Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” накіравала ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь прапановы ў дзяржаўную праграму “Беларусы ў свеце” (2021–2025 гг.). Да працы над гэтым дакументам Згуртаванне прыступіла на просьбу МЗС у часе сёлетняга пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.
У аснову дакумента пакладзеныя прапановы дыяспары, агучаныя на з’ездах беларусаў свету, а таксама аналіз паспяховага досведу іншых унітарных краінаў у галіне двухбаковага супрацоўніцтва са сваімі дыяспарамі.
Прапановы складаюцца з немалой колькасці пазіцый і ахінаюць шырокі спектр прыярытэтных накірункаў супрацоўніцтва з дыяспарай: ад спосабаў вызначэння патэнцыялу беларусаў замежжа і стратэгій пабудовы даверу паміж беларусамі замежжа і беларускай дзяржавай, да стварэння ўстойлівых механізмаў прыцягнення дыяспары да развіцця Рэспублікі Беларусь. Рэалізацыя палажэнняў, выкладзеных у прапановах, прадугледжвае стварэнне профільных грамадскіх і дзяржаўных структур, аказанне на сталай аснове арганізацыйнай і юрыдычнай дапамогі ўсім зацікаўленым у супрацоўніцтве з кожнага боку. Адны з самых важных пунктаў прапановаў прысвечаыны стварэнню механізмаў фінансавага ўдзелу беларусаў замежжа ў дзяржаўных і недзяржаўных праектах беларускіх арганізацый, а таксама паглыбленню інтэлектуальнага супрацоўніцтва са спецыялістамі – прадстаўнікамі дыяспары.
Асаблівая ўвага ў дакуменце надаеца захадам, скіраваным на захаванне і паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа.
Разам з гэтым відавочна, што без наўпростых заўваг тых, хто непасрэдна зацікаўлены ў развіцці стасункаў Беларусі і беларускай дыяспары, гэтыя прапановы не могуць прэтэндаваць на поўны ахоп усіх наяўных праблемаў. Таму мы заклікаем прадстаўнікоў беларускага замежжа ўважліва азнаёміцца з тэкстам падрыхтаванага намі дакумента і скіроўваць свае заўвагі на адрас zbsb.minsk@gmail.com
Прачытаць і спампаваць тэкст дакумента можна націснуўшы на гэтую спасылку.
Дакумент грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законе “Аб беларусах замежжа”, Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця краіны на перыяд да 2035 года, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі, а таксама міжнародных дамовах і пагадненнях нашай краіны.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”