26 красавіка 1986 года на чацвёртым энэргаблоку Чарнобыльскай АЭС адбылася буйная аварыя. Больш за 70% радыёактыўнага пылу выпала на тэрыторыю Беларусі. Найбольш пацярпелі Гомельская і Магілёўская вобласці. У зоне высокай забруджанасці апынуліся больш за 2,2 млн чалавек, амаль пятая частка жыхароў Беларусі. Дапамогу пацярпелым ускладняла пазіцыя цэнтральных і рэспубліканскіх савецкіх уладаў. Інфармацыя захоўвалася ў строгай тайне ад грамадства.
Адным з першых, хто ўсвядоміў памеры катастрофы і яе наступстваў і небяспекі для жыхароў Беларусі, быў беларускі пісьменнік і публіцыст Алесь Адамовіч. Ён пісаў: “У гісторыі нашай XX стагоддзя былі тры пагрозы генацыда: сталінскі, гітлераўскі, а цяпер вось – ядзерна-чарнобыльскі. Перад сталінскім мы былі разгубленыя. Не верылі, што “свае” гэта могуць. Таму і цела, і душа была растаптана. Перад гітлераўскім мы аб’ядналіся, і хоць цярпелі страты, але душу збераглі. І вось цяпер: супраць чарнобыльскага атама і той сістэмы, якая стала сімвалам яе – камуністычнай. І аб’яднаць нас супраць “атама” можа толькі маналітнае супрацьстаянне сістэме. Толькі пазбавіўшыся ад яе, мы выжывем.”
І той арганізацыяй, якая спрабавала супрацьстаяць сістэме, стаў Беларускі народны фронт “Адраджэнне”. БНФ праводзіў чарнобыльскія і экалагічныя акцыі, мітынгі, паездкі ў забруджаныя раёны, жалобныя набажэнствы, распаўсюджвалася праўдзівая інфармацыя аб выніках чарнобыльскай катастрофы.
30 верасня 1989 года ў Мінску адбыліся народнае шэсце і мітынг “Чарнобыльскі шлях”. Пасля шэсце пачало праводзіцца кожны год у дзень выбуху на атамнай станцыі – 26 красавіка. На Беларусі, як адзначаў А.Надсан, з’явілася новая “Памятка дзён”, якая чорнай хмарай вісіць над усёй нашай краінай. Імя гэтай “Памяткі” – Чарнобыль.
У красавіку 1998 года быў створаны Камітэт БНФ “Дзеці Чарнобыля” (старшыня Генадзь Грушавы), а праз два гады быў афіцыйна зарэгістраваны Беларускі дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля”. Былі зроблены звароты да міжнароднай супольнасці і ў краінах пачалі стварацца грамадскія арганізацыі дапамогі пацярпелым рэгіёнам.
У 1989 годзе ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана пры Беларускай каталіцкай місіі быў арганізаваны Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі – Byelorusisan Radiation Relief Appeal. Для збору сродкаў выкарыстоўваўся Фонд беларускай місіі (Byelorussian Mission Trust, Charity Reg. No 295752). У склад Камітэту ўвайшлі сябры ЗБВБ і Англа-беларускага таварыства, у тым ліку Джым Дынглі (сакратар), Янка Міхалюк, Вера Рыч, Павал Асіповіч, Міхась Баяроўскі і іншыя. Старшыней камітэту быў абраны айцец Аляксандр Надсан. Камітэт меў сваіх прадстаўнікоў у ЗША (айцец Язэп Сіру, настаяцель царквы Хрыста Збавіцеля ў Чыкага), у Канадзе (Раіса Жук-Грышкевіч), у Аўстраліі (Міхась Лужынскі) і ў Францыі (Міхась Наўмовіч).
Неабходнасць стварэння камітэту а.Аляксандр адзначыў у сваім артыкуле “Наш боль... Наш доўг...”, які бы надрукаваны ў “Весьніку Беларускага Каталіцкага Душпастырства”, а таксама ў выглядзе асобных улётак на беларускай, ангельскай і французскай мовах ад 12 лістапада 1989 года.
Вось некаторыя вытрымкі з гэтага артыкула: “На долю беларусаў выпала шмат цяжкіх выпрабаванняў. Колькі разоў, здавалася, яны стаялі на краі згубы. Тое, што, нягледзячы на ўсё, яны выжылі, сведчыць аб вялікай духоўнай сіле нашага народу. Крыніцу гэтай сілы напэўна трэба шукаць у глубокіх карэннях, якімі беларусы звязаны са сваёй роднай зямлёй, аб якой так хораша напісаў Якуб Колас:
Зямля ня зьменіць і ня здрадзіць
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей сваіх не кіне,
Зямля – аснова ўсёй айчыне.
Што б сказаў паэта, калі б ён жыў сёння?.. Зямля ня здрадзіла. З ёй сталася няшчасьце, яе зьнявечылі, імя гэтага няшчасьця – Чарнобыль...”
Адной з галоўных формаў дзейнасці камітэту сталі збор сродкаў, набыццё і дастаўка ў Беларусь неабходных лекаў і лекарскіх прыладаў, арганізацыя сувязі са шпіталямі і пацярпелымі рэгіёнамі.
Водгук на заклік у справе Чарнобыля быў вельмі добры. Ужо ў студзені 1990 года на рахунку было каля 5000 фунтаў. Першы раз з гуманітарнай дапамогай айцец А.Надсан прыехаў на Беларусь у сакавіку 1990 года. Галоўнай мэтай было пазнаёміцца з дактарамі, наведаць медыцынскія ўстановы, атрымаць спісы неабходных лекаў, пабачыць на ўласныя вочы становішча пасля Чарнобыльскай катастрофы. Паколькі айцец Аляксандр ехаў цягніком, гуманітарны груз быў невялікі: 6 пакетаў лекарскіх прыладаў (3000 шпрыцоў аднаразавага карыстання, 100 прыбораў для пералівання крыві, на агульную суму 268 ангельскіх фунтаў, дадаткова 16 банак мульцівітамінаў. Лекі былі перададзены ў 1-ую клінічную бальніцу (гематалагічнае аддзяленне) і ў НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Сустрэчы ў шпіталях дапамагалі арганізаваць прадстаўнікі БНФ “Адраджэньне”. А.Надсан пазнаёміўся з Вольгай Алейнікавай (дзіцячы рэспубліканскі гематалагічны цэнтр), з доктарам Віталём Паўленка (дзіцячая анкалогія, Бараўляны), размаўляў з хворымі дзецьмі, з медыцынскім персаналам у шпіталях, атрымаў спісы неабходных лекаў і лекарскіх прыладаў.
Па звароту ў Вялікабрытанію інфармацыя пра Чарнобыльскую трагедыю і працу Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі прагучала па тэлебачанню ў Лондане, адпаведныя матэрыялы былі надрукаваны ў шэрагу часопісаў і газет, як “The Sunday Times”, “Hendon and Finchley Times”, “The Tablet”, “New Scientisn”, “Nursery World”, “Catholic Family”.
Сярод публікацый адзначым артыкулы, якія былі падрыхтаваны сябрам Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі брытанскай журналісткай Верай Рыч: Vera Rich “Concern grows over health of Chernobyl children” (“New Scientist”, 21 april 1990), Walter Ellis, Vera Rich, James Blits “The Truth about Chernobyl” (“The Sunday Times”, 29 april 1990). У публікацыях былі змешчаны здымкі, якія былі зроблены ў гематалагічным цэнтры і НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Артыкул пра візіт айца А.Надсана і яго здымак у гематалагічным цэнтры былі надрукаваны і ў Беларусі ў тыднёвіку ЛІМ (30.III.1990).
Інфармацыйная дзейнасць Камітэту спрыяла збору ахвяраванняў і ужо на 26 мая 1990 года было сабрана 11609,60 ангельскіх фунтаў.
Сярод ахвярадазцаў сустракаюцца грамадскія арганізацыі і прыватныя асобы. Першымі былі Англа-беларускае Таварыства, Згуртаванне Беларусаў Вялікай Брытаніі, Беларуская каталіцкая місія, Беларуская каталіцкая царква Пятра і Паўла, Праваслаўная царква Св. Ефрасінні ў Лондане. Сярод прыватных асоб выступалі і самі сябры Камітэту: Аляксандр Надсан, Раіса Жук-Грышкевіч, Вера Рыч, Міхась Наўмовіч і інш. 3560 фунтаў сабраў сябра Камітэту Міхась Баяроўскі ў сваім асяроддзі. Сярод першых ахвярадаўцаў былі вядомыя дзеячы беларускага замежжа Янка Запруднік (ЗША), Нікадзім Жызнеўскі (ЗША), Лявон Шыманец (Францыя), Свецік Каржанеўскі (Аўстралія) і многія іншыя.
Пачалася падрыхтоўка да першага транспарта ў Беларусь. Камітэт усталяваў кантакты з кампаніяй, якая займалася пастаўкай медыцынскага абсталявання і лекаў за межы Вялікабрытаніі – ECHO (Equipment to Charity Hospitals Overseas). Кампанія падбірала лекі згодна замовам, прапаноўвала лекі і абсталяванне па нізкім кошце, пакавала і вырабляла інвойсы для мытні па існуючым патрабаванням.
24 ліпеня 1990 года з Лондану ў Беларусь адправіўся першы транспарт ад Камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі – 1,5 тоны медыкаментаў, які суправаджалі а. Аляксандр Надсан, Міхась Баяроўскі і былы вучань школы-інтэрнату імя Кірылы Тураўскага Эдвард Уолш. Запрашэнне было падпісана Саюзам кінематаграфістаў БССР і камітэтам “Дзеці Чарнобыля”. Вялікая колькасць медыцынскага абсталявання на суму 27267,46 фунтаў было атрыманат ад айца Патрыка Махоні (Patrick O’Mahony), прыхода царквы Божай Маці з Саліхула. Айцец Патрык быў добра вядомы за сваю дабрачынную дзейнасць у краінах трэцяга свету. Акрамя таго, у кампаніі ECHO былі закуплены вітаміны і шпрыцы на суму 926,90 фунтаў і прэпараты супраць лейкеміі на суму 3475,74 фунтаў, такім чынам агульны кошт гуманітарнага грузу быў 31670,10 фунтаў (не улічаны транспартныя выдаткі, паліва, паром).
Разам з айцом Янам Матусевічам сябры Камітэта наведалі чарнобыльскія рэгіёны, пабывалі ў шпіталях Гомеля і Хойнікаў. Інфармацыя аб падарожжы нават трапіла ў часопіс “За безопасность движения”, № 12, 1990 год.
Лекі былі размеркаваны ў Мінскі гематалагічны цэнтр, НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, шпіталі Гомеля і Хойнікаў.
Арганізацыю далейшых транспартаў з лекамі і суправаджэнне дабрачыннага грузу ўзяў на сябе айцец Аляксандр Надсан, які таксама фінансаваў выдаткі на паліва, страхаванне і арэнду аўтамабіляў.
Наступный транспарт адправіўся ў Беларусь у снежні 1990 года. Разам з айцом А.Надсанам груз суправаджалі Е.Міхалюк і В.Мартынчык. Агульны кошт па інвойсу 10971,96 ангельскіх фунтаў. У Бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лондане захаваліся справаздачы аб атрыманні лекаў і абсталявання, якія падпісаны дактарамі В.Алейнікавай (Мінск, Рэспубліканскі гематалагічны цэнтр), А.Тарасевічам (Хойніцкая цэнтральная раённая бальніца) і доктарам Шуміхінай (Гомельская бальніца). Груз таксама ўключаў калядныя падарункі дзецям, якія раздаваліся ў шпіталях.
Чацверты транспарт з лекамі па запрашэнні Беларускага народнага фронту “Адраджэнне” быў накіраваны ў Беларусь у траўні 1991 года, агульны кошт 13.523,74 ангельскіх фунтаў.
Камітэт выпускаў інфармацыйныя матэрыялы і ўлёткі на англійскай і французскай мовах, у 1990–1994 гадах выдаваўся інфармацыйны бюлетэнь “Chernobyl in Byelorussia”. Прадаўжаліся і публікацыі Веры Рыч ва ўплывовых брытанскіх выданнях; “Treft of Chernobyl Data” (“The Lancet”, Sept. 22, 1990); “The Forgotten Children of Chernobyl” (“Nurcery World”, Dec. 13, 1990); “Bielarus Political Fallout from Chernobyl” (“The Lancet”, Feb. 22, 1992).
Пра дзейнасць Камітэту яскрава могуць сведчыць наступныя лічбы: у першыя гады яго дзейнасці выдаткі на набыццё лекавых сродкаў склалі амаль 22 тысячы ангельскіх фунтаў. Па замове беларускіх дактароў быў набыты апарат ультрагуку. Тысячу фунтаў на гэтую справу выдаткаваў сябра Камітэта Міхась Наўмовіч. У 1992 годзе былі арганізаваны два транспарты з лекамі ў Беларусь – у студзені (гэта быў ужо пяты па ліку канвой, агульны кошт па інвойсу 8970,46 фунтаў) і шосты ў чэрвені (кошт 7970,00 фунтаў). Гуманітарныя грузы перадаваліся ў шпіталі Гомеля, Хойнікаў, Брагіна, Мінска і Магілёа.
У якасці кіроўцаў аўтамабіляў з гуманітарным грузам выступалі сябры ЗБВБ Сяргей Дзейка, Тодар Жынгель, Язэп Мошчык, Андрэй Тэста. У складзе канваіраў гуманітарнага грузу Беларусь наведаў Святаслаў Каржанеўскі з Аўстраліі.
У вандроўцы па пацярпелых раёнах а.Аляксандра суправаджалі Валеры Буйвал і аўтарка гэты радкоў. У сакавіку 1993 года ў нашу краіну зноў прыйшоў канвой з гуманітарнай дапамогай, агульны кошт 8432,00 фунты. Перадусім гэта былі лекі супраць лейкозных захворванняў, антыбіётыкі, вітаміны, лекарскія прылады. Гэта быў ужо сёмы прыезд айца Аляксандра Надсана на Беларусь. Дабрачынны груз быў перададзены шпіталям Гомеля і Магілёва. Прыёмам гасцей у Магілёве і арганізацыяй праграмы кіравала старшыня Камітэта БНФ “Дзеці Чарнобыля” у Магілёве Наталля Рослава. Айцец Аляксандр захапляўся яе актыўнай дзейнасцю, грамадзянскакй пазіцыяй і шкадаваў, што вельмі рана яе не стала. У Магілёве госці наведалі дзіцячую траўматалогію, радзільны дом, гарадскі шпіталь, дзіцячую бальніцу, эндакрыналагічнае аддзяленне. Былі арганізаваны сустрэчы з дактарамі і мясцовай адміністрацыяй.
На жаль, у іншых гарадах і рэгіёнах часам арганізаваць сустрэчы з дактарамі было вельмі складана. Дырэктары шпіталя адмаўляліся ад лекаў і вітамінаў, дзіцячыя дамы не пускалі без дазволу вышэйшай інстанцыі, асабліва, калі было вядома, што дапамога ідзе праз БНФ.
Аляксандр Тамковіч у кнізе “Філасофія дабрыні” адзначаў: Часам складаецца ўражанне, што дзяржаве патрэбна толькі тое, што робіцца выключна з яе ўдзелам. Усё іншае – “варожая дзейнасць”, так званай “пятай калоны”. Нават калі “варожая дзейнасць” накіравана на дапамогу людзям. Існуючая ўлада любымі спосабамі перашкаджала грамадзянскай супольнасці дапамагаць тым, хто жыве ў забруджаных рэгіёнах. Можна прывесці стос прыкладаў, калі чыноўнікі прымушалі людзей адмаўляцца ад таго, што даюць ім не яны. Не шкадавалі нават дзіцячыя дамы, куды не пускалі “апазіцыйныя лялькі” і ежу, а ў бібліятэкі і школу – кнігі”. Ірына Грушавая ўспамінала, што першы сакратар Хойнікскага райкома партыі ў мясцовай газеце пісаў “Ездят тут всякие иностранцы, вынюхавают, заразу привозят…”, а часам чуліся словы: “хіба магчыма прасіць дапамогу на захадзе, яны ж фашысты, палілі нашы вёскі...”
У “фашысты” беларуская прэса запісала і айца Аляксандра Надсана, падкрэсліваліся яго сувязі з апазіцыйным народным фронтам.
Менавіта гэтым часам нарадзілася думка стварыць у Беларусі непалітычную дабрачынную партнёрскую арганізацыю, якая б дапамагала развязваць пытанні, звязаныя з гуманітарнай дзейнасцю. У 1993 годзе, 26 красавіка, на сёммыя ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы з бласлаўлення айца Аляксандра Надсана ў Менску быў створаны “Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння “САКАВІК”, старшынёй якога я з’яўляюся да гэтага часу.
Ідэя стварэння арганізацыі і майго ў ёй удзелу якраз прыйшла ў часе маіх вандровак па Беларусі з айцом Аляксандрам. Мы лічылі, што аўтарытэт майго дзеда, народнага паэта Якуба Коласа, будзе спрыяць у вырашэнні складаных пытанняў, у барацьбе за будучыню нашых дзяцей.
Справа ў тым, што дабрачынныя арганізацыі, акрамя дапамогі сотням тысяч, ператваралі людзей з пакорлівых і абыякавых у свабодных і актыўных, спрыялі росту грамадзянскай супольнасці. За гэта іх і “зачышчалі”. Адным з першых пад рэпрэсіі трапіў фонд “Дзецям Чарнобыля”: абвінавачанні ў анцідзяржаўнай дзейнасці, парушэнні ў аплаце падаткаў, вымаганне грошай ад замежнікаў і г.д. Некаторы час Генадзь і Ірына Грушавыя былі вымушаны жыць у Нямеччыне. Толькі падтрымка міжнароднай супольнасці вымусіла ўлады адступіць.
Восьмы транспарт з Вялікабрытаніі, агульным коштам 6645,93 фунтаў, прыбыў у нашу краіну ў верасні 1993 года. Груз прымалі Камітэт “БНФ “Дзеці Чарнобыля” ў Магілёве і Дзіцячы фонд “САКАВІК”. Было арганізавана шмат сустрэч у розных медыцынскіх установах. У бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лондане захоўваецца вялікі стос заявак ад розных арганізацый, у тым ліку ад НДІ Радыяцыйнай медыцыны, Інстытута аховы мацярынства і дзяцінства, Інстытута анкалогіі, Пасольства РБ у Лондане, Гематалагічнага цэнтра, Бальніц Хойнікаў, Гомеля, Магілёва, Шклова, Мінска і г.д.
Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі перасылаў гуманітарныя грузы і авіярэйсамі, так у снежні 1994 года быў пасланы на адрас ГА “САКАВІК” груз вагой 695 кг, коштам 1500,00 фунтаў, у лістападзе 1995 года агульны кошт лекаў склаў 3734,65 фунтаў, у красавіку 1996 года – 1258,50 фунтаў
У 1997 годзе была створана новая дзяржаўная ўстанова – Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці пры кіраванні справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая ўзяла пад строгі кантроль усю гуманітарную дзейнасць.
Выклікі ў пракуратуру, справа, якая была заведзена на мяне аддзелам цэнтральнай мытні па барацьбе з кантрабандай і наркотыкамі, парушэнні ў аплаце падаткаў і штрафы, візіты супрацоўнікаў КДБ, праверкі ўладных структур, тэлефонныя званкі з пагрозамі – усё гэта выпала на долю і нашай арганізацыі, Дзіцячага фонда “САКАВІК”. Часам хацелася спыніць дзейнасць арганізацыі, але падтрымка айца Аляксандра і яго добрыя словы дапамагалі працягваць працу.
Вось, напрыклад, словы з яго ліста:
Дарагая Марыя,
У гэты важны для Цябе дзень жадаю, каб ты заставалася такой, якой ёсць, толькі яшчэ больш добрай, разумнай, вясёлай, спагадлівай, заўсёды гатовай прыйсьці на дапамогу тым, хто ў патрэбе. Сёньня ахвярую сьвятую Літургію за Цябе, буду прасіць добрага Бога, каб захаваў Цябе на доўгія гады ў супакоі і здароўі, даючы спаўненне ўсіх Тваіх просьбаў і добрых намераў... а.Аляксандр.
Важным напрамкам дзейнасці Камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі стала арганізацыя аздараўлення беларускіх дзяцей у Вялікабрытаніі. Ужо ў 1991 годзе быў арганізаваны першы прыезд групы 60 беларускіх дзяцей, якія былі размеркаваны ў брытанскія сем’і. Выдаткі на білеты аплочваў Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі. Напрыклад, кошт білетаў для групы дзяцей з Магілёва ў 1993 годзе склаў 2044,50 фунтаў. Кожную групу дзяцей з Беларусі сустракаў у аэрапорце айцец Аляксандр Надсан.
Дзякуючы айцу Аляксандру былі ўсталяваны кантакты з асацыяцыяй каталіцкіх сем’яў у Валіі. У хуткім часе там паўстала дабрачынная арганізацыя “Victims of Chernobyl Childrens Fund”. Каталіцкая царква Святога Патрыка аб’яднала людзей, якія хацелі дапамагаць Беларусі”, а сам святар Father Hare увайшоў у склад заснавальнікаў арганізацыі, кіраўніцтва якой узяла на сябе Марсія Дойл. Так завязалася сяброўства Дзіцячага фонда “САКАВІК” з Марсіяй і Майклам Дойл, якое працягваецца ўжо больш за трыццаць гадоў. Вёску Калдыкот каля Ньюпарта ведаюць сотні дзяцей з Беларусі, якім пашчасціла паехаць на аздараўленне і адпачынак да ангельскіх бацькоў. Мама Марсія і тата Майкл не шкадавалі сіл каб зрабіць адпачынак беларускіх дзяцей цікавым і карысным для здароўя.
Кожны год з таго часу ў Беларусь сталі адпраўляцца канвоі з гуманітарнай дапамогай, якія збіралі і арганізоўвалі валійскія сябры і іх арганізацыя “Victims of Chernobyl Childrens Fund”. Грузы перадаваліся дзіцячым дамам і школам-інтэрнатам у Рэчыцы, Васілевічах, Бабічах, Івянцы, шпіталям Брагіна, Калінкавіч, Бялыніч, Магілёва і г.д. Не адзін раз Марсія і Майкл былі ў самых забруджаных рэгіёнах, нават у зоне адсялення за вайсковым кардонам і на мяжы з Украінай, на свае вочы бачылі пакінутыя хаты, закапаныя ў зямлю вёскі, кінутыя школы і дзіцячыя садкі.
Апошні канвой з гуманітарным грузам, які везлі Марсія і Майкл, не пусцілі на Беларусь. Прыйшлося шукаць месца для разгрузкі ў Польшчы. Але гэта здарэнне не спыніла дзейнасць арганізацыі. Марсія і Майкл сабралі каля 3000 фунтаў для правядзення рамонтных работ бальніцы ў г. Жыткавічы. У гэтым годзе сабралі 18000 даляраў для пабудовы вонкавага ліфта для дзяцей інвалідаў.
Айцец Аляксандр знайшоў для Дзічяцага фонда “САКАВІК” яшчэ аднаго партнёра з Вялікай Брытаніі – Джанет Вадамс з ангельскага гораду Рай. Царква Святой Марыі дапамагла знайсці сем’і для размеркавання беларускіх дзяцей. У гэтым прыгожым месцы мелі магчымачць пабываць на аздараўленні беларускія дзеці, мамы з хворымі дзецьмі. Былі праведзены медыцынскія кансультацыі, лячэнне і аперацыі ў ангельскіх шпіталях. Арганізацыя “Chernobyl Children Rye” таксама дапамагалі арганізацыі дзіцячых хоспісаў на тэрыторыі Беларусі.
У 2001 годзе хірургі Лонданскага шпіталю зрабілі аперацыю на сэрцы хлопчыку з Беларусі – Ігнату, які пасля аперацыі знайшоў часовы прытулак у айца Аляксандра. Дзякуючы дабрачынным арганізацыям Вялікабрытаніі і Нямеччыны была зроблена ўнікальная аперацыя ў Нямеччыне немаўляці з Жыткавічаў – Марыку, ад якога адмовіліся беларускія дактары і найстойвалі, каб маці зрабіла аборт.
Былі наладжаны стажыроўкі для беларускіх дактароў у Вялікабрытаніі і візіты брытанскіх медыкаў на Беларусь (аперацыя “Усмешка”, 1999 год).
Адзін з цікавых супольных беларуска-ангельскіх праектаў – стажыроўка беларускіх вучняў у ангельскіх школах. Складовай часткай праграмы было знаёмства з музеям і бібліятэкай імя Ф.Скарыны ў Лондане, дзе дзяцей гасцінна сустракаў айцец Аляксандр.
Адзін з цікавых супольных беларуска-ангельскіх праектаў – стажыроўка беларускіх вучняў у ангельскіх школах. Складовай часткай праграмы было знаёмства з музеям і бібліятэкай імя Ф.Скарыны ў Лондане, дзе дзяцей гасцінна сустракаў айцец Аляксандр.
У Вялікабрытаніі існуе і беларуска-ангельская дабрачынная арганізацыя “Celtic Cross”, якой кіруюць Джон і Марына Купер. Марына працавала намеснікам Дзіцячага фонду “САКАВІК”, удзельнічала ва ўсіх праграмах. У яе кватэры ў Мінску некалькі разоў спыняўся айцец Аляксанд Надсан, калі наведваў Беларусь. Пасля пераезду ў Вялікабрытанію Марына працягвае гуманітарную дзейнасць. Разам з мужам яна арганізоўвала адпачынак беларускіх дзяцей у сваім рэгіёне. Адзін з праектаў “Celtic Cross” – дапамога сацыяльным цэнтрам ў Брагіне і Камарыне Гомельскай вобласці.
Дзякуючы айцу Аляксандру ў Лондане адбылося знаёмства з прадстаўнікамі ірландскіх дабрачынных арганізацый. Такім чынам, пачалося плённае супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы з ірландскімі партнёрамі. Ірландскі манах Лім О’Мара ўжо 20 гадоў працуе на Беларусі, ён заснаваў і свой дабрачынный фонд з беларускай назвай “Добра тут”. У сферы дзейнасці Ліма – дзеці і дарослыя з цяжкімі псіхічнымі захворваннямі: рэканструкцыя і абсталяванне дамоў-інтэрнатаў, пабудова цэнтра для дзяцей-інвалідаў, пабудова дамоў для дарослых выхаванцаў дамоў інтэрнатаў, набыцце кватэр і жытла і г.д. Кожны год валанцеры з Ірландыі прыязджаюць у нашу краіну, працуюць у дамах інтэрнатах, праводзяць будаўнічыя і рамонтныя работы.
За гады сваёй працы Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі зрабіў шмат працы:
-
Пашырэнне ведаў пра Чарнобыльскую катастрофу ў Вялікабрытаніі і іншых краінах свету.
-
Непасрэдная перадача медыкаментаў і абсталявання ў чарнобыльскія рэгіёны і шпіталі.
-
Аб’яднанне прадстаўнікоў беларускай эміграцыі на Захадзе вакол ідэі дапамогі суайчыннікам і збор сродкаў.
-
Спрыянне арганізацыі брытанскіх дабрачынных фондаў і ініцыятыў для дапамогі Беларусі.
-
Падтрымка праграм аздараўлення беларускіх дзяцей у Вялікабрытаніі.
-
Распрацоўка праграм супрацоўніцтва брытанскіх і беларускіх медыкаў, арганізацыя медыцынскіх кансультацый і лячэння дзяцей у Вялікабрытаніі.
Наталля Гардзіенка ў кнізе”Беларусы ў Вялікабрытаніі” адзначала, што ініцыятарам стварэння Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі і чалавекам, на якога прыпаў асноўны цяжар працы, стаў менавіта айцец Аляксандр, без ахвярнай дзейнасці якога Камітэт не дасягнуў бы ў сваёй працы такіх вынікаў.
Марыя Міцкевіч,
старшыня ГА “Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння “САКАВІК”,
сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”