БАЗА і Bortnik Fund for Belarus назвалі мецэнаткай году Марыю Дзямковіч

Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) сумесна з Bortnik Fund for Belarus ушанавала харытатыўную дзейнасьць нашай зямлячкі Марыі Дзямковіч ганаровым тытулам “Мэцэнатка года”.

“Галоўная управа БАЗА выказвае Вам шчырую падзяку за Вашу актыўную беларускую грамадзкую дзейнасьць на працягу цэлага Вашага жыцьця ў Амэрыцы, - гаворыцца ў Ганаровым лісьце. - Будучы далёка ад Бацькаўшчыны, Вы захавалі любоў да сваіх каранёў, да роднай мовы і культуры. Нягоды і пакуты, якія перажыў і перажывае народ Беларусі, адгукаюцца ў Вашым сэрцы. Як лекарка, Вы былі адной з тых першых замежных беларусаў, хто пачаў аказваць дапамогу пацярпелым ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Жадаем Вам добрага здароўя і сілаў працягваць надалей жыць жыцьцём сапраўднай беларускай патрыёткі, адданай дачкі свайго народа."

Сп. Дзямковіч нарадзілася ў сялянскай сям’і на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пры канцы Другой сусьветнай вайны сям’я пераехала ў Польшчу. Лёс сям'і Марыі Дзямковіч падчас вайны стаў адной з сюжэтных ліній рамана "Пакутны век" пісьменьніка Васіля Якавенкі.

Працавала дзіцячай доктаркай. За сваю працу атрымлівала ўзнагароды ад Міністэрства аховы здароўя ПНР.

Ад 1970 г. у ЗША. Жыла і працавала доктарам у Пітсбургу, потым пераехала пад Вашынгтон.

Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭСнеаднойчы выступала ініцыятарам навукова-мэтадычнай і матэрыяльнай дапамогі Беларусі[2]. На пачатак 1992 г. пераслала ў Беларусь мэдыкамэнтаў на суму больш, чым 100 тысяч даляраў[3]. Арганізавала наведваньне Беларусі амэрыканскай дэлегацыяй мэдыкаў на чале з прафэсарам Пітсбургскага ўнівэрсытэту Томасам Фолі. Дзякуючы актыўнай дапамозе Марыі Дзямковіч і беларускай грамады ЗША, яму ўдалося атрымаць грант на 240 тысяч даляраў дзеля супрацоўніцтва паміж амэрыканскімі і беларускімі лекарамі, што спэцыялізуюцца ў мэдычнай радыялёгіі.

Атрымала шматлікія лісты падзякі ад амбасадараў і міністра замежных справаў Беларусі, Генэральнага сакратара ААН Бцтраса Бутраса-Галі.

Многія гады падтрымлівала газэту “Беларус”, а таксама шматлікія дабрачынныя арганізацыі ў ЗША, у тым ліку Bortnik Fund for Belarus. Уздымала беларускае пытаньне на сустрэчах з прэзыдэнтамі ЗША Бушам (старэйшым) і Клінтанам.

Сёлета сп. Дзямковіч адсьвяткавала 91-годдзе.

Паводле Вячаслава Бортніка