.Пушчы, М.Танка, І.Шамякіна; кампазітараў А.Багатырова, Г.Вагнера, Я.Глебава, В.Залатарова, Ю.Семянякі; Я.Цікоцкага, М.Чуркіна; акцёраў і рэжысёраў Г.Абуховіч, А.Кістава, А.Клімавай, Г.Макаравай, П.Малчанава, Б.Платонава, К.Саннікава, С.Станюты, У.Уладамірскага, Р.Янкоўскага; спевакоў Л.Александроўскай, І.Балоціна, С.Друкер, М.Забэйды-Суміцкага, Р.Млодак; мастакоў і скульптараў І.Ахрэмчыка, В.Волкава, А.Глебава А.Грубэ, А.Кашкурэвіча, А.Марыкса, С.Селіханава, А.Тычыны і многіх іншых.

У апошнія дзесяцігоддзі фонды архіва-музея актыўна папаўняюцца дакументамі дзеячаў беларускай культуры, якія жылі і жывуць у замежжы. Да ўвагі даследчыкаў фонды А.Алехніка, А.Салаўя (Аўстралія), Ю.Вітан-Дубейкаўскай (Германія), Н.Арсенневай, Ю.Віцьбіча, У.Дудзіцкага, Я.Запрудніка, М.Кавыля, В. і З.Кіпеляў, В. Тумаша, Беларускага інстытута навукі і мастацтва (ЗША), Б.Белаказовіча, А.Мірановіча, Ю.Туронка, С.Яновіча, (Польшча), Я.Шведзюка (Велікабрытанія), А.Кавалюк, А.Каўкі, І.Ласкова і інш. (Расія), В. Целеша (Латвія) і інш.

Архіў-музей захоўвае рарытэты, датаваныя ХІХ – пачаткам ХХ ст. Гэта рукапіс другой часткі “Беларускага архіва старажытных грамат”, падрыхтаваны І.Грыгаровічам (1825); рукапісная “Беларуская хрэстаматыя” 1889 г., якую “сабраў і ўлажыў Браніслаў Эпімах-Шыпіла”; запісная кніжка сям’і Кастравіцкіх з аўтографамі паўстанцаў 1863 г.; мастацкія работы Каруся Каганца; біяграфічныя дакументы Цёткі; рукапісны часопіс беларускіх студэнтаў-народавольцаў “Гоман” (1884); ліст М.Шагала свайму настаўніку Ю.Пэну з Парыжа (1927–1928) і іншыя дакументы.

Сярод многіх унікальных кніг і выданняў, якія захоўвае архіў-музей – газеты “Наша доля”, “Наша ніва”, “Вольная Беларусь”, “Звон”; часопісы “Маладняк”, “Узвышша”; стараабрадная перадрукоўка Псалтыры 1645 г., выкананая ў 1849 г., восем выданняў (пачынаючы з 1898 г.) паэмы “Тарас на Парнасе”, першыя выданні твораў М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, кнігі В.Ластоўскага, Я.Лёсіка і многія іншыя.

Музейны фонд архіва налічвае каля тысячы прадметаў, асноўную частку якога складаюць мемарыяльныя рэчы дзеячаў літаратуры, культуры, мастацтва: фалерыстыка, народныя строі, мастацкія працы, музычныя інструменты, гадзіннікі, вырабы з дрэва, посуд, пісьмовыя прылады. Сярод іх асабістыя рэчы Б.Тарашкевіча, М.Гарэцкага, А.Бабарэкі, У.Дубоўкі, К.Буйло, У. Уладамірскага, мастацкія працы А. Кашкурэвіча, С.Селіханава, М. Дучыца, А.Тычыны, музычныя інструменты В.Яфімава, М.Шнэйдэрмана, В.Скорабагатава.

Архіў-музей стварае тэматычныя і персанальныя выставы, выдае дакументальныя зборнікі, рыхтуе археаграфічныя публікацыі, удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, цесна супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі музеямі, бібліятэкамі, архівамі. З 2001 г. ладзяцца літаратуразнаўчыя “Узвышаўскія чытанні”, з 2003 г. – архівазнаўчыя “Архіўныя чытанні”.

Для карыстальнікаў дакументаў БДАМЛМ працуе чытальная зала, у якой для аператыўнага пошуку неабходнай інфармацыі прапануюцца каталогі (у тым ліку электр.), вопісы, даведнікі і інш.

Кантактныя тэлефоны:
327–47–81 – дырэктар Запартыка Ганна Вячаславаўна,
327–25–00 – нам. дырэктара Гардзіенка Наталля Сяргееўна,
327–11–88 – заг.аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Іванова Таццяна Вадзімаўна.

Электронная пошта: bdamlim@tut.by