Гэтай вясной Павел Севярынец атрымаў сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Падчас шматдзённага судовага працэсу ён прынцыпова маўчаў. Толькі ў сам дзень абвяшчэння прысуду, калі ў будынак урэшце пусцілі журналістаў і сваякоў, «завёў» залу, стоячы за кратамі: «Верым! Можам! Пераможам!». Маўчаў ён і да суда, адмаўляючыся даваць паказанні на допытах. А калі ў яго запатрабавалі адказу, то заявіў: «Я ўжо ўсё сказаў у сваіх кнігах».
Як пісалася гэтая кніга?
Кніг у Паўла, і праўда, шмат. Галоўная з іх – «Беларусалім». Тры часткі рамана, у якім зло і дабро змагаюцца за Беларусь і ў сэрцах саміх беларусаў. Павел пісаў гэтую кнігу пятнаццаць гадоў, з 2005-га па 2020-ы.
Зрэшты, яна магла да нас і не дайсці.
Умовы, у якіх ствараўся раман, былі самыя розныя: СІЗА КДБ; «хімія» ў Малым Сітна, дзе Павел адбываў першае пакаранне; затым, праз некалькі гадоў, – «хімія» ў Купліне. Вядома, усё пісалася ад рукі, на аркушах паперы, у адным асобніку. Аднойчы, пры чарговым ператрусе, увесь чарнавік рамана – сотні старонак – канфіскавалі. Здавалася, кніга згубленая. Але, пасля міжнароднага заступніцтва, улады ўсё-такі вярнулі рукапіс.
Другі раз канфіскоўвалі, калі Павел сядзеў на Акрэсціна. «Рукапіс забралі, нягледзячы на мае пратэсты, – пісаў Павел у заяве ў Генеральную Пракуратуру. – У той жа дзень я напісаў заяву на імя начальніка ЦІП, якую перадаў дзяжурнаму на праверцы. Адказу на сваю заяву я так і не атрымаў. Больш таго, на наступнай праверцы супрацоўнікі ЦІП дэманстратыўна раскідалі аркушы белай паперы з маіх рэчаў па ўсёй камеры і патапталіся па іх ботамі».
Аддалі канфіскат (цалкам нечакана) толькі падчас наступнай Паўлавай адсідкі.
Другая частка рамана «Беларусалім», якая называецца «Сэрца святла», была надрукаваная ў чэрвені 2020 года. Прэзентацыя прайшла без аўтара. На той час Павел ужо амаль месяц як знаходзіўся ў турме.
Пра што «Беларусалім»?
Перадусім гэты раман – пра беларусаў і іх гістарычнае пакліканне. Хрысціянскае бачанне свету мае на ўвазе, што гэты свет не бессэнсоўны. Ён – рацыянальны. Усё, што створана, створана для нечага, мае мэту, і ва ўсім ёсць сэнс. Праз свой раман Павел асэнсоўвае пакліканне беларускага народа і дзеліцца разуменнем гэтага паклікання.
Яшчэ гэта кніга пра закаханасць у Бога і пяшчотную любоў да Беларусі. «Закаханасць у Бога?» — здзівіцца хтосьці. Так. Гарачая, эмацыйная закаханасць, што прыходзіць да любога чалавека, які перажывае «сустрэчу з Богам». Кожны вернік ведае, што патлумачыць гэты стан настолькі ж складана, як патлумачыць, што такое першае каханне таму, хто ніколі ні ў каго не закахаўся.
«Беларусалім» — кніга пра тое, якой бы Павел хацеў бачыць беларускую рэвалюцыю духу, нацыянальнае і хрысціянскае абуджэнне народа. Пра тое, якімі шляхамі да нас можа прыйсці перамога. Зрэшты, шлях толькі адзін, падабаецца гэта каму ці не. Без следавання гэтым шляхам усё, што робіць чалавецтва, заўсёды, без выключэнняў, пераўтваралася ў вычварэнне.
Чым раман адметны?
Бываюць кнігі, якія пішуцца «па гарачых слядах». А гэтая напісаная яшчэ да таго, як самі сляды з’явіліся.
Натоўпы людзей у светлых вопратках і чорнае адзенне карнікаў; званы́ катэдральнага касцёла, які вітае шматтысячнае шэсце пад БЧБ; дваровыя мерапрыемствы; сутычкі з ОМОНам; катаванні зняволеных і смерць у турэмных камерах; канспірацыя, ліхтарыкі (у кнізе — свечкі) у вечаровых вокнах дамоў; слова «беларусы», якое вучыць Еўропа. Актыўны ўдзел цэркваў ва ўсім Беларуху. Вялікія гарады і маленькія мястэчкі абуджаюцца. Лідары гэтага абуджэння, каб пазбегчы арышту, вымушаны эміграваць у Вільню… Усё, што мы перажылі са жніўня 2020-га, – у кнізе, якая выйшла ў чэрвені 2020-га.
Павел у сваім лісце з Валадаркі пісаў мне, што для яго самога гэта быў раман-адкрыццё. «Карціны, якія ажываюць – гэта не “вылічанае” прадбачанне: улетку-увосені 2020 мяне самога агаломшылі дзясяткі супадзенняў».
Пішучы, аўтар глядзеў у сэрца народа. Прычым народ для яго — не проста «насельнікі Рэспублікі Беларусь», а нашмат шырэй: усе тыя, хто жыў тут ад пачатку пісьменнасці і дзяржаўнасці.
Падзеі ў рамане – гэта перапляценне евангельскай гісторыі з гісторыяй Беларусі. І цячэнне гэтай гісторыі мацнейшае за саміх герояў. Кожны з іх застаецца вольным у сваім асабістым выбары, ад кожнага з іх залежыць, што яны абяруць: Святло альбо Цемру. Героі вызначаюць хаду кніжнага наратыву. Але ніхто і нішто не можа змяніць хаду наратыву гістарычнага. Над усім ёсць Бог, і Ён – адзіны сапраўдны творца гісторыі.
Чаму «Беларусалім» трэба прачытаць?
Вось тры пункты (вядома, іх больш), якія я адзначыў для сябе:
1. Кніга, якая не пакідае раўнадушнай. Яе будуць альбо ганіць, альбо хваліць. Прамаўчаць пра яе вельмі складана.2. Надзвычай якасная, жывая мастацкая проза.
3. Раман натхняе задумацца пра Бога.
За першую кнігу Паўла Севярынца некаторыя крытыкавалі, што надта ўжо там выразна ўсё падзеленае на чорнае і белае. Маўляў, у жыцці так не бывае, павінна быць і пяцьдзясят адценняў шэрага. Наш час, які абвастрыў кантрасты, паказвае, што на гістарычных пераломах, калі святло ззяе асабліва зырка, шэрае знікае.
Чаго чакаць далей?
Перадусім, чакаем вызвалення Паўла Севярынца з турмы.
Пасля гэтага – выхаду трэцяй, фінальнай часткі «Беларусаліму». Яна ўжо дапісаная. На «Валадарцы» аўтар увесь апошні год працаваў над рэдактурай тэкста.
Чакаем, безумоўна, што прыйдуць перамены.
Чакаем, што раман будуць чытаць, і гэтыя перамены стануць больш трывалымі.
І зусім не без падстаў чакаем, што гэты раман у нашай нацыянальнай літаратуры застанецца вельмі надоўга. А можа, і на столькі часу, колькі беларуская літаратура будзе існаваць.