20 жніўня Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" атрымала ліст з Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь з прапановай да ўпаўнаважанага прадстаўніка Згуртавання 25 жніўня з'явіцца на гутарку ў парадку падрыхтоўкі да судовага разбіральніцтва. Такім чынам, стала вядома, што Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь на позву Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь узбудзіў справу аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".
Аказваецца, Міністэрства юстыцыі пастанавіла, што ад 15 ліпеня 2021 г. кіруючы і кантрольна-рэвізійны органы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" з'яўляюцца нелегітымнымі, а 27 ліпеня 2021 г. Міністэрства нават выключыла інфармацыю адносна кіраўніка "Бацькаўшчыны" з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных праддпрымальнікаў. Прычына – перанос VIII З'езду беларусаў свету на наступны год праз абмежаванні, накладзеныя сусветнай каранавіруснай пандэміяй, за які прагаласавала Вялікая Рада ЗБС "Бацькаўшчына".
Пры гэтым рашэнне аб пераносе з’езду прымалася пасля кансультацый з Мінюстам: якім чынам правесці гэтую працэдуру, каб не парушыць ні заканадаўства, ні Статут. Менавіта Мінюст пацвердзіў, што Вялікая Рада мае ўсе паўнамоцтвы прыняць такое рашэнне, пасля чаго пытанне пераносу было вынесенае на пісьмовае галасаванне сябрам Вялікай Рады.
Нагадаем, што яшчэ раней цягам пазапланавай праверкі Згуртавання "Бацькаўшчына", распачатай Мінюстам у першай дэкадзе ліпеня, арганізацыя атрымала два папярэджанні:
– першае – за не выкладзеную на сайт zbsb.org, але дасланую ў Мінюст справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова;
– другое – за тое, што ў перыяд з 14 да 22 ліпеня "Бацькаўшчына" не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў.
Ліквідацыя парушэнняў не ўяўлялася магчымай праз тое, што ранкам 14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус, пасля чаго памяшканне было апячатана Следчым камітэтам. Да гэтага часу невядома, што менавіта было сканфіскаванае на офісе Згуртавання. Сёння, 20 жніўня арганізацыя атрымала адказ ад Следчага камітэту, з якога вынікае, што ў дачыненні да Згуртавання распачата справа «па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК».
Нагадваем, што МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” было створанае ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і працавала ўсе гэтыя гады, каб кансалідаваць беларусаў у краіне і па-за яе межамі дзеля развіцця Беларусі. Згуртаванне ладзіла мерапрыемствы і акцыі, скіраваныя на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці праз выхаванне павагі і паглыбленне ведаў пра родную мову, культуру, гісторыю; паслядоўна выступала ў абарону правоў і інтарэсаў беларусаў замежжа. Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон “Аб беларусах замежжа”, а з’езды беларусаў свету “Бацькаўшчыны” сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.
Інфармаыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"